• Беларуская музыка на Захадзе?
  • 11.08.2006
Беларускія музычныя калектывы ўсё часьцей сталі выязджаць з канцэртамі ў заходнія краіны, сярод якіх першае месца займае, бясспрэчна, Польшча. Эўрапейскія гуказапісваючыя фірмы сталі сталым супрацоўнікам беларускіх музыкаў. Маладыя рок - гурты пачалі ўдзельнічаць у розных міжнародных фэстывалях. Але ці можна казаць пра папулярнасьць беларускай музыкі на Захадзе? На думку адмыслоўцаў, такая тэза пакуль што даволі сьмелая.

Нягледзячы на тое, што беларускіх музыкаў усё часьцей можна пачуць у заходніх краінах, самі музыкі ды іх прадусары схіляюцца да больш пэсэмістычных ацэнак.

Ёсьць шмат выпадкаў, калі ўраджэнцы зь Беларусі уваходзілі ў склад сусьветнавядомых гуртоў або наўпрост эмігравалі з краіны. Але пасьля выезду вельмі мала зь іх называе сябе беларускімі выканаўцамі.

Ускладняе сытуацыю й той факт, што ў Беларусі фактычна існуюць дзьве музычныя сцэны. Першая неафіцыйная, да якой належаць рок-музыкі ды выканаўцы стылеў хіп-хоп, рэп ці клюбнай музыкі. Другая сцэна – гэта выканаўцы, якія зьявіліся на экранах дзяржаўных тэлеканалаў пасьля аправеднага рашэньня прэзыдэнта, які зажадаў, каб у Беларусі існаваў свой шоў-бізнэс. Да яго належаць поп-музыкі, рэпэртуар якіх да болю нагадвае расейскіх выканаўцаў папулярнай музыкі.

На думку аднаго з мэнэджэраў беларускага шоў-бізнэсу, кіраўніка Беларускай музычнай альтэрнатывы, Віталя Супрановіча, сытуацыя ня выглядае аж такой фатальнай. На думку Супрановіча, папулярнасьць беларускіх музыкаў на Захадзе наўпрост залежыць ад іх клясы на Айчыне. А ў Беларусі, паводле ягоных словаў, стаўленьне да сваіх артыстаў жадае быць лепшым.

В. Супрановіч: Нельга адназначна казаць, што беларуская музыка непрысутная на Захадзе. Першы альбом Троіцы выдаваўся ў Галяндыі, Devation выдаваўся ў Францыі, „Ліцьвіны” ды Даньчык выдаваліся ў ЗША. Такія факты ёсьць, але мы, на жаль, не пра ўсе ведаем. Можа быць, гэта недастатковая прысутнасьць. Гэта, на маю думку, выклікана тым, што на Захадзе няшмат прадусараў зацікаўленыя папулярызацыяў беларускай музыкі. Але другая справа, што самі беларусы ня надта паважліва ставяцца да сваёй музыкі. Тады ўзьнікае пытаньне, чаму яна павінна быць папулярная на Захадзе? Трэба, каб найперш беларусы зьмянілі сваё стаўленьне да беларускай музыкі. Бо, калі беларусы будуць хадзіць на канцэрты, купляць кружэлкі сваіх музыкаў, то тыя будуць мець больш магчымасьцяў трапіць на Захад і палепшыць свой прафэсійны ўзровень.

Галоўнай праблемай беларускага шоў-бізнэсу зьяўляецца адсутнасьць вялізарных грашовых сродкаў, неабходных для добрай рэклямы гуртоў на Захадзе. За апошні час вядомыя некалькі выпадкаў гучаньня беларускай музыкі ў ратацыі замежных ФМ-станцыяў. Так, два гады таму менскі гурт “Атлянтыка” браў удзел у хіт-парадзе БіБіСі. На нямецкіх радыёстанцыях гучаў гурт Крыві, а на галяндзкіх - Троіца.

Але, на думку гітарыста НРМ, ды лідэра гуртоў Гарадзкія ды Піт Паф Піта Паўлава, такой зьявы, як беларуская музыка на Захадзе, увогуле не йснуе, а канцэрты ды плыты беларускіх выканаўцаў на Захадзе зьяўляюцца хутчэй выключэньнем з сытуацыі.

П. Паўлаў: Беларуская музыка на Захадзе не прадстаўлена наогул, зусім і ніякім чынам. Здараюцца выпадковыя канцэрты Троіцы, майго гурту, але, па вялікім рахунку, гэта нішто. Гэта сьведчыць аб узроўні цікаўнасьці да нашай краіны. Трэба выкарыстоўваць агульнавядомую тэхналёгію: браць самае лепшае з таго, што ёсьць у краіне, здымаць на гэта кліпы, і папулярызаваць гэта так, як гэта робіцца у Эўропе. Каб нашая музыка была папулярная на Захадзе, трэба, каб Захад даведаўся, што яна наогул існуе. Яна там не прадстаўлена.

Беларуская музыка можа быць папулярная на заходнім рынку толькі тады, калі такі працэс мы зможам назіраць у самой Беларусі. Пакуль жа такая пэрспэктыва бачыцца хутчэй змрочна, пакулькі існуюць неафіцыйныя чорныя сьпісы гуртоў, якім непажадана гучаць на радыё. А для таго, каб зайграць канцэрт музыкі маюць атрымаць адпаведную ліцэнзію на канцэртную дзейнасьць. Хаця, нават калі яны яе й атрымаюць, то ніколі невядома, што менавіта ў той момант міліцыя не захоча шукаць нібыта закладзенай у залі бомбы, а пажарнікі не апячатаюць Дома культуры, у сувязі з магчымым самаразбурэньнем будынку.

Дзьмітры Гурневіч