• Пляны навучаньня кітайскай мовы ў Беларусі
  • 12.08.2006
Беларусь і Кітай досыць актыўна разьвіваюць двухбаковае супрацоўніцтва. Гэта датычыць як палітычна-эканамічнай галіны, гэтак і культурніцкай сфэры. 21 чэрвеня ў БДУ быў падпісаны пратакол пра намер супрацоўніцтва паміж БДУ ды Канцэлярыяй Кітайскай Народнай Рэспублікі па распаўсюджваньні кітайскай мовы за мяжою. Плянуецца стварыць Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя ў Менску.

Кітайска-беларускія культурніцкія кантакты сягаюць 50-х гадоў мінулага стагодьдзя. У савецкія часы ў Менску адбываліся канцэрты ансамблю маладых кітайскіх выканаўцаў, артыстаў Шанхайскага тэатру, Пэкінскай музычнай драмы. Асабліва багатым на падзеі стаўся 1959 год, калі ў беларускай сталіцы дэманстравалася выстава твораў маладых мастакоў Кітаю, выстава кітайскай кнігі й тыдзень кітайскай музыкі ды кіно.

Беларускія творцы вельмі часта выкарыстоўвалі кітайскую тэматыку ў сваіх творах. Беларускі мастак С. Сэліханаў у 1956 годзе стварыў сэрыю з 36 скульптураў прысьвечаных Кітаю. У Кітаі бывалі беларускія пісьменьнікі Алесь Адамовіч, Лідзія Арабей, кампазытар Дзьмітры Лукас. У Шанхаі па-кітайску выдаваліся зборнікі твораў Івана Шамякіна, п’есы Кандрата Крапівы, а таксама паэзія Янкі Купалы. У сваю чаргу па - беларуску выйшла 13 кнігаў кітайскіх аўтараў, сярод якіх творы Лу Сіня, Ло Даня й Чжоў Лібо.

У гэтым годзе ў Беларусі быў выдадзены буквар кітайскай мовы для 1 клясы. Гэтае выданьне зьяўляецца пакуль экспэрымэнтальным, па выніках якога будзе дадзеная ацэнка ці варта вучыць беларускіх дзяцей кітайскай мове. У новым навучальным годзе кітайскую пачнуць вывучаць навучэнцы менскіх гімназыяў N 12 і 23, а таксама школы N 10. Выкладаць мову будуць выпускнікі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

Кіраўнік Беларукага Калегіюму Алесь Анціпенка перакананы, што супрацоўніцтва з Кітаем для Беларусі карыснае й патрэбнае, бо яно можа ў будучым прынесьці вялікія эканамічныя дывідэнты.

А. Анціпенка: Я лічу, што гэта добра. Зараз абсалютна відавочна, што ўлады імкнуцца да эканамічнай мадэрнізацыі. Доказам гэтага ёсьць ідэя "Сыліконавай даліны". Я думаю, што менавіта зараз адносіны з Кітаем дыктуюцца гэтымі інтарэсамі мадэрнізаыі й дынамізацыі. Да таго ж ёсьць праблемы ў адносінах з Эўропай, і праблемы відавочна будуць павялічвацца з Расеяй. Я думаю, што ўсё тое, што зьяўляецца эканамічна мэтазгодным не павінна быць скрытыкавана, нават калі гэта робіцца людзьмі, якія далёкія ад дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Ці зацікаўленае беларускае грамадзтва ў вывучэньні кітайскай мовы ды культуры? Анціпенка лічыць, што сярод інтэлігенцыі такое зацікаўленьне ёсьць.

А. Анціпенка: Я ня думаю, што трэба гаварыць пра беларускае грамадзтва цалкам. Напэўна, можна казаць пра інтэлектуальную супольнасьць краіны. І гэта вельмі важна, што беларуская культура будзе мець больш адносінаў са старажытнай кітайскай традыцыяй. Я думаю, што знаёмства з кітайскай культурай - гэта вельмі станоўчы знак.

Станоўчую ацэнку культурніцкім адносінам паміж Кітаем ды Беларусьсю дае культуразнаўца Юрась Барысевіч. Аднак ён непакоіцца, што арыентацыя Беларусі выключна на Кітай можа яшчэ больш ізаляваць Беларусь. У гісторыі такі факт вядомы на прыкладзе Альбаніі.

Ю. Барысевіч: Кітай можа стацца нашым галоўным стратэгічным партнэрам, магчыма нават пацясьніўшы з гэтага месца Расею. І Беларусь можа апынуцца ў тым стане ў якім калісьці жыла Альбанія, якая моцна сябравала з Кітаем, а ад астатняга сьвету абмежавалася. Мы ведаем з гісторыі, што жыцьцё там было ня надта шчасьлівае. Не хацелася б каб такая сытуацыя паўтарылася ў Беларусі. А да самой кітайскай культуры і эканомікі я стаўлюся з павагай. Я за разьвіцьцё сувязяў і ў тым ліку за вывучэньне кітайскай мовы ў Беларусі, бо на ёй была створана вялікая паэзія, вялікая філязофія. Спадзяюся, што і ў Кітаі будуць вывучаць беларускую культуту. Сярод інтэлектуалаў і сярэдняй клясы ёсьць такое зацікаўленьне. Паэты, філёзафы, мае знаёмыя ды й я сам здаўна чытаем
кітайскія тэксты, і яны ўплываюць на тое, што пішам мы. Інтэлігенцыя й бізнэсоўцы зараз займаюцца сыстэмай Фэн Шуй, альбо нейкімі аздараўленчымі кітайскімі сыстэмамі. Натуральна, што мы ўплываем адзін на аднаго.

Лічыць Юрась Барысевіч.

Дадам, што ў Кітаі плянуецца адчыніць філію Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны на базе пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў горадзе Сюйчжоў, зь якім гмельскую ВНУ зьвязвае дзесяцігадовая супраца. Правучыўшыся два гады ў філіі гомельскай ВНУ ў Сюйчжоў кітайцы змогуць працягнуць навуку ў Беларусі адразу з трэцяга курсу.

Дзьмітры Гурневіч