• Угодкі Крэўскай вуніі
  • 14.08.2006
Сёньня спаўняецца роўна 621 год з дня падпісаньня Крэўскай вуніі, так званай дамовы паміж Вялікім Княствам Літоўскім ды Польскім каралеўствам. Вунія была замацаваная на моцы шлюбу паміж вялікім князем літоўскім Ягайлам ды польскай каралевай Ядзьвігай і мела на мэце супрацьстаяньне зьнешняй небясьпецы абедзьвух краінаў.

Крэўская вунія значна зблізіла Польскае каралеўства і ВКЛ. У наступных стагодьдзях гісторыю абедзьвух краінаў вызначала менавіта яна. Перамога над крыжакамі пад Грунвальдам была б немагчымай без узгодненных супольных дзеяньняў ліцьвінаў і палякаў.

Акрамя палітычнага выніку заключэньня вуніі значную ўвагу мае й рэлігійны аспэкт. У 1386 годзе Ягайла прыняў каталіцкі хрост узяўшы імя Уладзіслаў і быў каранаваны, паклаўшы тым самым пачатак дынастыі Ягелонаў. Адначасова Ягайла паабяцаў ахрысьціць усіх ліцьвінаў, якія вызнавалі язычніцтва.

Пра вынікі Крэўскай вуніі для гістарычнай дзяржавы сёньняшніх беларусаў распавядае праграмны каардынатар гісторыка-культурнай установы “Полёніца– Літгуаніца” Алесь Стральцоў- Карвацкі.

А. Стральцоў-Карвацкі: Пазытыўным вынікам Крэўскай вуніі была хрысьціянізацыя той часткі насельніцтва Літвы, якая яшчэ заставалася ў паганскіх веравызнаньнях. У гэтым сэнсе так званы першы хрост атрыманы з Бізантыі празь Кіеў натуральна не ахапіў усяго насельніцтва нашых тэрыторыяў. Гэты другі хрост, які быў ажыцьцёўлены Ягайлам, быў на моцы Крэўская вуніі. Узамен за шлюб зь Ядвігай і ўзамен за польскую карону ён абавязаўся прыняць хрост разам са сваімі літоўскімі падданымі й адпаведна хрысьціць усю літоўскую й рускую, як тады казалі, зямлю. Іншымі, але, магчыма, другаснымі вынікамі заключэньня вуніі для ВКЛ было тое, што гэтая вунія дазволіла Літве лічыцца часткай Эўропы. Бо да гэтага Літва не ўспрымалася яе часткаю. Польшча ўжо даўно да гэтага была прызнаная часткаю Эўропы, такім чынам шляхам гэтай вуніі мы фактычна селі ў апошні вагон гэтага эўрапейскага цягніка. Пазытыўным таксама зьяўляўся культурны аспэкт. На Літву прыходзіла заходняя культура, бо раней не прыходзілася казаць пра далучанасьць Літвы да лацінскай культуры. Яна спатыкалася ў сваёй гісторыі перад гэтым толькі з крыжацкім ордэнам, але гэтае сутыкненьне мела сілавы характар. Пра культурны абмен, у глыбокім сэнсе, тады не магло быць гутаркі. Зараз жа пры пакаёвым узаемадзеяньні паміж Каронай польскай і Літвой гэты культурны абмен набыў вялікі культурны поступ.

Аднак немагчыма прамінуць увагай і тыя негатыўныя вынікі, якія прынесла заключэньне Крэўскай вуніі. Гісторык Аляксандар Краўцэвіч лічыць, што прывеліяванае становішча каталікоў ды гвалтоўны хрост праваслаўных у каталіцтва паклалі пачатак канфлікту, які пазьней неаднаразова выкарыстоўвала Масква.

А. Краўцэвіч: Я бачу галоўны негатыўны вынік гэтай вуніі ў канфлікце вымярэньняў сутнасных і храналягічных. Адразу завастрыўся палітычны канфлікт паміж Вітаўтам і Ягайлам. Калі да гэтага часу гэта была барацьба двух прэтэндэнтаў на вяліканяскі стол, то цяпер гэта была барацьба за незалежнасьць краіны, якую ўзначаліў і выкарыстаў Вітаўт. Другі негатыўны вынік - гэта ўпрывілеяванае становішча каталіцтва. Ягайла хрысьціў не толькі паганцаў-ліцьвінаў, але й праваслаўных, каторыя жылі ў зьмешанай зоне гэтага балта-славянскага насельніцтва. Ён хрысьціў гвалтоўна й праваслаўных, пра гэта сьведчаць дакумэнты. Гэты канфэсыйны канфлікт пераўтварыўся ў цывілізацыны канфлікт, які потым выкарыстала Масква. Калі ў 15 ст. распачалася актыўная маскоўская агрэсія, Масква вельмі ўмела выкарыстоўвала гэтае прыніжанае становішча беларускай праваслаўнай арыстакратыі. Гэта стратэгічнае вымярэньне канфлікту. І ўвогуле імкненьне зрабіць каталіцтва дзяржаўнай рэлігіяй прывяло да шматвекавога канфлікту.

Доктар Краўцэвіч лічыць, што вунія стварыла прадумовы для таго, каб у наступныя стагодьдзі палякі ўпаміналіся пра “свае” землі й на гэтай падставе праводзілі палянізацыю.

А. Краўцэвіч: Далучэньне Вяліка Княстава да Польскага каралеўства стварыла прэцыдэнт і ідэалягічную ды гістарычную падставы для польскай экспансіі ў наступныя стагодьдзі, аж да найноўшага часу. У часы Люблінскай вуніі палякі спасылаліся, што, маўлаў, яшчэ тады ВКЛ было ўцеленнае ў Польшчу. І ў 20 ст., калі Польшча прэтэндавала на былыя землі ВКЛ, былі спасылкі на гэтую вунію.

Безумоўна, што у шматлікіх гістарычных падзеях ёсьць свае плюсы й свае мінусы. Гэта гістарычная заканамернасьць і яе наўрад ці ўдасца каму-небудзь пазьбегнуць. Аднак немагчыма аспрэчыць рэлігійна-культурнага значэньня, якое прынесла ВКЛ заключэньне вуніі з Польскай Каронай. Менавіта Крэўская вунія была для Вялікага Княства вакном у Эўропу, дзе на працягу стагодьдзяў ВКЛ было наймагутнейшай дзяржавай.

Дзьмітры Гурневіч