• А. Пачобут ізноў на допыце
  • 17.08.2006
Ужо чарговы раз гарадзенскія сьледчыя ворганы цікавяцца крыніцамі фінансаваньня польскамоўнага часопісу „Magazyn Polskі”,выдавецтвам якога займаецца няпрызнаваны афіцыйнымі ўладамі Саюз Плякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. З гэтае нагоды галоўны рэдактар часопіса Андрэй Пачобут быў выкліканы на допыт у Ленінскі РАЎС Горадні.

А.Пачобут: У сераду мяне выклікалі ў аддзел па барацьбе з гаспадарчымі злачынствамі. У павестцы было зазначана,што мяне выклікаюць у якасьці сьведкі. З таго я зрабіў выснову, што ўзбуджаная нейкая крымінальная справа. Калі я прыйшоў на допыт, то першае пытаньне, якое мне задаў сьледчы, было пра тое, дзе выдаецца й кім фінансуецца "Magazyn Polski". Я адмовіўся на яго адказваць. Другое пытаньне было сфармулявана так: ці перадавалі мне польскія журналісты грошы на тое, каб я заплаціў
штраф? На гэтае пытаньне я таксама адмовіўся адказваць у сувязі з тым, што гэтыя зьвесткі могуць быць выкарыстаныя супраць мяне. Такая вось сытуацыя. Чаму цяпер гэта актывізавалася, мне цяжка сказаць. На апошніх двух нумарах часопіса "Magazyn Polski" пазначана, што яны выдаюцца са сродкаў Польскага Сэнату. Магчыма, што пад такім кутом трэба разглядаць цікавасьць беларускіх спэцслужбаў да фінансавых справаў часопісу.

Напрамую гэтыя пытаньні не прагучалі?

А.Пачобут: Мне задалі пытаньні: хто фінансуе, дзе выдаецца й гэтак далей. Прапанавалі пра ўсё шчыра распавесьцьі, тады гэта палегчыць маю сытуацыю. Я разумею, што гэта такое й традыцыйна не размаўляю з беларускімі спэцслужбамі. Мяне запрасілі ў якасьці сьведкі, але з пытаньняў вынікала, што я знаходжуся ў якасьці абвінавачанага. Бо сьведка - гэта той, хто нешта бачыў ці можа нешта ведаць па дадзенай справе. А пытаньні датычылі непасрэдна мяне, а інфармацыя з маіх адказаў тэарэтычна нават можа быць выкарыстаная супраць мяне. На такія пытаньні ніхто не абавазяны адказваць і сьведчыць супраць сябе. Гэта й у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана й у крымінальна-працэсуальным кодэксе. Таму я скарыстаўся сваім правам і адмовіўся даваць паказаньні.

Ці будзе ўзбуджацца новая справа, ці гэта, так сказаць, „атаграваньне” нейкай старой справы?

А.Пачобут: Мне сказаў сьледчы, што па мне з нейкай крымінальнай справы вылучаная асобная справа. Цяжка мне сказаць, што гэта значыць. На стале ў яго ляжала дастаткова тоўстая папка, там былі матэрыялы адносна справы, якую ён расьледуе. З таго я раблю выснову, што ёсьць нейкая крымінальная справа. Калі б я даваў паказаньні, то, магчыма, мог бы нешта болей ведаць, а так нашая сустрэча вельмі хутка скончылася .

Адкуль зноў такая зацікаўленасьць вашаю дзейнасьцю?

А.Пачобут: Справа ў тым, што прайшоў амаль год ад Ваўкавыскага зьезду. Па сутнасьці, праўладны Саюз Палякаў абсалютна збанкрутаваў. Ён ня мае абсалютна ніякай падтрымкі з боку польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. З іншага боку, нашая арганізацыя ў падпольных умовах існуе, дзейнічае. Няма тыдня, каб не адбывалася нейкая імпрэза ці сустрэча. І таму ўлады спрабуюць неяк ці то запалохаць нас чарговы раз, ці рыхтуюць больш глябальную правакацыю. Таму што мы ўвесь час атрымліваем такія сыгналы, што беларускія спэцслужбы вельмі пільна адсочваюць усю нашую дзейнасьць і таксама адбываюцца спробы запалохаць людзей.

Дарэчы, летась Андрэй Пачобут быў аштрафаваны на 2 500 даляраў за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў абарону газэты “Głos znad Niemna”. Каб сабраць тайкую суму, журналісты польскай грамадзкай тэлевізіі – аддзелу ў Лодзі, правялі акцыю збору сродкаў, каб дапамагчы калезе.

Караліна Русіновіч