• Усе ліцэісты паступілі ў ВНУ
  • 21.08.2006
Усе сёлетнія выпускнікі гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ня толькі ў Беларусі, але й за мяжу. Адметнаю рысаю зьяўляецца тое, што, нягледзячы на складаныя ўмовы навучаньня, сёлетнія абітурыенты паказалі вельмі высокі ўзровень ведаў.

Сёлета выпускнікі паступілі вельмі пасьпяхова, - ганарыцца дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас.

Ўл. Колас: Можна сказаць, экзамены ў ВНУ нашыя абітурыенты здалі надзвычай пасьпяхова. Палова зь іх засталася ў Менску, а астатнія прыехалі ў Польшчу. Большасьць атрымалі мэтавыя ліцэйскія стыпэндыі. Тры асобы паехалі вучыцца па стыпэндыях Каліноўскага – гэта леташнія выпускнікі. Большасьць з тых, хто паступіў ва ўнівэрсытэты Беларусі, будзе вучыцца ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. Бал, які яны набралі, таксама вельмі адмысловы. Для таго, каб паступіць, дастаткова было набраць 23 балы ў сярэднім, і далёка ня ўсе набралі такую колькасьць балаў. А нашыя навучэнцы набралі 34. Гэта сьведчыць пра ўзровень ведаў, які дае ліцэй. Паступілі на філфак, паступілі на гістарычны факультэт, на юрыдычны, сацыялёгію. Таксама паступілі ва ўнівэрсытэт замежных моваў, а нават у радыётэхнічны ўнівэрсытэт на інфарматыку й палітэхнічны, нягледзячы на тое, што мы робім ухіл на гуманітарную адукацыю. Вынікі я лічу бліскучымі, асабліва ўлічваючы тыя ўмовы, у якіх мы знаходзімся. І тут з удзячнасьцю яшчэ раз трэба сказаць пра нашых польскіх сяброў, пра тое, што мы мелі магчымасьць праводзіць заняткі падчас летніх сэсіяў.

Трэба ўзгадаць, што тры гады таму Міністэрства Адукацыі зьліквідавала ліцэй і пазбавіла будынку на вуліцы Кірава. Аднак жа ліцэй працягвае дзейнічаць. Дарэчы, сёлета жадаючых вучыцца ў ліцэі было вельмі шмат. Паводле конкурсу – 2,5 асобы на адно месца, - паведаміў спадар Ул. Колас.

Ўл. Колас: У прынцыпе, мы знаходзімся ў цяжкіх умовах, і ўсе гэта ведаюць. Але нягледзячы на гэта, сёлета быў найбольшы конкурс у ліцэй. І я магу сказаць, што далёка ня ўсе жадаючыя паступілі. Мы сапраўды набралі абітурыентаў ліцэйскага ўзроўню, і нават тыя нашыя ліцэйскія вэтэраны занепакоіліся ды пачынаюць цягнуцца. Таму што сапраўды прыйшлі вельмі добрыя, моцныя дзеці, і адчуваецца такая добрая канкурэнцыя, якая й была заўсёды ў ліцэі.

У інтэрвію для Радыё Палёнія спадар Колас дадаў, што ў адміністрацыйным пляне, на жаль, нічога ня зьменіцца, і ліцэй надалей працягне працу ў падпольных умовах. А шкада, бо такіх вынікаў у навучаньні можа пазайздросьціць кожная добраабсталяваная школа.

Караліна Русіновіч