• Энцыкляпэдыя беларускай музыкі
  • 22.08.2006
Некалькі месяцаў таму ў недзяржаўным выдвецтве “Мэдысонт” пабачыла сьвет унікальная кніга прысьвечаная беларускай музычнай сцэне - “222 альбомы беларускай рок-музыкі й ня толькі... “. Крытыкамі кніга ўжо была названая энцыкляпэдыяй сучаснай беларускай рок-сцэны. У ёй распавядаецца пра ўсе вядомыя альбомы беларускіх выканаўцаў за апошнія гады.

Аўтарамі выданьня, якое налічвае 400 старонак, зьяўляюцца музычныя журналісты Вітаўт Мартыненка ды Анатоль Мялгуй. Менавіта Мартыненка й Мялгуй ў 1989 годзе былі аўтарамі першай кнігі, прысьвечанай беларускай музыцы “Праз рок-прызму”. Кніга была выдадзеная намаганьнямі выдавецтва Беларускага інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку. Цяперашняе выданьне зьяўляецца працягам той працы. Адзін з аўтараў кнігі Вітаўт Мартыненка распавядае пра ідэю стварэньня гэтага выданьня й тлумачыць назву кнігі.

В. Мартыненка: Гэта была ідэя нашага прадусара Супрановіча, які прачытаў першую кнігу і ўгаварыў нас напісаць наступную. Гэта кніга была канцэптуальна больш прадуманай. Першая кніга - гэта быў проста збор артыкулаў, інтэрвію, рэцэнзіяў. Калі мы пісалі першую кнігу, то не было ніводнага альбому. Усё, што было ў беларусаў - гэта чатыры вінілавыя дыскі Даньчыка, пару дыскаў у Польшчы й Чэхіі Забэйды-Суміцкага. У Беларусі ж былі "Верасы", "Песьняры", "Сябры". "Верасы" і "Сябры" былі татальнымі здраднікамі роднай мовы. У нас такі прынцып: якая мова, такая й культура. Нашым крытыкам трэба даказваць, што прапіска - гэта не самае важнае ў культуры. Напрыклад, калі гурту "Бонда" першы раз дазволілі выехаць за мяжу, яна выступала ў Варшаве, Гайнаўцы й Беластоку. На разагрэве была ўкраінская каманда "Воплі Відаплясава". Усе думалі, што гэта за такія пацаны прыехалі й выступаюць. А чым цяпер ёсьць "Воплі Вядаплясава" для ўсяго СНД? Гэта славутая каманда. А дзе Бонда? Вось так беларусы ставяцца да сваіх талентаў. Беларусы топчуць таленты. Глябальна, па ўзроўню, нічога не зьмяніласа з тае пары, якасьць запісу стала большая, ўкладаецца больш грошаў у беларускую музыку.

Распавёў адзін з аўтараў кнігі «222 альбомы беларускага року й ня толькі...» Вітаўт Мартыненка.

Аўтар прадмовы да кнігі, кіраўнік Беларускай музычнай альтэрнатывы, Віталь Супрановіч, сярод каштоўнясьцяў для чытача ў кнізе называе шырокі абсяг тэматыкі, а таксама больш чым 15-цігадовы адрэзак жыцьця беларускай музычнай сцэны.

В. Супрановіч: У нас увогуле вельмі мала літаратуры пра беларускую музыку. Дакладней, яе практычна ўвогуле няма. На сёньняшні дзень адзіным выданьнем зьяўляецца менавіта гэтая кніга. Кніга каштоўная тым, што яна распавядае пра альбомы, якія выходзілі ў шмат якіх краінах сьвету. Многія беларусы нават ня ведаюць, што беларускія дыскі выдаваліся ў ЗША, Канадзе, ва Ўкраіне, у Чэхіі. Акрамя дыскаў, там ёсьць расповеды пра гурты. Гэта энцыкляпэдыя беларускага року. Прачытаўшы, яе можна адсачыць усю гісторыю беларускай музыкі - ад пачатку яе заснаваньня да нашых дзён.

Выданьне зьмяшчае друкаваныя ў замежнай ды беларускай прэсе артыкулы пра беларускую музыку за пэрыяд 1990-2005 гг. Кніга ні ў чым не паўтарае папярэдняга выданьня «Праз рок-прызму». Варта таксама ўзгадаць, што кніга была выдадзеная пры дапамозе Беларускай рэдыкцыі Польскага радыё.

Дзьмітры Гурневіч