• "Беларуская фабрыка думак" зьліквідаваная
  • 22.08.2006
Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў грамадзянскае аб'яднаньне "Беларуская фабрыка думак". Галоўнай прычынай ліквідацыі стаўся факт, што аб'яднаньне зарэгістравана ў прыватнай кватэры.

Пасьля таго як Беларусь стала незалежнаю дзяржаваю, на прыканцы 1991- пачатку 1992 гадоў разам з палітычнымі партыямі, незалежнай прэсай пачалі ўзьнікаць незалежныя цэнтры сацыяльных дасьледваньняў. Аднак пасьля рэфэрэндума ў кастрычніку 1996 году дзяржава пачала негатыўна адносіцца да грамадзкіх арганізацыяў. Узьнікла патрэба аб'яднаньня сілаў для далейшай дзейнасьці. Цэнтры сацыялягічных дасьледваньняў не былі выключэньнем. 15 незалежных цэнтраў дамовіліся аб'яднаць свае сілы, і ў чэрвені 1997 году была створана Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя "Беларуская фабрыка думак" зь лёзунгам "Прафэсыяналізм і грамадзянская адказнасьць."

Каардынатар працы цэнтру Алег Манаеў кажа, што ўлада ўспрымала дзейнасьць арганізацыі не як пэўную дапамогу, але як канкурэнцыю. Паступова дзяржава пачала ставіцца да "Беларускай фабрыкі думак" як да варожай арганізацыі, паколькі погляд грамадзтва на розныя справы ў дзяржаве ўсё больш адрозьніваўся ад інтэрпрэтацыі гэтых праблем дзяржаваю.

У мінулым годзе пачаліся канкрэтныя крокі з боку дзяржавы, накіраваныя на ліквідацыю „Фабрыкі думак”. Расказвае Алег Манаеў:

А. Манаеў: У мінулым годзе, пасьля таго, як быў зачынені НІСЭПІ і яшчэ некалькі арганізацыяў, якія ўваходзілі ў склад Фабрыкі, у аб'яднаньня зьявіліся розныя складанасьці. Да мяне пачалі прыходзіць лісты зь Міністэрства юстыцыі з рознымі прэтэнзіямі. Галоўная зь іх, ужо "традыцыйная", датычыла адрасу арганізацыі, гэта была прыватная кватэра. У студзені бягучага году адбылося першае паседжаньне суду, дзе было прынята рашэньне прыпыніць нашую дзейнасьць. Стала зразумела, што нас зачыняць. Асаблівасьць ліквідацыі "Фабрыкі думак" у тым, што рашэньне было прынята бяз нашага ведама. На самым судовым паседжаньні не было ніводнага нашага прадстаўніка. Я вярнуўся з водпуску, і ў паштовай скрынцы знайшоў паведамленьне. Гэта гаворыць пра тое, што сёньня ціск на грамадзскія арганізацыі перайшоў у новы этап. Бо на судзе павінны быць тры бакі, а сёньня трэці бок, гэта значыць мы, не патрэбныя.

Што нам застаецца? У такой сытуацыі няма сэнсу даказваць свае правы. Паколькі ўжо існуюць антыюрыдычныя законы, якія абмяжоўваюць правы грамадзянаў. А па-другое, мы бачым на розных прыкладах, як выглядае нашая судовая сыстэма. Яна заўсёды прымае рашэньне на карысьць іншых дзяржаўных установаў.


Юрыст з праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч кажа, што ў выпадку "Беларускай фабрыкі думак" нічога нельга зрабіць, рашэньне Вярхоўнага суду амаль немагчыма адмяніць.

В. Стэфановіч: Рэспубліканскія грамадзкія аб'яднаньні ліквідуюцца паводле рашэньня вярхоўнага суду, які зьяўляецца вышэйшаю інстанцыяй у Беларусі. Адзіная магчымасьць - гэта скарга на імя старшыні Вярхоўнага суду альбо генэральнаму пракурору Беларусі. Але гэта бэзсэнсоўная страта часу, яна мае сэнс толькі тады, калі кіраўніцтва арганізацыі мае намер падаваць скаргу ў камітэт ААН па правах чалавека. Але не для таго Вярхоўны суд прыняў рашэньне, каб старшыня яго адмяніў. Я ня памятаю такіх выпадкаў.

Грамадзянская арганізацыя "Беларуская фабрыка думак" намерваецца працягваць сваю дзейнасьць. Яна будзе надалей праводзіць незалежныя дасьледваньні, а вынікі прадстаўляць грамадзтву, каб яно разумела, што адбываецца ў краіне й па-за яе межамі. Алег Манаеў падкрэсьлівае, што дзеячы Фабрыкі будуць шукаць іншыя формы вядзеньня сваёй дзейнасьці.

Алена Пытэль