• Актывісты СПБ на лаве падсудных
  • 22.08.2006
Пасьля перапынку пачалася другая частка судовага паседжаньня, на лаве падсудных якога апынуліся актывісты непрызнаванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут і Мечыслаў Яськевіч. Яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве, а дакладнаей, у перашкодзе здымаць апэратару мясцовай тэлевізіі падчас ушанаваньня 15 жніўня памяці загінулых ад савецкай агрэсіі 1939 году польскіх жаўнераў на могілках ў Гародні. Непасрэдна з залі суду пра актуальную сытуацыю распавёў нам прадстаўнік Беларускага Хэльсінскага Камітэту Раман Юргель, які зьяўляецца незалежным назіральнікам на працэсе.

Р. Юргель: Адносна паседжаньня: я хачу падкрэсьліць, што гэта самы сапраўдны фарс. Вось толькі хлопцаў шкада, што рэжым так жорста з імі распраўляецца. Гэта самая сапраўдная помста за іх стаўленьне да рэжыму.

Увесь час адбываецца допыт сьведкаў. Сёньня перад перапынкам паказаньні давала старшыня непрызнаванага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс. З боку польскай дыпляматыі за судом назірае консул Генэральнага консульства Рэчы Паспалітай у Гародні Зофія Шмыд. У інтэрвію для Радыё Палёнія янa падркрэсьліла, што, нягледзячы на тое, што ўвесь час суддзя спрабуе весьці працэс згодна з прынцыпамі дэмакратычнай дзяржавы, то усё выглядае як вялікі фарс.

Зофія Шмыд: Сьведкі, выкліканыя на судовы працэс, адначасова зьяўляюцца пакрыўджанымі. Гэта тэлеапэратар і журналіст. Яны ўвогуле не гавораць пра тое, што напісана ў лісьце старшыні гарадзенскай тэлевізіі. Больш таго, тэлеапратар паведаміў , што ня бачыў Пачобута й Яськевіча на могілках. І гэта супярэчыць таму, што напісаў у заяве старшыня тэлевізіі, а пад чым ён асабіста падпісаўся. Што цікава, тэлеапэратар сказаў у судзе, што аддаў тэлевізіі касэту, на якой быў зусім іншы відэазапіс, а не той , які прадстаўлены ў судзе. На касеце, якую ён пакінуў у тэлевізіі, не было запісу з сілавым умяшальніцтва з боку спадароў Яськевіча ці Пачобута.

Сёньня праслухоўваюцца сьведкі з боку абвінавачаных, а гэта 19 асобаў. Суддзя спачатку ўвогуле не хацела дапытваць усіх і ўвесь час пытала абароннцаў, навошта так шмат. Але згодна з законам, абвінавачаныя маюць права прадставіць любую колькасьць сьведкаў.

Паводле словаў спадарыні Шмыд, у суду паявілася вельмі сур`ёзная праблема.

Зофія Шмыд: Сьведкі з боку абвінавачваньня вельмі блытаюцца ў сваіх паказаньнях. Тым больш, што ніводны сьведак не падцьвердзіў, што спадар Яськевіч сябе кепска паводзіў, альбо што прынамсі ім перашкаджaў. А гэта сьведчыць пра беспадстаўнае затрыманьне грамадзяніна й пазбаўленьне яго волі. За гэта прадбачана кампэнсацыя за маральную крыўду. Ці сапраўды яны атрымаюць кампэнсацыю, цяжка сказаць.

У сувязі з тым, што існуе неабходнасьць праслухаць усіх сьведкаў, ня выключана, што сёньня абвінавачаныя не пачуюць прысуду.

Караліна Русіновіч