• У Менску паставяць помнік Г. Жукаву
  • 23.08.2006

У наступным годзе ў Беларусі будзе пастаўлены помнік маршалу Савецкага Саюзу Георгію Жукаву. Зь ініцыятывай выступілі Менскі гарвыканкам і Беларускі аддзел міжнароднага грамадзкага фонду ймя Г.Жукава.

Справа помніка Георгію Жукаву ў Беларусі ўспрымаецца неадназначна. Многія лічаць, што беларускі народ мае дастаковую колькасьць уласных герояў, якіх трэба ўшанаваць.

Архітэктар Уладзімір Папруга мяркуе, што постаць Георгія Жукава не заслугоўвае такой ўвагі, а справа сьведчыць пра тое, што Беларусь зноў вяртаецца да ідэалаў савецкага часу:

У. Папруга: У дадзены момант для Беларусі гэта не найважнейшае пытаньне. Але я хачу ведаць, хто гэта будзе фінансаваць. Калі гэта дзяржаўны бюджэт, то я б не згадзіўся. Калі гэта грамадзкая ініцыятыва, напрыклад, вэтэраны, БРСМ, то калі ласка, стаўце. Мае асабістыя адносіны да падобных ініцыятываў адназначныя. Я разглядаю гэта як акупацыйны рэжым з усімі яго наступствамі. Чаму мы павінны ставіць яму помнік? Ён фармальна да гісторыі Беларусі ня меў ніякага дачыненьня. Ужо сам праспект Жукава зьяўляецца дастатковым помнікам. Перамога савецкіх войскаў над нямецкімі акупантамі дастаткова ўвекавечана, а нават пераўвекавечана. Я ня ведаю, ці варта ставіць помнік Жукаву. Я прыватна стаўлюся да гэтага адмоўна.

Супярэчлівасьці ў беларускім грамадзтве выклікае ня толькі справа помніка, але й сама постаць Георгія Жукава, які ў грамадзтве пераважна вядомы выключна з дадатнага боку.

Апавядае гісторык Ігар Кузьняцоў:

І. Кузьняцоў: Гэта ініцыятыва вэтэранаў, якая ўзьнікла 3-4 гады таму. Паводле іх, Жукаў – выбітная постаць Савецкага войска. Ён служыў на Беларускім ваенным фронце, у знак удзячнасьці вэтэраны вырашылі, што трэба яму паставіць помнік. Можна задаць пытаньне: чаму Жукаў, а не хто-небудзь са знакамітых беларускіх камандзіраў? Гэта можна параўнаць да ўзнаўленьня сталінскай гісторыі ў Беларусі. Гэта звычайнае аднаўленьне савецкіх сымбалеў. Усе кнігі, якія выдаюцца апошнім часам, прадстаўляюць Жукава як палкаводца савецкага стылю. Гэта значыць, што ён, таксама як і Сталін, адказны за паразу на пачатку Другой усясьветнай вайны. Ні пра гэта, ні пра тое, што з-за некампэтэнтнасьці Жукава на палях змаганьняў загінулі сотні заўнераў, ніхто ня кажа. Таму, калі ставіць помнік Жукаву, трэба браць інфармацыю ня толькі з савецкіх крыніцаў, але й казаць праўду. Тады, магчыма, грамадзкая думка памяняецца. Але, здаецца, што сёньня яна нікога не цікавіць. А для тых, хто запрапанаваў паставіць яму помнік, Жукаў зьяўляецца кумірам. Яны ніколі ў жыцьці не ўспрымуць аб'ектыўную інфармацыю. І гэтая невялічкая група прадстаўляе сёньня грамадзкую думку. Ніхто не запытаўся ў моладзі, ці ў сярэдняга пакаленьня, што яны думаюць на гэтую тэму. Калі б апублікаваць праўду пра Жукава, а потым правесьці рэфэрэндум, жадаючых паставіць Жукаву помнік было б значна менш.

Георгій Жукаў – вядомая савецкая постаць. Ён прымаў удзел у рэвалюцыі 1917 году й грамадзянскай вайне ў 1918-1920 гадох. У 1939 г. ён кіраваў савецкай абаронай на Далёкім Усходзе. Падчас Другой усясьветнае вайны быў кіраўніком генштабу, а пазьней намесьнікам галоўнакамандаючага савецкім войскам.

Алена Пытэль