• 15 гадавіна незалежнасьці Ўкраіны
  • 24.08.2006
Сёньня Ўкраіна адзначае 15-ю гадавіну сваёй незалежнасьці. У 1995 годзе Кіеў стаяў перад трыма вялікімі задачамі. Першая зь іх – гэта захаваньне незалежнасьці. Хоць Савецкі Саюз і распаўся, але Крэмль не хацеў страціць уладу над былымі савецкімі краінамі. Другой задачай было вызначэньне новых мэтаў у замежнай палітыцы. Трэба было выбраць паміж цесным саюзам з Расеяй альбо накірункам на Захад. Трэцім, і адначасова найважнейшым, выпрабаваньнем аказалася аранжавая рэвалюцыя, якая адбылася падчас прэзыдэнцкіх выбараў восеньню 2004 году. Украіне пагражаў распад на дзьве часткі: усходнюю з сталіцаю ў Данецку ці Харкаве, якая падтрымлівала Віктара Януковіча, і заходнюю з сталіцаю ў Кіеве ці Львове на чале з Віктарам Юшчанкам. 15 гадоў пасьля атрыманьня незалежнасьці Ўкраіна мае дэмакратычна выбранага прэзыдэнта й урад, шанец на інтэграцыю з Захадам і партнэрскія адносіны з Расеяй.

Старшыня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы Пётр Тыма кажа, што для ўкраінцаў, незалежна ад грамадзянства, 24 жніўня зьяўляецца вельмі важным сьвятам, якое адзначаецца кожнаю ўкраінскаю супольнасьцю.

П. Тыма: Мне здаецца, што й у выпадку украінцаў ва Ўкраіне, як і тут у Польшчы, гэта вельмі важнае сьвята. Я вярнуўся зь Кіева й бачыў, як там рыхтуюцца да сьвяткаваньня. Нягледзячы на складаную палітычную сытуацыю сродкі масавай інфармацыі, прычым у большай ступені камэрцыйныя, дастаткова шмат увагі прысьвячаюць Дню незалежнасьці. Яны пішуць пра апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу й прычыны яго распаду.
Калі казаць пра ўкраінскую супольнасьць у Польшчы, то ўжо некалькі гадоў існуе традыцыя правядзеньня мясцовых мерапрыемстваў, якія ладзяць нашыя сябры. Гэта сустрэчы, канцэрты, сьвяткаваньні, якія маюць адзін лёзунг - угодкі незалежнасьці. У гэтую нядзелю напачатку будзе адпраўлена служба ў грэка-каталіцкім касьцёле, а потым пройдзе канцэрт у адным з Варшаўскіх клюбаў. Такія мерапрыемствы адбываюцца найперш ў месцах актыўнай дзейнасьці ўкраінцаў, але ня толькі ва Ўкраіне й Польшчы. Паўсюль, дзе ёсьць ўкраінскія супольнасьці, Сьвята незалежнасьці зьяўляецца нагодаю для правядзеньня шматлікіх культурніцкіх імпрэзаў.

Я магу з упэўненасьцю сказаць, што гэтая дата важная для кожнага ўкраінца, незалежна ад яго грамадзянства. Я асабіста заўважаю, што ўсё большая колькасьць украінцаў прызнае гэта свята сваім.


Сёньня ў 15 гадавіну незалежнасьці Ўкраіны ўзьнікае пытаньне: што гэтую краіну чакае далей? Першы прэзудэнт Украіны Леанід Краўчук кажа, што пакуль рана казаць пра далучэньне Ўкраіны да NATО і Эўразьвязу. Магчыма гэта адбудзецца праз гадоў 15, але пры ўмове, што Ўкраіна не зашкодзіць сама сабе. Краўчук падкрэсьлівае, што ўкраінцы не падтрымліваюць Зьвяз, але пры адпаведнай палітыцы гэта ня будзе цягнуцца вечна. Ужо сёньня ўкраінскія палітычныя эліты павінны ствараць эўрапейскія стандарты жыцьця: духоўнага, эканамічнага й палітычнага. Грамадзянам Ўкраіны неабходна адчуць сябе людзьмі Захаду. Леанід Краўчук лічыць, што калі палітыкі не дапусьцяць сур’ёзных памылак, ня будуць вечна спрачацца, так як у апошніх кааліцыйных перамовах, то Ўкраіна дасягне сваёй мэты й зойме належнае ёй месца ў Эўропе.

Эспэрт па ўкраінскай праблематыкі Аляксандэр Рар бачыць іншую пэрспэктыву для Ўкраіны. Ён лічыць, што сцэнар стварэньня эканамічнага зьвязу пад кантролям Крамля й з удзелам Украіны зьяўляецца праўдападобным. Аднак Аляксандэр Рар лічыць, што гэта не азначае поўнай залежнасьці ад Расеі. Украінскія эліты не зацікаўленыя ў тым, каб аддаць сваю незалежнасьць.

Алена Пытэль