• 15 гадавіна Незалежнасьці Беларусі
  • 25.08.2006
Сёньня мінае 15 гадавіна наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі
канстутыцыйнай моцы. Нагадаем, што Дэклярацыя была прынятая 27 ліпеня 1990 году, аднак дзейнічаць яна пачала з момантам замацаваньня ў беларускім парлямэнце 25 жніўня. Вядомы нават дакладны час – 20.08. Менавіта з таго моманту Беларусь стала незалежнай краінай.

У кнізе Сяргея Навумчыка “Сем гадоў адраджэньня”, якая нядаўна пабачыла сьвет у Варшаве, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ўзгадваючы падзеі 15 гадовай даўніны піша, што адной з асобаў, якая негатыўна выказвалася за ідэю незалежнасьці быў дэпутат Аляксандар Лукашэнка.

«....дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступіў супраць, заявіўшы, што Беларусь апынецца ў ізаляцыі ад Расеі, “на задворках формирования новых органов управления Союза” і прапанаваў не “мусировать” пытаньне сувэрэнітэту.»- піша Сяргей Навумчык. Як далей узгадвае аўтар дэпутут Лукашэнка не браў удзел у галасаваньні.

З 265 дэпутатаў, якія прысутнічалі ў Авальнай залі для замацаваньня дакумэнту патрэбныя былі 232 галасы. Такім чынам Дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнай моцы 252 дэпутацкімі галасамі.

Пра тое як адбывалася галасаваньне ў Авальнай залі 25 жніўня 1991 году ўзгадвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету ад апазыці БНФ Ары Беленькі.

Ю. Беленькі: Зь першага дня калі мы прыйшлі ў парлямэнт, я маю на ўвазе апазыцыю БНФ, уся нашая дзейнасьць была скіраваная на тое каб Беларусь стала сувэрэннай дэмакратычнай краінай. Адным з этапаў было прыняцьце дэклярацыі аб незалежнасьці. Бо сама Дэклярацыя не мела сілы, гэта быў пратакол аб намерах. Нашыя ранейшыя прапановы блякаваліся, паколькі большасьць у парлямэнце складалі камуністы. Сытуацыя кардынальна зьмянілася пасьля путча, які арганізавала камуністычная хунта ў жніўні 1991 году. Зянон Пазьняк адразу тады сказаў, што путч правалены. Многія крытычна ўспрынялі яго словы. Путч набіраў сілы, яны рыхтаваліся да перамогі, у Менску прыгатавалі нават закратаваныя вагоны для дэпутатаў апазыцыі й для тых, хто быў на плошчы. Калі путч праваліўся, то Зянон Пазьняк адразу аб'явіў, што трэба склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету. І на гэтым сходзе Беларусь стала юрыдычна незалежнай дзяржавай. Для мяне й маіх сяброў гэта быў найшчасьлівейшы дзень.

Сярод дэпутатаў, якія галасавалі за прыняцьце Дэклярацыі быў і пазьнейшы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Ён прызнаецца, што ў той вечар сумняваўся ці за Дэклярацыю прагаласуе большасьць дэпутатаў.

С. Шушкевіч: Я памятаю, што гэта была добрая ініцыятыва Беларускага народнага фронту. Я якраз быў у ліку тых, хто не верыў, што наш Вярхоўны Савет зможа прыняць такое рашэньне. І я быў шчасьлівы з той нагоды, што я памыляўся. Я цешуся, што БНФ зразумеў, што гэта за Дэклярацыя, бо калі яе прымалі, яны не галасавалі і выйшлі з залі. Яны думалі, што гэта дрэнная Дэклярацыя. Гэта была адна з важкіх перавагаў Беларускага народнага фронту.

Нягледзячы на тое, што цяперашнія ўлады Беларусі паўсюль падкрэсьліваюць незалежнасьць і сувэрэнітэт рэспублікі, то знайсьці час каб нейкім чынам уганараваць гэтую дату яны не змаглі. Больш таго гарадзкія ўлады сталіцы адмовілі грамадзкім актывістам правесьці ўрачыстае мерапрыемства з нагоды сьвята незалежнасьці 27 ліпеня. Дазвол удалолся аднак атрымаць для сёньняшняй даты. Рок-канцэрт з нагоды 15-годьдзя аднаўленьня беларускай незалежнасьці адбудзецца сёньня а 18.00 беларускага часу на пляцы Бангалёр у Менску.

Дзьмітры Гурневіч