• Ці хуліганіў сын Мілінкевіча ў Польшчы?
  • 25.08.2006
Як паведамілі вядучыя беларускія інтэрнэт-парталы малодшы сын Аляксандра Мілінкевіча Вітаўт быў выключаны з праграмы імя Кастуся Каліноўскага за парушэньне дысцыпліны. Праграма ім. К. Каліноўскага рэалізуецца польскім урадам з мэтаю працягнуць навучаньне студэнтаў зь Беларусі, якія па палітычных матывах не могуць вучыцца на радзіме. Сам А. Мілінкевіч назваў інфармацыю пра свайго сына няпраўдай, а прэс-сакратар лідэра беларускай апазыцыі Павал Мажэйка паведаміў, што Вітаўт Мілінкевіч злосна парушыў парадак дня- праспаў экскурсію. Па гэтай прычыне Вітаўт быў часова адлічаны ад навукі польскай й ангельскай моваў.

Першапачаткова крытычная інфармацыя пра сына Аляксандра Мілінкевіча зьявілася на сайце партыі КХП-БНФ, дзе аўтар артыкулу Мар’ян Ванькевіч паведамляе, што Вітаўт Мілінкевіч быў адлічаны з праграмы за хуліганства й зьяўленьне ў нецьвярозым стане. Аўтар піша, што асабіста сустракаўся зь беларускімі студэнтамі сярод якіх ёсьць шмат добрых беларускіх хлопцаў і дзяўчат, аднак ёсьць сярод удзельнікаў праграмы й людзі, якія не маюць ніякага дачыненьня да беларускай справы – размаўляюць па-расейску, не маюць паняцьця пра беларускую культуру і паводзяць сябе вельмі непрыстойна. Акрамя таго Мар’ян Ванькевіч піша пра тое, што беларускія студэнты ў Варшаве вылічылі камбінатара, які па 30 даляраў прадаваў даведкі ўсім жадаючым пра прыналежнасьць да намётавага лягеру.

Варта нагадаць, што крытычная інфармацыя пра склад удзельнікаў праграмы зьяўляецца не ўпершыню. Падобныя зьвесткі ўжо былі ў СМІ й раней. Пры тым трэба заўважыць, што гаворка не вядзецца пра саму праграму ім. Каліноўскага, але выключна пра некаторых удзельнікаў, якія ад моманту прыезду не лепшым чынам рэклямуюць Беларусь у Польшчы.

На думку старшыні Камітэту дапамогі рэпрэсыяваным Іны кулей, якая курыруе праграму ім. Каліноўскага, заўвагі польскага боку трэба ўспрымаць як аб’ектыўную ацэнку, паколькі гэтыя людзі маюць непасрэдны кантакт зь беларускімі студэнтамі. Аднак інфармацыя дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі скіраваная на дыскрэдытацыю не толькі паасобных удзельнікаў праграмы, але ўсіх студэнтаў, уключна з арганізатарамі як зь беларускага, так і польскага бакоў.

І. Кулей: Кожны чалавек мае свой характар, свой стыль паводзінаў, сваё выхаваньне й так далей. Апынуўшыся ў іншай краіне, у іншым культурным асяродьдзі ў кожнага адаптацыя мае свой тэрмін. Хтосьці адразу адчувае сваю адказнасьць і памятае пра тое, што ён прадстаўляе не толькі сябе, але й сваю краіну. Камусьці на гэта трэба час. Мне здаецца калі ёсьць заўвагі з польскага боку, то яны слушныя, таму што людзі адказваюць амаль што за 250 асобаў. Што тычыцца беларускіх: калі гэта тэлебачаньне, то няйнакш як прапагандай гэтага не назавеш.

А ці ёсьць, на вашую думку, аб'ектыўнасьць у артыкуле на сайце КХП-БНФ?

І. Кулей: Аб’ектыўнасьць там таксама ёсьць. Два студэнты на самой справе зараз адлучаныя ад праграмы інтэнсіўнага курсу вывучэньня мовы, але не выкінутыя з самой праграмы. Ім прапанавана 27 верасьня здаць іспыты экстэрнам, і калі яны іх здадуць, то будуць мець магчымасьць вучыцца далей. Бо сапраўды былі парушэньні дысцыпліны. Яны прапусьцілі экскурсію. Але, што тычыцца дэбошу, п'янства ці грубіянства, то гэтага не было. Мне не вельмі падабаецца калі хтосьці ацэньвае іншага чалавека паводле вопраткі. Кожны чалавек мае права апранацца так, як яму падабаецца.

Вам нешта вядома пра факт продажу пасьведчаньняў за 30 даляраў для удзельнікаў стыпэндыі?

І. Кулей: Мы ведаем такі факт. Але гэта чалавек не праходзіў праз наш камітэт. Ён трапіў на праграму як былы студэнт ЭГУ. З ім разьбіралася самое студэнцкае асяродьдзе. Галоўнае каб быў дыялёг, а не проста пустыя абвінавачаньні.

Зазначыла Іна Кулей.

Антось Цялежнікаў, старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, што дзейнічае ў Варшаве, неаднаразова сустракаўся з удзельнікамі праграмы Каліноўскага на супольных акцыях. Ён лічыць, што заўчасна выступаць з рэзкай крытыкай студэнтаў, трэба даць ім час паказаць на што яны здольныя.

А. Цялежнікаў: Я ведаю вельмі шмат моладзі, якая годная каб быць на гэтай стыпэндыі і лічу закіды, што былі апублікаваныя на старонцы КХП-БНФ дыскрэдытыюць сваіх жа паплечнікаў. Так не варта рабіць, а трэба быць разам. Я думаю, што на працягу году студэнты пакажуць чаго яны вартыя. Яны самі пакажуць хто яны і ці сьвядомыя яны, ці годныя Бацькаўшчыны ці гэта проста выпадковыя людзі. Пакуль заўчасна рабіць нейкія высновы.

Варшавянін Уладзімер Міхневіч, які асабіста знаёмы зь некаторымі студэнтамі праграмы Каліноўскага кажа, што яму прыходзілася чуць пра не найлепшыя паводзіны беларускіх студэнтаў. Аднак ён перакананы, што асуджаць младых людзей не мае сэнсу, паколькі ўзрост гэтых людзей сьведчыць пра бунтарскі дух, а гэта, лічыць Міхневіч, зьява характэрная для кожнага грамадзтва.

У. Міхневіч: Да мяне таксама даходзілі розныя пагалоскі пра нестандартныя паводзіны беларускіх студэнтаў. І калі ўзяць пад увагу, што людзей запрасілі на праграму, аплацілі ім навучаньне і апякуюцца імі цалкам , то гэта канешне можа ўзбуджаць негатыўныя эмоцыі. Чалавеку далі ўсе магчымасьці вучыцца, а ён такім чынам ігнаруе добрае да яго стаўленьне. Але мы таксама мусім улічваць узрост гэтых маладых людзей, адкуль яны, і што гэта за кантынгент. А чаго мы павінны спадзявацца ад фактычна будучых рэвалюцыянэраў? Мы не можам спадзявацца ад такіх людзей спакойных паводзінаў, ціхага навучаньня, або невыказваньня, або небунтарства. Гэтыя людзі выказвалі супраціў на плошчы. Гэта адпаведны склад характару. Нават іх брыдкія паводзіны я б не тлумачыў як няўдзячнасьць тым, хто іх запрасіў. Бунтарскі характар у такім узросьце нічога дрэннага не прадстаўляе.

Мы зьвязаліся з адным з каардынатарам праграмы, Анатолем Зымніным, які зьяўляецца апекуном групы.

А. Зымнін: Праграма выконваецца. Мы маем сустрэчы ва Ўнівэрсытэтах. Студэнты маюць вольны час які самі выкарыстоўваюць паводле свайго жаданьня. Няма аніякіх дэбошаў. А што датычыць інфармацыя па беларускім тэлебачаньні, то ўсе мы ведаем, што такое БТ. Што б мы не рабілі, і так нешта напішуць. Улады спалохаліся, што праграма Каліноўскага працуе, падарожжа адбываецца і ўсё ў парадку.

Нам удалося паразмаўляць таксама й зь Вітаўтам Мілінкевічам. Малодшы Мілінкевіч прызнае, што парушыў графік, аднак абвінавачваньні, якія прагучалі па БТ называе прапагандай.

В. Мілінкевіч: Прапаганда ў Беларусі існуе ўжо даўно. Я не магу сказаць, што я нічога не парушыў. Я не пайшоў на экскурсію. Там быў жорсткі рэглямэнт, і нельга сказаць, што я нічога не зрабіў.

Такім чынам доля аб'ектыўнасьці ў гэтым абвінавачваньні ёсьць?

В. Мілінкевіч : У тым, што паказвалі па БТ гэтай аб'ектыўнасьці няма, маўляў, я быў п'яны і хуліганіў. Я проста не пайшоў на экскурсію. У сябра было Дзень нараджэньня. Мы да пазна гулялі, і я праспаў першую экскурсію.

Самі стыпэндысты праграмы Каліноўскага зараз знаходзяцца ў падарожжы па Польшчы. Заўтра яны вяртаюцца ў Варшаву дзе працягнецца іх падрыхтоўка да паступленьня ў польскія ВНУ.

Дзьмітры Гурневіч