• Менск сьпяваў "Песьні Свабоды"
  • 26.08.2006
Учора ў Менску адбыўся чатырохгадзінны канцэрт “Песьні Свабоды”, які быў прысьвечаны наданьню Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйнай моцы. Каля 10 беларускіх гуртоў выступілі амаль перад 10 тысячамі прысутных на пляцы Бангалёр.

Варта ўзгадаць, што дазвол на правядзеньне канцэрту ад гарадзкіх уладаў ўдалося атрымаць за другім разам. Акрамя таго, падчас рэклямнай кампаніі імпрэзы, асобы, якія раздавалі на вуліцах сталіцы запрашэньні на мерапрыемства, мелі праблемы зь міліцыяй.

Па розных падліках на ўчарашнім канцэрце пабывала ад 7 да 10 тысячаў асобаў. Мерапрыемства сабрала найболш вядомыя беларускія гурты – КРАМА, Neura Dubel, НРМ, Тав.Маузэр, Памідор/OFF ды іншыя.

На самым пачатку імпрэзы вядучы Аляксанлар Памідораў папрасіў, каб моладзь не ўздымала бел-чырвона-белых сьцягоў, паколькі міліцыя можа зза гэтага спыніць канцэрт. Анак, нягледзячы на заклікі арганізатараў, прысутныя ўсё ж узьнялі да дзесятка сьцягоў.

Пра свае ўражаньні ад канцэрту распавядае адзін з удзельнікаў імпрэзы Слава.

Слава: Я не ўпэўнены ці тыя людзі, што прыйшлі канцэрт ведалі зь якой нагоды адбылася імпрэза. Найперш уразіла амаль поўная адсутнасьць нацыянальных сьцягоў. На канцэрт прыйшла пераважна моладзь. Людзі падыходзілі ўвесь час. Канцэрт завяршыўся выступам НРМ. Падчас гэтага выступу пляцоўка была амаль цалкам запоўненая. Уражаньні вельмі добрыя, не хацелася сыходзіць. Мне асабіста найбольш ападабаўся Neura Dubel, не ведаю ці зза якасьці гуку, ці зза харызмы выканаўцы.Самы яскравы выступ як заўжды быў ад НРМ. Пакаўбасіцца можна было нармалёва.

Заклікі са сцэны схаваць нацыянальныя сьцягі зьдзівілі ўчора ўвечары шмат каго. Студэнтка Ганна гаворыць, што якраз на такіх імпрэзах трэба ўздымаць бел-чырвона-белыя-сьцягі, паколькі аднаўленьне беларускай незалежнасьці зьвязана менавіта зь вяртаньнем ва ўжытак бел-чырвона-белага сьцягу.

Ганна: Мне не спадабалася, калі падчас выступу НРМ Вольскі аб’явіў, што нацыянальная сымболіка забароненая і што трэба прыбраць сьцягі. Некаторыя прыбралі, але адзін самы вялікі працягваў лунаць над плошчай. І тады музыкі сказалі, што не будуць працягваць выступ пакуль не прыбяруць наш нацыянальны сьцяг. На жаль вялікага абурэньня гэта не выклікала. Калі сьцяг нарэшце сьцянулі, то пры гэтым чамусьці прагучалі
гучныя аплядысмэнты ўсяго натоўпу. Не ведаю чаму людзі так зрабілі. Можа зза таго, што нарэшце можна было працягваць канцэрт. Але такая рэакцыя вельмі зьдзіўляе, бо там якраз былі тыя людзі, якія мусяць трымаць наш сьцяг.

На канцэрце “Песьні Свабоды” быў таксама й Сяргей Будкін, адзін з заснавальнікаў праекту “Тузін Гітоў”. Кажучы пра выступы гуртоў ён заўважыў дэбют маладога гурта BAND А, які ўпершыню выступіў перад такой шматлікай публікай.

С. Будкін: Натуральна гледачы цешыліся з той нагоды, што пабачылі улюбёныя гурты, зь якіх некаторыя ўжо два гады не выступалі. Адкрыцьцём гэтага году была група BAND А, якая раней называлася Цмокі. А астатнія трымаліся на ўзроўні. Нягледзячы на не надта добры гук яны зрабілі ўсё магчымае каб парадаваць гледачоў.

Сяргей Будкін таксама паведаміў, што была дамова паміж арганізатарамі ды гарадзкімі ўладамі каб на канцэрце не было забароненай сымболікі. Аднак Будкін лічыць, што мэтаю арганізатараў было правядзеньне канцэрту, пагэтаму трэба было ўсімі намаганьнямі дабіцца каб канцэрт завяршыўся пасьпяхова.

С. Будкін: Наколькі я ведаю, то была дамова з уладамі каб не было гэтай сымболікі. Арганізатары самі кантралявалі гэты монат. Я таксама да гэтага дрэнна паставіўся, але зь іншга боку трэба разумець сытуацыю. Лепей каб канцэрт адбыўся, чым зза аднаго сьцяга трэба згортваць усё мерапрыемства і ўсе гледачы распускаюцца. Цяжка сказаць хто тут мае рацыю.

Дадам, што канцэрт “Песьні Свабоды” прысьвечаны адраджэньню беларускай незалежнасьці ў 1991 годзе адбыўся ўчора на пляцы Бангалёр у Менску.

Дзьмітры Гурневіч