• Вакол сьвету за два гады
  • 27.08.2006
Падарожнік Марэк Каміньскі зь сям’ёю ў хуткім часе распачне кругасьветнае падарожжа. На гэтым тыдні ў Тройгорадзе Сопат-Гдыня-Гданьск распачаліся здымкі фільму пра пляны польскага вандроўніка. Падарожжа распачнецца напрыканцы месяца й разам з Каміньскім мае вырушыць яго жонка, а таксама двухгадовая дачка Паўла.

Марэк Каміньскі – гэта ўжо даволі вядомы польскі падарожнік, які сваю прафэсійную біяграфію распачаў у 1990 годзе. З таго часу ён наведаў Андарктыду, Грэнляндыю, Балівію, даліну Амазонкі, а ў 2004 годзе разам зь інвалідам - падлеткам Ясем Мэлем двойчы паканаў палярнае кола. Акрамя таго Каміньскі заклаў фундацыю свайго імя, якая займаецца папуляразацыяй палярных рэгіёнаў, экалёгіі, а таксама ўдзелу ў падарожжах маладых людзей.

Падарожжа мае распачацца па сьлядох гістарычнага шляху Польшчы. Пачатак вандроўкі - ля крыніцы Віслы на заходнім стоку Бараняй гары. Шукальнікі прыгодаў будуць перамяшчацца байдаркамі, каноэ, а таксама пешшу. Далейшы шлях бяжыць праз Скандынавію, Паўночную й Паўднёвую Амэрыку, Аўстралію, Азію ды назад у Польшчу.

М. Каміньскі: Мы маем намер у апошнім тыдні жніўня прыехаць да крыніцы Віслы, і ўжо адтуль распачаць нашае падарожжа па Польшчы. Праз даўнюю сталіцу Польшчы Кракаў, да Гданьска, дзе нарадзілася новая Польшча.

Агульны час падароджжа ад паўтара да двух гадоў. Аднак усё залежыць ад таго, як дарогу вытрымае наймалодшая ўдзельніца групы.

М. Каміньскі: Здаецца, яна падрыхтаваная. Паглядзім, як атрымаецца. Бо гэта не павінна адбыцца цаною дзіцяці. Тым больш, што некалькі разоў яна ўжо падарожнічала. Мне падабаецца тое, што яна ўжо даволі шмат чаго разумее, магчыма, яна сьвядомая свайго ўчынку, але ня можа пакуль гэтага сказаць.

Падарожжа зьяўляецца адкрыцьцём праграмы “Baby on bord” , якая скіраваная да бацькоў, дзяцей, будучых бацькоў, а таксама ўсіх тых, хто захапляецца падарожжамі й адкрыцьцём сьвету. Галоўным заданьнем праграмы зьяўляецца пераадольваньне стэрэатыпу, што свабодны час зь дзецьмі можна праводзіць толькі ў хаце.