• Лукашэнка хоча рэфармаваць мову
  • 27.08.2006
Аляксандар Лукашэнка хоча зьмяніць правілы артаграфіі беларускай мовы. Пра гэта беларускі лідэр заявіў 25 жніўня на сустрэчы зь міністрам адукацыі Беларусі Аляксандрам Радзьковым. Адпаведнай распрацоўкай новых правілаў артаграфіі й пунктуацыі беларускай мовы даручана заняцца Міністэрству адукацыі.

Інфармацыя пра пляны Лукашэнкі аб зьмене нормаў беларускага правапісу зьявілася на яго інтэрнэт-старонцы. У прэс-рэлізе, між іншым, зазначаецца, што: “...на дадзены момант выкарыстаньне беларускай мовы заснавана на правілах прынятых у 1957 годзе. Між тым, мова разьвіваецца і ўдасканальваецца, што выклікала неабходнасьць абнавіць і прывесьці да адзінства існуючыя правілы артаграфіі й пунктуацыі.”

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Трусаў кажа, што праект зьмены нормаў беларускага правапісу быў распрацаваны яшчэ напрыканцы 90-х гадоў, аднак з-за моцнай крытыкі яго разгляд быў адкладзены на пазьнейшы тэрмін.

А. Трусаў: Такая ідэя была яшчэ ў 1999 годзе. Займаўся гэтым Інстытут мовазнаўства. Потым грамадзтва гэта раскрытыкавала і праект паклалі пад сукно. Я думаю, што гэтая ідэя зьвязаная з жаданьнем расправіцца з «тарашкевіцай». У аснове прапановы ляжыць тое, што зрабіла Акадэмія Навук яшчэ ў 1999 годзе. Насамрэч там былі неістотныя зьмены, датычныя напісаньня іншаземных словаў. Але для людзей гэта будзе цяжка. Новыя правілы, каб менш людзей на тэстах выбіралі беларускую мову, бо нават значная частка вучняў расейскамоўных школаў прынцыпова здае тэсты па-беларуску.

А вы ня бачыце тут паралелі з 1933 годам, калі адбылася рэформа па русыфікацыі беларускай мовы?

А. Трусаў: Цяжка сказаць. Зараз не 1933 год. Тое, што было адзін раз, то другі раз ніяк быць ня можа, хаця б таму, што ў тых гадох не было інтэрнэту. Людзі як хочуць, так і будуць пісаць, нічога ім ня зробяць. Гэта яшчэ адна прыкмета таго, што рэжым дажывае апошнія гады.

На пачатку 90-х гадоў у камісіі, якая займалася распрацоўкай новага правапісу, была й Ала Сакалоўская. Прафэсар Сакалоўская кажа, што ўнармаваньне правілаў мовы не павінна ўвогуле ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства адукацыі.

А. Скакалоўская: Міністэрства адукацыі не павінна гэтым займацца. Ва ўсіх краінах, а ў нас нават у камуністычныя часы гэтым займалася Акадэмія Навук. Яшчэ ў сярэдзіне 90-х наша Акадэмія Навук распрацавала гэтыя правілы. Паводле іх, трэба было б пазьбягаць пэўных выключэньняў, каб было яканьне. Але сказаць, каб гэта спрыяла пісьменству, то я не магу. У прынцыпе, можна пісаць хоць і ерогліфамі. Галоўнае, каб мова была.

Нагадаю, што для грамадзкага абмеркаваньня новы праект рэформы беларускага правапісу будзе надрукаваны ў бліжэйшых нумарох “Настаўніцкай газэты”.

Дзьмітры Гурневіч