• „Лукашэнка рэфармуе мову”
  • 28.08.2006
Прэстыжная штодзёнка „Rzeczpospolita” зьмясьціла артыкул пад назовам „Лукашэнка рэфармуе мову”. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў Міністэрству адукацыі апрацаваць новыя правілы граматыкі беларускай мовы. Сам Аляксандар Лукашэнка пераважна паслугоўваецца расейскай мовай, часамі ўплятае сказы на беларускай. Інтэрнэт-старонка „Беларуские новости” цытавала ягоныя словы з 1994 году: „Па-беларуску нельга сказаць пра нешта ўзвышанае. Беларуская мова вельмі бедная. На сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы – расейская й ангельская.” Аднак беларуская мова ўсё ж зацікавіла беларускага прэзыдэнта. Пакуль невядома, што дакладна павінна быць зьменена. Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў паведаміў, што праект зьменаў ужо апрацаваны. Апазыцыя баіцца, што мэта ўлад – наблізіць беларускую мову да расейскай.

Незалежны беларускі палітоляг Уладзімір Падгол лічыць, што прычына прэзыдэнцкай прапановы толькі адна: Лукашэнка ня хоча, каб беларускай мовай займалася выключна апазыцыя - нейкі старшыня партыі Беларускі народны фронт Вінцук Вячорка й падобныя яму. Якой павінна быць мова -вырашыць дэкрэт прэзыдэнта.

Сам Вячорка лічыць, што ўладам не падабаецца зварот да даўняга правапісу, які можна сустрэць, напрыклад, у беларускім інтэрнэце. Некалькі гадоў таму была спроба зачыніць газэту „Наша Ніва”, якая паслугоўваецца менавіта такім правапісам - тарашкевіцай. Вячорка кажа, што Лукашэнка хоча зьнішчыць тое, што беларускае, зьнішчыць нацыянальную тоеснасьць.

У Беларусі ў 1994-1995 гадох аж 70% першакляснікаў навучалася на беларускай мове. Сытуацыя трагічна зьмянілася пасьля рэфэрэндуму ў 1995 годзе, калі расейская сталася другой дзяржаўнай мовай. Цяпер толькі 20% вучняў вучыцца ў школах зь беларускай мовай навучаньня, а 12% - у двухмоўных школах – з расейскай і беларускай мовамі. Рэшта ходзіць у школы з расейская мовай навучаньня.

У Менску з 234 пачатковых школаў у 4 навучаньне вядзецца толькі на беларускай мове, а ў 43 ёсьць беларускія клясы. Незалежны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа дзейнічае ў падпольлі. Яшчэ горшая сытуацыя на ўсходзе краіны, напрыклад, у Магілёве няма ніводнай беларускай клясы. У некаторых меншых мясцовасьцях штодзённа размаўляюць на беларускай мове. Але гэта хутчэй гэтак званая „трасянка” – спалучэньне беларускай, расейскай і польскай моваў. Беларускай паслугоўваецца апазыцыя.

Першую беларускую граматыку на пачатку XX стагодзьдзя напісаў Браніслаў Тарашкевіч. І некаторая частка апазыцыі надалей паслугоўваецца тарашкевіцай. У 1933 годзе ў БССР была праведзена фэрорма мовы. Афіцыйная мэта – ліквідацыя штучных бар’ераў паміж беларускай і расейскай мовамі, а таксама сьлядоў палянізацыі мовы. Гэтая мова называецца наркамаўкай (ад „народны камісар” - у Савецкім Саюзе адпаведнік міністра). Чарговыя зьмены праводзіліся ў 1957 годзе.