• Са скаргай у Амэрыку?
  • 28.08.2006

На сёньняшні дзень мала каго можна зьдзівіць навіною, што Беларусь груба парушае правы сваіх грамадзянаў. Паводле меркаваньняў шматлікіх праваабаронцаў, сёньня судзіцца зь дзяржаўнымі чыноўнікамі ў беларускім судзе – усё роўна, што прывучаць воўка да вэгетарыянства, - піша на сваім інтэрнэт-сайце праваабарончы цэнтар Хартыя'97. На сваёй старонцы ён зьмяшчае артыкул, у якім ідзе гаворка пра тое, што грамадзяне Беларусі могуць шукаць справядлівасьці ў амэрыканскіх судох.

Не сакрэт, што беларусы практычна пазбаўленыя магчымасьці абараняць свае правы ў міжнародных юрыдычных установах, у тым ліку і ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека.

Паводле інфармацыі парталу Хартыя, сёньня існуе невялікая, але ўсё ж такі магчымасьць, скарыстаўшыся якою, грамадзяне Беларусі могуць прыцягваць да грамадзянскай адказнасьці беларускіх чыноўнікаў – парушальнікаў асноўных правоў і свабодаў чалавека, а таксама – буйныя расейскія кампаніі, якія адкрыта падтрымліваюць сёньняшні беларускі рэжым.

Юрыдычны мэханізм, які дае права беларусам, як і грамадзянам іншых краінаў, зьвяртацца ў фэдэральныя суды ЗША, быў створаны ў далёкім 1789 годзе. Менавіта тады амэрыканскі Кангрэс прыняў закон «Аб грамадзянскай адказнасьці за шкоду іншаземцам».
Сутнасць закону ў тым, што ён надае фэдэральным судам ЗША паўнамоцтвы ў грамадзянскіх справах па пазовах іншаземцаў аб прычыненьні шкоды ў іх дзяржавах з прычыны грубых парушэньняў некаторых нормаў міжнароднага права, у прыватнасьці – асноўных правоў чалавека.

Закон практычна не працаваў да 1980 году, калі Вярхоўны Суд ЗША даў яму другое нараджэньне й распачаў эпоху жорсткай барацьбы паміж праціўнікамі закону – у асноўным, прадстаўнікамі міжнароднага бізнэсу ды ягонымі прыхільнікамі – праваабарончымі арганізацыямі ўсяго сьвету. Судовая практыка апошніх дзесяцігодзьдзяў вызначыла наступныя міжнародна-прававыя правапарушэньні, якія могуць прывесьці да падобнага пазову: генацыд, зьнікненьні людзей, катаваньні, працяглае пазасудовае затрыманьне, пазасудовае забойства й шэраг іншых.

Але ўсё гэта – прыгожая тэорыя. Насамрэч у практыцы ўсё выглядае інакш – дзеліцца ўласным досьведам юрыст Алег Воўчак з Цэнтру прававой дапамогі насельніцтву.

Алег Воўчак: Мы спрабавалі ўнесьці скаргу ў Амэрыканскі суд па справе зьнікненьня Юрыя Захаранкі ад імя Вольгі Захаранкі, і ў нас гэтага не атрымалася. Бо яны разглядаюць толькі справы грамадзян ЗША. Вось, калі б, напрыклад, на тэрыторыі Беларусі нешта здарылася з грамадзянамі ЗША, тады б яны пачалі крымінальную справу ў выпадку, калі б беларускія ўлады адмовіліся пачаць сьледзтва па гэтай справе. А ў іншых выпадках мы ня можам зьвяртацца ў амэрыканскія суды, бо іх заканадаўстава даволі вузкае й практычна не дае магчымасьці іншаземцам зьвяртацца па прававую дапамогу.

Паводле інфармацыі Хартыі, першая група асобаў, якія могуць стаць адказчыкамі ў судох ЗША – гэта працаўнікі беларускіх уладавых структураў усіх узроўняў, якія патэнцыйна датычныя да грубых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама непасрэдныя выканаўцы гэтых парушэньняў.

Вось толькі хто паедзе за акіян і за якія грошы павязуць сьведкаў, – пытаецца праваабаронца Вера Страмкоўская.

Паводле меркаваньня спадарыні Страмкоўскай, нават калі будуць грошы ды знойдуцца адвакаты й справа трапіць у суд, то якім чынам будзе выконвацца судовы прысуд.

В. Страмкоўская: Дапусьцім, што суд прыйдзе да нейкай высновы, а гэтая выснова будзе ня вельмі прыемная для ўлады. Якім чынам будзе выконвацца гэты прысуд? Калі ў нас не выконваюцца рэкамэндацыі Камісіі па правах чалавека пры ААН, зь якою Беларусь ратыфікавала дамову й падпісала ўсе дзяржаўныя дакумэнты. Калі не выконваюцца гэтыя дамовы, то пра што можа ісьці гаворка ў дачыненьні да судоў ЗША? Калі ніхто ня мае ні абавязку, ні ахвоты іх выконваць. Я лічу, што ўсё гэта вельмі непрактычна й на сёньняшні дзень няма ніякага сэнсу гэта рабіць, бо людзі ж усе тут ды й доказы ўсе тут. А нават калі вынясуць нейкі прысуд, то на тэрыторыі Беларусі няма мэханізму, каб яго выканаць.

Паводле зьвестак парталу Хартыя'97, пазовы ў амэрыканскім судзе – справа дасягальная для звычайнага беларуса, таму што ў ЗША існуе шэраг некамэрцыйных юрыдычных установаў, якія гатовыя дапамагчы ў пэрспэктыўнай справе, а ў выніку перамогі ў судзе – падзяліць грашовую кампэнсацыю.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі здольныя ажыцьцявіць збор і ўпарадкаваньне фактаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, і ў той жа час іх амэрыканскія калегі здольныя зрабіць юрыдычную ацэнку гэтых фактаў і падрыхтаваць пэрспэктыўныя пазовы.

Дарэчы, сярод найбольш вядомых грамадзянскіх адказчыкаў, якія прайгралі ў судох ЗША грамадзянам сваіх дзяржаваў – былы крывавы лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч і былы дыктатар Філіпінаў Фэрдынанд Маркас. Паўстае пытаньне – хто наступны?

Караліна Русіновіч