• Газэта «Товарищ» абвінавачваецца ў паклёпе
  • 29.08.2006
Партыя камуністаў Беларуская знаходзіцца пад безупынным ціскам улады. Чарговы крок накіраваны ў бок партыйнага друкаванага воргану “Товарищ“, супраць якога ў суд накіраваная скарга за паклёп. Заяву падаў старшыня асацыяцыі "Сталічнае таксі" Ігар Верхавец. Ён лічыць, што ў артыкуле пад назовам "Прыехалі ў прыгоннае права" абражаны яго гонар і папсаваная дзелавая рэпутацыя.

Пра публікацыю ў газэце «Товарищ» расказвае галоўны рэдактар Сяргей Возьняк.

С. Возьняк: На пачатку чэрвеня да мяне прыйшла група таксістаў і прынесла артыкул, які мы й надрукавалі. Пад ім падпісаўся адзін чалавек - Павал Паддубскі. Ён належыць да незалежнай прафсаюзнай арганізацыі "Сталічнае таксі". Таксісты крытыкуюць пастанову ўлады, якая пагаршае ўмовы іх працы. Па-першае, ім забараняецца эксплюатаваць аўтамабілі, якім больш за 10 гадоў. Такім чынам, значная частка таксістаў пазбаўлена працы. Гэта прыватныя асобы, якія ня могуць сабе дазволіць так часта мяняць аўтамабілі. Другая справа - яны ня могуць самастойна мяняць сабе аўтаперавозчыка. У сувязі з гэтымі прэтэнзіямі артыкул выйшаў пад назовам "Прыехалі ў прыгоннае права". Гаворка йдзе пра тое, што таксіста пераўтварылі ў прыгоннага чалавека. Што датычыць спадара Верхаўца, то ў артыкуле быў адзін сказ, які закранаў яго асобу. Там гаварылася: "У асяродзьдзі таксістаў пануе меркаваньне, што пастановы ўлады выгодныя для Верхаўца". Таму ён цяпер падаў скаргу ў суд, што гэтыя словы абражаюць яго гонар і псуюць дзелавую рэпутацыю.

Я ведаю, што перамагчы ў судзе ён ня зможа. Бо зьмешчаныя ў артыкуле словы - праўда. Сярод таксістаў сапраўды пануе такое меркаваньне. Першым доказам праўдзівасьці гэтых словаў зьяўляецца тое, што гэтыя ж таксісіты самыя выступілі зь ініцыятываю надрукаваць артыкул. Іншая справа, што гэтае меркаваньне Верхаўцу падабаецца ці не. Але гэта ўжо пытаньне дыскусіі, а не судовага працэсу. Я ў судзе дакажу, што ў асяродзьдзі таксістаў сапраўды думаюць, што новыя пастановы ўлады для Верхаўца выгадныя. Я прывяду ў суд многіх таксістаў, якія сапраўды так думаюць, і якія прыходзілі да мяне ў рэдакцыю.


Рэдактар газэты «Товарищ» Сяргей Возьняк не бярэцца сказаць, з чыёй ініцыятывы Верхавец падаў скаргу на газэту - з уласнай, ці быў гэта загад зьверху.

Сябра Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган кажа, што калі адзін спосаб ліквідацыі партыі правальваецца, то ўлада шукае чарговы.

А. Скрыган: Адбываецца сплянаваная акцыя ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай. Калі правальваецца адзін плян, то ўзьнікае чарговы. Так, не ўдалося правесьці аб'яднаўчага зьезду нашай партыі з Камуністычнай партыяй Беларусі, бо гэта была поўная фальсыфікацыя. Мы напісалі ліст у Міністэрства юстыцыі й папрасілі даць юрыдычную ацэнку гэтай сытуацыі. Аднак адказу пакуль няма. Але мы атрымалі пісьмовае папярэджаньне, паколькі адмовіліся падаць у Мінсітэрства юстыцыі сьпісы чальцоў партыі. Мы гэтага рабіць не абавязаны.

Як выйсьці з гэтай складанай сытуацыі? Мы абскардзім папярэджаньне ў Вярхоўным судзе. Гэта будзе наш першы крок, а што далей - пакуль мы пра гэта распавядаць ня хочам.


Алена Скрыган адказвае таксама на пытаньне, чаму, на яе думку, апошнім часам Партыя камуністаў Беларуская сустракаецца з такой колькасьцю праблемаў:

А. Скрыган: Сярод усіх партый наша - левага накірунку. Мы працуем з тым жа электаратам, што й сёньняшняя ўлада. У нас аднолькавыя лёзунгі, толькі з боку ўлады яны не выконваюцца. Таму на сёньняшні дзень мы, мабыць, самыя небясьпечныя. Акрамя гэтага, мне здаецца, што гэта помста за ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Наш лідэр узначаліў штаб адзінага кандыдата. У яго атрымалася аб'яднаць вакол сябе людзей розных палітычных плыняў, розных поглядаў. Гэта тое, што не атрымліваецца ўладам. Яны толькі разьядноўваюць. Наша аб'ядноўчая сіла цяпер падвяргаецца ціску, паводле ўлады, яна павінна быць ліквідаваная.

Нагадаем, што нядаўна ўлады абвесьцілі незаконнасьць існаваньня ў Менску арганізацыйных структураў ПКБ. Потым выстасавалі пісьмовае папярэджаньне за тое, што партыя не прадставіла сьпісу сваіх чальцоў.

Алена Пытэль