• Крымінальная справа супраць сына І. Кулей
  • 29.08.2006
У нядзелю, 27 жніўня, Беларускае тэлебачаньне паведаміла, што адносна сына Іны Кулей Ігара ўзбуджаная крымінальная справа. Ігара Кулея, стыпэндыста праграмы Кастуся Каліноўскага, абвінавачваюць ва ўхіленьні ад усеагульнай вайсковай службы. Паводле інфармацыі БТ, сын жонкі лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча прадстаўляў у ваенкамат падробленыя мэдыцынскія спраўкі. Аднак, паводле словаў Іны Кулей, яе сын ані разу не атрымаў позвы ад ваеннага камісара.

Крымінальныя справы аб ухіленьні ад вайсковай службы за апошні час былі ўзбуджаныя супраць некалькіх актывістаў апазыцыі. Самі маладыя апазыцыянэры называюць працэсы палітычнымі, паколькі рэальнай падставы для абвінавачваньня не існавала. Паводле беларускага заканадаўства, калі кандыдат на прызыў навучаецца ў ВНУ, то яму афіцыйна даецца адтэрміноўка. Аднак беларускія ўлады ігнаруюць свае ўласныя законы і ўсё часьцей абвінавачваюць студэнтаў у адхіленьні ад службы ў войску. Справу камэнтуе юрыст Валянцін Стэфановіч.

В. Стэфановіч: Калі браць пад увагу палітычных апанэнтаў улады, то толькі ў гэтым годзе было дзьве такія справы, якія скончыліся судом. Гэта справа Суворава, актывіста з Магілёву, ды Мікіты Сасіма . Яму прызначылі штраф у 30 базавых адзінак. Мікіту Сасіму прысудзілі 6 месяцаў арышту. Гэта справа была вельмі дзіўнай. У сьнежні ваенкамат накіраваў справу ў пракуратуру з просьбай даць ацэнку дзеяньням Сасіма. Пракуратура адмовіла у крымінальнай справе ў сувязі з адсутнасьцю складу крымінальнага злачынства. Літаральна празь некалькі месяцаў яны ізноў распачалі гэтую справу. Хаця лекары пацьвердзілі, што Сасім не перашкаджаў у правядзеньні мэдычнага абсьледаваньня, як гэта заяўляў абвінаваўца. Вынікі былі накіраваныя ў ваенкамат. Канчаткова не было высьветлена, ці прыгодны ён ці не, бо гэта мела вырашыць камісія ў Менску. Гэта справа выглядае вельмі сумнеўна.

Сама Іна Кулей гаворыць, што ўсе фармальныя справы з адтэрміноўкай былі ўлагоджаныя, таму яна цяпер не разумее абвінавачваньняў пракуратуры.

І. Кулей: Ён вучыўся ў Вармінска-Мазурскім унівэрсытэце на факультэце міжнародных адносінаў. Кожны год ён прывозіў дакумэнт, што працягвае навуку. На першым годзе ў яго былі запазыкі. Польскія унівэрсытэты лічаць студэнта адлічаным, пакуль ён восеньню ня здасьць працяг іспытаў. А яны, на маю думку, палічылі, што ён пазбавіўся ўсіх умоваў для студэнта. Восеньню мінулага году яму далі павестку ў войска, пазьней выклікалі на мэдкамісію ў ваенкамат, дзе сказалі прынесьці мэдкартку ды дакумэнт, што ён працягвае навучаньне. І тады яны сказалі, што ёсьць адтэрміноўка. Акрамя тых справак, ён ніколі нічога не падаваў.

Паводле ацэнкі Валянціна Стэфановіча, справа Ігара Кулея больш нагадвае жаданьне ўладаў разабрацца з маці хлопца, якая зьяўляецца каардынатарам Камітэту дапамогі рэпрэсаваным і супраць якой неаднаразова ўлады праводзілі прапагандысцкія кампаніі ў СМІ.

Нагадаем, што яшчэ падчас ІІІ Усебеларускага сходу Аляксандар Лукашэнка публічна зьвярнуўся да міністра абароны з загадам прызваць у войска дзяцей усіх апазыцыянэраў.

Дзьмітры Гурневіч