• А. Пачобут выйшаў на свабоду
  • 29.08.2006
Учора а 20 гадзіне паводле беларускага часу з гарадзенскага арышту выйшаў на свабоду сябра няпрызнаванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут. Яму быў вынесены прысуд 10 дзён арышту за дробнае хуліганства. У інтэрвію для Радыё Палёнія ён сказаў, што справа ягонага затрыманьні й прысуду была добра падрыхтаваная.

А. Пачобут: Я быў затрыманы 18 жніўня, менавіта тады на тэрыторыі Беларусі адбываліся дзеяньні супраць сяброў галоўнай рады Саюзу палякаў. Мяне ніхто не запалохваў, а адразу арыштавалі. Бо ўжо ведалі, што іх пагрозы на мяне ніякага ўплыву ня маюць. Абвінавачваньне, якое было высунута ў наш бок - гэта абсалютная лухта. На маю карысьць складалі сьведчаньні 19 сьведкаў, у тым ліку дзеючы афіцэр міліцыі. Гэтая спадарыня сама падышла да мяне падчас працэсу й сказала: «выклікай мяне на сьведку. Я працую ў міліцыі, але хачу даць паказаньні, як было на самой справе.» Яна таксама дала паказаньні на маю карысьць. Сьведкі з боку абвінавачваньня вельмі блыталіся, але для суду гэта ня мела ніякай розьніцы. Яны ўвогуле маглі нічога не гаварыць, а мяне й так бы пасадзілі. Сёньня я, як сябра СПБ, ня маю ніякіх шанцаў на нармальнае правасудзьдзе ў Беларусі. Гэта такая рэчаіснасьць і да гэтага я быў падрыхтаваны.

Пачобут быў асуджаны на 10 дзён арышту. У сувязі з тым, што да суду ён правёў 5 дзён у сьледчым ізалятары, яму засталося адсядзець толькі 5.

А. Пачобут: Тэрмін зьняволеньня адлічаўся ад моманту затрыманьня. Гэта значыць, ад 20 гадзіны ўвечары 18 жніўня, калі я быў затрыманы. Улічваючы тое, што была дастаткова моцная й рашучая рэакцыя з польскага боку, стаўленьне было нармальнае. Умовы ўтрыманьня не былі самыя горшыя, але й не былі вельмі добрыя, як часам спрабуюць давесьці дзяржаўныя СМІ. Мяне трымалі ў новым арышце, які пабудаваны ў Кастрычніцкім раёне. Ён, канешне, лепшы, але спаць таксама трэба на падлозе ў вопратцы, памыцца няма дзе, ежа таксама ня вельмі добрая. Адным словам, нармальны беларускі арышт. Што тычыцца арыштаваных, то, зразумела, стаўленьне заўжды нармальнае. А афіцэры міліцыі мяне ведаюць, а таксама ведалі пра рэакцыі з боку Польшчы. Таксама яны добра ведаюць, што ўводзіцца забарона на ўезд на Захад тым, хто парушае правы палякаў, таму яны вельмі карэктна ставіліся. Проста выконвалі патрабаваньні заканадаўства, а нам больш нічога ня трэба.

Анджэй Пачобут кажа, што нават перад выйсьцем з арышту не абыйшлося без прыгодаў.

А. Пачобут: Мяне хацелі вывезьці з арышту на машыне за 15 хвілін да таго, як канчаўся тэрмін. Мяне хацелі вывесьці ў задні двор, пасадзіць у машыну й недзе вывезьці. Таму, што пад будынкам арышту мяне чакалі сябры й сваякі. Зразумела, я адмовіўся выехаць і ўзьнікла канфліктная сытуацыя. Я баяўся, што мяне затрымаюць яшчэ на 15 дзён. Але яны не пайшлі на гэта. Мяне вярнулі ў арышт і праз 15 хвілін я выйшаў нармальна празь дзьверы. Мяне сустракалі чальцы нашай арганізацыі і, што вельмі прыемна, прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі. Яны таксама прысутнічалі на судовым працэсе. Гэта такая праява салідарнасьці зь іх боку. Яна, безумоўна, нас вельмі-вельмі цешыць.

Прыгадаем, што судовы працэс над актывістамі непрызнаванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам і Мечыславам Яськевічам датычыў дробнага хуліганства, а дакладней, перашкоды здымаць апэратару мясцовай тэлевізіі падчас ушанаваньня 15 жніўня памяці загінулых ад савецкай агрэсіі 1939 году польскіх жаўнераў на могілках у Горадні. Па прычыне недахопу доказаў віны, Мечыслаў Яськевіч быў апраўданы.

Караліна Русіновіч