• "Rzeczpospolita" піша пра зьнішчаныя польскія магілы
  • 30.08.2006
Каля 50 крыжоў на магілах польскіх жаўнераў, загінулых падчас польска-бальшавіцкай вайны, зьнішчылі на могілках ў Горадні камунальныя службы – піша прэстыжная "Rzeczpospolita". “Яны захаваліся ў савецкі пэрыяд, а цяпер нечакана былі зьнішчаныя” – кажа віцэ-старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Юзэф Пажэцкі. На могілках вырубалі дрэвы, яны падалі проста на магілы. Падобная апэрацыя прайшла на праваслаўных могілках, але там усё зрабілі вельмі асьцярожна, каб ня зьнішчыць магілаў. Абураецца таксама заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін, які мяркуе, што Польшча павінна рэзка адрэагаваць на такое варварства.
На польскіх пабэрнардынскіх могілках пахавана нямала славутых палякаў, між іншым, Эліза Ажэшка, яе другі муж Станіслаў Нагорны, жыхароў Горадні – абаронцаў горада ад савецкай агрэсіі 1939 году, а таксама ёсьць тут магілы каля 180 польскіх жаўнераў, забітых падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 году.

Ці магілы былі зьнішчаныя адмыслова, па загадзе? – пытаецца Ю.Пажэцкі. На гэтае пытаньне няма адказу, але вядома ўжо, што адбудаваць могілкі будзе цяжка, бо магілы настолькі моцна зьнішчаныя, што часам невядома, каторы крыж стаяў на якой магіле – чытаем у газэце "Rzeczpospolita".

Гэтая ж штодзёнка інфармуе, што беларускія ўлады спрабуюць запалохаць і абняславіць лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ды ягоных блізкіх. У беларускіх СМІ паявіліся зьвесткі, што сын Мілінкевіча быў пазбаўлены польскай стыпэндыі за хуліганства, а сын жонкі Мілінкевіча – Іны Кулей, які таксама вучыцца ў Польшчы, ухіляецца ад службы ў арміі. Паводле польскіх уладаў, гэта непраўдзівая інфармацыя. Беларуская апазыцыя мяркуе, што гэта элемэнт кампаніі супраць А.Мілінкевіча.

Gazeta Wyborcza піша пра выйсьце на волю дзеяча Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, які правёў 10 дзён у турме за дробнае хуліганства. Ён і Мечыслаў Яськевіч былі абвінавачаны ў тым, што перашкаджалі рабіць здымкі апэратару мясцовага тэлебачаньня. Сам Анджэй кажа, што ў арышце афіцэр адразу яго пазнаў – “спадар Пачобут, Вы зноў да нас? У нас цяпер амаль што гатэль. Спадзяюся, Вам спадабаецца.” Па словах Анджэя, беларускія чыноўнікі прыдумалі, што ў гадавіну ваўкавыскага зьезду, калі ўлады перанялі часткова кантроль над саюзам, будзе наладжаная імпрэза на Аўгустоўскім канале з удзелам арганізацыі Юзэфа Лучніка. А непакорныя палякі былі б пагрозай. Трэба было іх схаваць на гэты час.

Анджэй Пачобут кажа, што атрымаў такі малы прысуд, а Яськевіч быў апраўданы хутчэй за ўсё толькі дзякуючы рашучай рэакцыі польскага боку. У турме ўмовы былі не найгоршыя, але ахоўнікі баяліся зрабіць нейкую прыслугу, напрыклад, пачаставаць цыгарэтамі, палітычных вязьняў. “Вы пазьней выходзіце, даеце інтэрвію, а ў нас праблемы” – скардзіліся яны Пачобуту. Вязьня хацелі выпусьціць за паўгадзіны да заканчэньня тэрміну пакараньня, але не празь дзьверы, а падвезьці да хаты. Ён адмовіўся, бо перад сьледчым ізалятарам чакалі знаёмыя й блізкія. Калі выйшаў, даведаўся, што Анжаліка Борыс атрымала пашпарт, зможа выехаць у Польшчу. “Мы перамаглі” – гаворыць Анджэй Пачобут выданьню "Gazeta Wyborcza".