• Сустрэча А. Мілінкевіча з дыпляматамі ЭЗ
  • 30.08.2006
Учора ў Менску адбылася сустрэча амбасадараў краін-чальцоў Эўразьвязу зь лідэрам беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам. Былы экс-кандыдат у прэзыдэнты прадставіў замежным дыпляматам факты перасьледу грамадзянскай супольнасьці ды заклікаў загадзя не прызнаваць магчымы рэфэрэндум па канстытуцыйнам акце саюзнай дзяржавы Расеі ды Беларусі.

На ўчорашняй сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча прысутнічалі прадстаўнікі Італіі, Летувы, Румыніі, Чэхіі, Польшчы, Швэцыі, Вялікабрытаніі, Славаччыны, Францыі, Галяндыі ды Нямеччыны.

Адной з галоўных тэмаў, якая абмяркоўвалася ў часе сустрэчы, было пытаньне магчымага рэфэрэндуму па канстытуцыйным акце Саюзу Расеі й Беларусі. Дыпляматы пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў пра рэфэрэндум, паколькі не было афіцыйных заяваў ніводнага з бакоў пра падобныя пляны. Аднак апошнім часам гэтае пытаньне ўсё часьцей уздымаецца ў прэсе й пэўных палітычных колах Расеі й Беларусі.

Інтарэсы Эўразьвязу ў Беларусі ў гэтым годзе прадстаўляе Нямеччына. Супрацоўнік нямецкай амбасады ў Менску Цільман Шміноербург камэнтуе ўчорашнюю сустрэчу эўрапейскіх дыпляматаў з Аляксандрам Мілінкевічам.

Ц. Шміноербург: Аляксандар Мілінкевіч прадставіў нам новую дакумэнтацыю пра сытуацыю недзяржаўных арганізацыяў і незалежных СМІ. Ягоны паплечнік Віктар Карняенка патлумачыў сытуацыю ў кааліцыі дэмакратычных сілаў. Была паднятая тэма правядзеньня новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. А трэцяе пытаньне датычыла магчымага рэфэрэндуму па канстутыцыйным акце саюзнай дзяржавы. На дадзены момант я не магу сказаць нічога канкрэтна па гэтым пытаньні. Агульная пазыцыя пакуль непрынятая. Я ведаю, што адпаведную заяву ўжо прыняло кіраўніцтва ЗША. Мы сур’ёзна назіраем за разьвіцьцём падзеяў і канкрэтна гэтага пытаньня.

Аляксандар Мілінкевіч ужо зараз заклікаў дыпляматаў не прызнаваць вынікаў рэфэрэндуму. Сваю пазыцыю лідэр апазыцыі тлумачыць тым, што на дазены момант у Беларусі немагчыма правесьці справядлівыя выбарчыя мерапрыемствы. Мілінкевіч заявіў, што рэфэрэндум прывядзе да зьнікненьня Беларусі з палітычнай мапы сьвету.

А. Мілінкевіч: Гэта была рабочая сустрэча. Мы ім прадставілі наш аналіз стану грамадзянскай супольнасьці. Гаварылі таксама пра палітычную сытуацыю ў кааліцыі і ў краіне, распавялі пра небясьпеку страты сувэрэнітэту. Важна папярэдзіць Расею загадзя аб тым, што рэфэрэндум ня будзе прызнаны.

Большасьць беларускіх палітолягаў схіляецца да думкі, што рэфэрэндум, пра які апошнім часам усё часьцей кажуць у абедзьвюх краінах, немагчымы. Да іх ліку належыць і Ўладзімер Падгол. Ён прагназуе пагаршэньне адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю ды прамы канфлікт Пуціна з Лукашэнкам.

У. Падгол: Любыя рэфэрэндумы - гэта лухта. Гэта высмактаная з пальца акцыя. У бліжэйшы час будзе вайна паміж Лукашэнкам і Пуціным. У Расеі рэйтынг Лукашэнкі складае каля 5%. Гэта першы ўдар па Лукашэнку.

Нагадаю, што афіцыйнай інфармацыі пра магчымы рэфэрэндум пакуль у СМІ не паступала. Аднак ёсьць галасы сярод беларускіх і расейскіх палітыкаў, што падобнае мерапрыемства можа адбыцца яшчэ да канца гэтага году.

Дзьмітры Гурневіч