• 10 гадоў таму зачынілі „101.2 ФМ”
  • 01.09.2006
1 верасьня 1996 году была зачыненая радыёстанцыя “101.2 ФМ”, незалежны беларускамоўны інфармацыйна-музычны праект. Афіцыйным тлумачэньнем закрыцьця радыёстанцыі была зьмена месца разьмяшчэньня перадатчыка, які, паводле афіцыйнай вэрсіі, замінаў урадавай сувязі. Аднак пазьней хваля была перададзеная Беларускму патрыятычнаму саюзу моладзі.

Неглядзечы на кароткі пэрыяд свайго вяшчаньня, першая й апошняя беларускамоўная радыёстанцыя “101.2 ФМ” увайшла ў гісторыю беларускай журналістыкі як адзіны камэрцыйны праект, зроблены на тыя часы па эўрапейскім ўзоры. На хвалях “101.2 ФМ” гучалі беларускамоўныя выканаўцы й зоркі сусьветнай сцэны.

Узгадвае тагачасны дырэктар радыёстанцыі “101.2” Жанна Ліцьвіна.

Ж. Ліцьвіна: Радыё "101.2 ФМ" - гэта, па-сутнасьці, нашчадак радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная". Калі ўлады зачынілі "БМ", то 18 чалавек звольніліся з сыстэмы Белдзяржтэлерадыё. І менавіта тады ўзьнікла ідэя стварэньня вольнага й прафэсійнага радыё. Так і нарадзілася Радыё "101.2 ФМ".

Жанна Ліцьвіна кажа, што адной з галоўных рысаў радыё была адсутнасьць цэнзуры й прынцыповая беларускамоўнасьць праграмаў.

Ж. Ліцьвіна: Побач зь беларускай на радыёстанцыі ўжывалася ангельская й нямецкая мовы. Радыё працавала ў цесным супрацоўніцтве з „Deutsche Welle” i BBC. Мы давалі ў прамым эфіры выпускі навінаў гэтых вяшчальных карпарацыяў. Мы заўсёды знаходзілі эфірнае месца для апанэнтаў улады. Гэта было радыё, якое не падлягала цэнзуры. Такая станцыя ў нашай дзяржаве доўга існаваць не магла.

Штодня ў эфіры, акрамя музычных блёкаў, гучалі аўтарскія праграмы "Пра-рок", "Бізнэс-актуаліі", "Паехалі!", "Музыка тоўстых", "Квадракола", "Мамзэль", "Юрыспрудэнцыя", "ТВ-дэнс" ды іншыя.

Журналістка радыё 101.2 Вольга Бабак кажа, што ў свой час радыёстанцыя выконвала ня толькі інфармацыйна-забаўляльныя функцыі. Праграмы, якія гучалі на хвалях, дапамагалі людзям прыходзіць да беларушчыны.

В. Бабак: Гэта была першая й апошняя камэрцыйная станцыя, якая працавала на беларускай мове. Якраз у гэтай беларускасьці быў самы вялікі сэнс. Мы паказалі, што беларускае - гэта ня значыць нейкае другараднае, што можна рабіць супэр-радыйны праект на сваёй мове. Нас слухалі ня толькі сьвядомыя беларусы, але менавіта дзякуючы нашым праграмам яны ўсталі на гэты шлях. Яны зразумелі, наколькі гэта можа быць класна.

Сталым слухачом радыё 101.2 быў вядомы музычны крытык Вітаўт Мартыненка. Ён кажа, што й праз 10 год пасьля закрыцьця радыёстанцыі ў ФМ-дыяпазоне Беларусі не зьявілася такая якасная станцыя, якім было Радыё “101.2 ФМ”.

В. Мартыненка: Бывала ў той час едзеш у аўтобусе, а на ўвесь салён гучыць беларуская музыка, а потым ідуць інфармацыйныя паведамленьні, і ўсе пазнавалі, што гэта "101.2 ФМ", нават тыя, хто, магчыма, слухаў іншыя станцыі. Такога радыё больш няма. Яно было толькі адзін раз, гэта "101.2 ФМ".

Апошняй кампазыцыяй, якая прагучала ў дзень закрыцьця радыё, была песьня гурту “Beatles”, у якой адным з апошніх выразаў былі словы “Мы яшчэ вернемся”.

Дзьмітры Гуревіч