• Расейскі рубель у золатавалютных рэзэрвах Беларусі
  • 01.09.2006
Нацыянальны банк Беларусі ўключыў у склад золатавалютных рэзэрваў таксама й расейскі рубель. Такое рашэньне на днях прыняла рада дырэктараў беларускага Нацыянальнага банку.

У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: ці расейскі рубель зьяўляецца цьвёрдаю валютай, ці гэты крок трэба разглядаць зь іншай пэрспэктывы?

Паводле меркаваньняў эканаміста Яраслава Раманчука, расейскі рубель не зьяўляецца свабоднаканвэртаванай валютай. І, згодна з прагнозамі ўраду Расеі, ягонае становішча ня зьменіцца да канца 2007 году. Справа ў іншым, - гаворыць Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Справа ў тым, што ў нас 48% гандлю прыходзіцца на Расею, таму калі ў нас будзе нейкая доля расейскага рубля ў золатавалютных рэзэрвах, то гэта не пашкодзіць. Таму што ў будучыні можа прывязацца да кошыка валют, паколькі Беларусь не зьбіраецца пераходзіць на расейскі рубель ды замяняць палову кошыка. Гэта крок больш палітычна -карэктны, своеасаблівы шарж у бок Расеі: каб яна сказала, вось, яны таксама памаленьку рухаюцца ў кірунку грашовай інтэграцыі. Але прынцыпова на стабільнасьць беларускай валюты, якая таксама вельмі адносная, на стан гандлю паміж нашымі краінамі, тым больш на перамовы па газе й нафце, такі крок уплыву мець ня будзе.

Паводле ацэнкі Раманчука, гэта не азначае, што звычайныя грамадзяне ў валютных шапіках замест даляраў ды эўра пачнуць купляць расейскія рублі.

Я. Раманчук: Валютныя рэзэрвы Нацыянальнага банку ня маюць ніякага дачыненьня з рынкам наяўнай валюты, з тымі грашовымі патокамі, зь якімі звычайныя людзі працуюць кожны дзень. Даляр ды эўра - гэта стабільныя валюты, яны й застануцца стабільнымі. Людзі ўжо вызначылі сабе той кошык валют, якімі карыстаюцца. Людзі таксама езьдзяць у Расею, таму расейскі рубель ім таксама неабходны. Гаворка ідзе пра пару працэнтаў ад кошыка як дзяржаўных рэзэрваў, гэтак і рэзэрваў нашых грамадзян.

Што тычыцца ўвядзеньня расейскага рубля ў склад золатавалютных рэзэрваў, Дэпартамэнт інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі тлумачыць гэта тым, што з 1 ліпеня ў Расеі былі зьнятыя ўсе валютныя абмежаваньні, і гэтым самым расейскі рубель значна прыблізіўся да пераходу ў катэгорыю свабоднаканвэртаваных валют. Да таго ж на працягу апошніх гадоў значна павысіўся сувэрэнны крэдытны рэйтынг Расеі. Такім чынам, неўзабаве беларускае сховішча золатавалютных рэзэрваў пачне прыгадваць Царскую палату: побач з залатымі зьліткамі будуць ляжаць й расейскія рублі.

Караліна Русіновіч