• БТ здымае фільм пра А. Мілінкевіча
  • 01.09.2006
Гэтая скрыня будзе сапраўдным акном у сьвет, - меркаваў Барыс Росінг, які ў 1907 годзе сканструяваў у Санкт-Пецярбурзе прататып кінэскопу.

Паступова тэхналёгія разьвівалася, і гэта былі пачаткі тэлевізіі. Ідэя канструктараў была даволі простая: пры дапамозе тэхнікі паказваць людзям цікавыя рэчы . Вельмі хутка аказалася, што тэлевізію можна выкарыстоўваць зь іншаю мэтаю, напрыклад, прапаганды. Спачатку была прапаганда савецкая, а на сёньняшні дзень можна сьмела сказаць, палітычная.

Таксама сьмела можна адзначыць, што ў напрамку палітычнай прапаганды ідзе праграма „У цэнтры ўвагі” Першага каналу Беларускай тэлевізіі.

У эфіры гэтай праграмы на працягу апошніх двух месяцаў закраналіся, між іншым, справа латвійскага дыплямата, стыпэндыстаў праграмы імя Кастуся Каліноўскага, а нават дзяцей Аляксандра Мілінкевіч ды Іны Кулей.

А вось цяпер Беларуская тэлевізія рыхтуе дакумэнтальны фільм пра самога лідэра беларускай апазыцыі. На днях здымачная група наведала Бершты - родную вёску Аляксандра Мілінкевіч, якая знаходзіцца ў Шчучынскім раёне на Гарадзеншчыне.
Здымачную групу цікавіў драўляны дом, які зьяўляецца ўласнасьцю Мілінкевіча. Яны таксама запісвалі інтэрвію з жыхарамі вёскі ды ўвесь час цікавіліся, як мясцовае насельніцтва ставіцца да Мілінкевіча.

Вос толькі шкада, што мяне там не было, я б ім распавёў пра свае пляны, - кажа для Радыё Палёнія герой будучай тэлестужкі.

А. Мілінкевіч: Гэта будзе кіно хіба пра маю вёску, бо мяне падчас здымкаў не было там. Але гэта ўжо ня першы раз. Яны проста маюць загад паказаць, які я амаральны чалавек, нешта там скраў, дзеці п`юць. А таксама хочуць паказаць, які я бізнэсовы дзядзька. А мы з сынам проста спрабуем разьвіваць там вясковы турызм. Маем дзьве старыя вясковыя хаты, у якіх хочам аднаўляць народныя рамёствы, музэйчык ствараем. Зараз пакрываем чаротам. А ім залежыць на тым, які я кепскі. Пачалі кампанію супраць дзяцей і ў гэтым няма ніякай прыемнасьці. Але, зь іншага боку, сьведчыць, што яны мяне баяцца, значыцца - яшчэ прыгодны чалавек.

Некалі была такая прымаўка: баяцца - значыць паважаюць.

А. Мілінкевіч: Дзесьці так і ёсьць. Самае дрэннае, што я не магу адказаць, бо я ж у тэлевізіі не магу сказаць праўду. Усё сказаў у інтэрнэце, а тэлевізія робіць сваю справу.

А можа самаму зрабіць фільм і даць ім паглядзець?

А. Мілінкевіч: Ну, магчыма. Ведаеце, тыя людзі, што мне давяраюць - яны ня вераць тэлевізіі. Давяраюць нам ды свайму розуму. А наконт тэлевізіі, то альбо не глядзяць, альбо сьмяюцца. Але існуе немалая частка людзей, якія гавораць, што калі паказалі ў тэлевізіі - гэта значыць праўда.

Але такіх людзей у асноўным большасьць.

А. Мілінкевіч: Сапраўды, даволі шмат. Яшчэ з савецкіх часоў так было: тэлевізія сказала - гэта амаль як закон.

А вось якім чынам пераканаць такіх людзей?

А. Мілінкевіч: Гэта вельмі цяжка. Зараз падчас паездак па ўсёй краіне буду сустракацца зь людзьмі. Напэўна будуць гэтыя пытаньні. Буду адказваць. Але да шырокай публічнасьці не дайду. Гэта паступова.

Нагадаем, што падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі вёска Бершты, якая знаходзіцца ў памежнай зоне на мяжы зь Летувой, увесь час была пад кантролем адпаведных службаў. Міліцыя праводзіла апэрацыю „Нелегал” - займалася праверкай дакумэнтаў усіх, хто прыяжджаў ці выяжджаў з населенага пункту. А ў адным з закінутых будынкаў быў закладзены назіральны пункт за домам лідэра дэмсілаў. Калі ў доме сапраўды паўстане музэй, то ў будучыні будзе на што глядзець.

Караліна Русіновіч