• Візыт А. Мілінкевіча ў Францыю
  • 04.09.2006
1-2 верасьня лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч знаходзіўся з афіцыйным візытам у Францыі. Беларускі лідэр правёў шэраг перамоваў з прадстаўнікамі францускага ўраду, між іншым, зь міністрам унутраных справаў гэтай краіны Нікаля Сарказі, міністрам замежных справаў Філіпам Дуст-Блазі, старшынём Парлямэнцкай Асамблеі NATO П’ерам Лелюшам.

Галоўнай тэмай размоваў быў г.зв. аб’яднаўчы рэфэрэндум Саюзу Расеі й Беларусі. Акрамя гэтага закраналіся пытаньні свабоды СМІ ды інфармацыі ў Беларусі, праблема палітзьняволеных. Аляксандар Мілінкевіч кажа, што перад дэмакратычнымі сіламі Беларусі вялікая й скаладаная праца, таму кожная падтрымка з боку эўрапейскіх дзяржаваў вельмі важная. Лідэр дэмсілаў падкрэсьлівае, што працаваць выключна ў краіне недастаткова, трэба са сваімі праблемамі зьвяртацца да іншых.

А. Мілінкевіч: Галоўнай тэмай перамоваў быў рэфэрэндум, які мае адбыцца напрыканцы бягучага альбо на пачатку наступнага году, а таксама справа незалежнасьці Беларусі й яе абароны. Я прадставіў сваю думку на гэтую тэму – такі рэфэрэндум у Беларусі ня можа быць прызнаны, паколькі ў Беларусі ўжо даўно няма дэмакратычных працэдураў. Больш таго – да канца году нічога ня зьменіцца. Важна, каб дэмакратычная супольнасьць ужо сёньня сказала, што ў такіх краінах, як наша, выбары ня могуць быць легітымнымі. Вырашаецца лёс цэлага народу, бязь яго ведама зьбіраюцца альбо зьліквідаваць дзяржаўнасьць, альбо яе абмежаваць.

Што, напрыклад, Францыя можа зрабіць для Беларусі? Незалежнасьць Беларусі ў руках выключна беларусаў. Але пазыцыя міжнародных арганізацыяў і краінаў Эўразьвязу вельмі важная. Яны выдатна ўсё разумеюць, іх ня трэба пераконваць, што ня можа быць ніякага рэфэрэндуму. Цяпер важна, каб яны скаардынаваліся й вырашылі, у якой форме яны рэалізуюць свае захады.

Мы не абмяжуемся толькі да Францыі. Плянуецца візыт у Фінляндыю. Гэта невялікая краіна, але мне здаецца, што менавіта фіны найлепш разумеюць, што такое незалежнасьць. Яны таксама зь цяжкасьцю яе атрымалі, але цяпер жывуць заможна й свабодна.

Я пазытыўна ацэньваю свой візыт. Перад намі вялікая праца. Мы ня можам зачыніцца толькі ў сваёй краіне, і выключна ў ёй казаць пра незалежнасьць Беларусі.


У Францыі з Аляксандрам Мілінкевічам былі маладыя актывісты руху „За свабоду” – Ігар Лялькоў, Дзяніс Кароль і Алесь Лагвінец. Нам удалося паразмаўляць зь Ігарам Ляльковым.

І. Лялькоў: Мы былі ў Марсэлі, дзе адбыўся зьезд моладзі кіруючай партыі Францыі. Нашай мэтай была сустрэча з прадстаўнікамі францускага ўраду й давядзеньне да іх нашай ацэнкі сытуацыі ў Беларусі й вакол яе. Два пасылы былі галоўныя.

Па-першае, пры сёньняшняй выбарчай сыстэме ў Беларусі рэфэрэндумы, якія могуць пагражаць незалежнасьці Беларусі, ня могуць быць прызнаныя эўрапейскай супольнасьцю. Другая справа – недапушчэньне ізаляцыі простых беларусаў ад Эўропы. Мы знаходзімся ў Эўропе. Нягледзячы на рэжым, які пануе ў Беларусі, супраца з грамадзянскай супольнасьцю ды са звычайнымі людзьмі павінна быць простай і адкрытай. У гэтым кантэксьце гаворка вялася пра візавы рэжым, каб ён спрашчаўся, рабіўся больш танным. Калі будзе наадварот, можна гэта назваць працай на карысьць Лукашэнкі. Гэта дзьве найважнейшыя тэмы, якія ўздымаліся ў Марсэлі.


Лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандэр Мілінкевіч і актывісты руху „За свабоду” з Францыі вярнуліся ў Беларусь 4 верасьня.