• 10 – гадовая беларуска ня хоча вяртацца на радзіму
  • 15.09.2006
Беларускія ўлады прыпынілі праграму выезду беларускіх дзяцей на аздараўленьне ў Італію. Прычынаю для гэтага сталася справа 10-гадовай выхаванкі Вілейскай школы-інтэрната Вікі, якая адмовілася вяртацца на Радзіму. Сям’я з-пад Генуі, у якой дзяўчынка знаходзілася на аздараўленьні, спрабавала праз суд дамагчыся ўдачарэньня дзяўчынкі, аднак суд па справах непаўнагадовых у Генуі абавязаў італьянскую сям’ю перадаць Віку на Радзіму. Сама дзяўчынка пагражае скончыць жыцьцё самагубствам у выпадку, калі яе адправяць у Беларусь.

Першы суд, які адбыўся ў Італіі па гэтай справе, выдаў згоду на апеку над дзяўчынкай і дазволіў ёй застацца ў італьянскай сям’і. Аднак беларускі бок выказаў рашучы пратэст у сувязі з затрыманьнем дзяўчынкі, назваўшы гэта выкраданьнем. 6-га верасьня адбыўся паўторны суд, які загадаў сям’і перадаць Віку беларускаму боку й адначасова абвесьціў вышук дзяўчынкі, паколькі італьянскія апекуны адмаўляюцца аддаваць беларуску. Больш таго, як паведаміў адвакат італьянскай сям’і, мясцовыя дактары лічаць, што дзяўчынка ў дзіцячым доме перажыла маральную, фізычную й сэксуальную зьнявагу.

З. Маркушэўскі: У адпаведнасьці з эўрапейскім заканадаўствам, краіна ня можа выдаць іншай дзяржаве грамадзяніна - ці дзіцё, ці дарослага, калі ёсьць рызыка, што там ён будзе паддадзены жорсткаму абыходжаньню ці катаваньню. Гэта гарантуе і эўрапейскае заканадаўства, і дамовы ў рамках ААН. Але трэба мець доказы такога абыходжаньня. Відаць, што італьянскі суд ня ўбачыў такой небясьпекі для дзяўчынкі.

А тым часам Вілейскі дом-інтэрнат наведала адмысловая камісія, якая дасьледавала, ці насамрэч 10-гадовая Віка была маральна, фізічна ды сэксуальна зьняважаная. Адбыліся індывідуальныя размовы зь дзецьмі, а таксама анкетаваньне, у выніку якога адзін з чальцоў камісіі заявіў, што італьянская сям’я хлусіць. Было высьветлена, што раней сям’я зь Генуі дасылала нават лісты падзякі ў Вілейскі дом-інтэрнат.

Дзьмітры Гурневіч