• Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
  • 20.09.2006
Новы акт аб дэмакратыі ў Беларусі можа быць прыняты Кангрэсам ЗША да канца 2006 г. Пра гэта паведаміў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Дэніс Гастэрт 18 верасьня ў Вільні. Падрыхтоўка дадзенага законапраекту была адной з тэмаў, якія абмяркоўваліся ў часе сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з амэрыканскім палітыкам.

У сустрэчы ў Вільні бралі ўдзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка й жонка палітзьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ірына Казуліна. Прысутнічалі таксама высокапастаўленыя кангрэсмэны - лідэры рэспубліканскае большасьці ў Палаце прадстаўнікоў. Як паведаміў Радыё Палёнія Вінцук Вячорка, размова датычыла 2 асноўным тэмаў.

В. Вячорка: Сытуацыі ў Беларусі й тых крокаў, якія могуць зрабіць Злучаныя Штаты Амэрыкі дзеля паляпшэньня дэмакратычнае пэрспэктывы Беларусі. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ў сувязі з пачаткам новага палітычнага году ў ЗША падаецца на новы разгляд, на дапаўненьні і ўдакладненьні. У зьвязку з гэтым, кангрэсмэнаў цікавала нашая думка, наколькі актуальны й патрэбны акт, і якія акцэнты ў ім рэальна спрыяюць дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі. Як засьведчыў сп. Гастэрт, неўзабаве дакумэнт будзе прыняты.

Гэта ўжо ня першы такі законапраект. Папярэдні Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў прыняты ў 2004 г.

В. Вячорка: У папярэднім акце вялікая ўвага надавалася стварэньню інфармацыйнае прасторы й пашырэньню ўжо існае альтэрнатыўнае інфармацыйнае прасторы. У гэтым акце дадзеная тэма будзе разьвівацца й дапаўняцца. Гэтаксама, я думаю, не абыдзецца без пэрсанальных санкцыяў у адрас высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія нясуць асабістую адказнасьць за рэпрэсіі ды парушэньні правоў чалавека.

Папярэдні акт аб дэмакратыі ў Беларусі прадугледжваў значныя сродкі на пашырэньне інфармацыйнае прасторы ў краіне. Мінулі 2 гады, ці заўважныя нейкія зрухі ў гэтым пляне? Палітоляг Юры Шаўцоў лічыць, што наадварот, сытуацыя пагоршылася, бо амаль што зьніклі друкаваныя апазыцыйныя сродкі масавай інфармацыі. На пытаньне, ці новы акт аб дэмактатыі прычыніцца да зьмены ў дадзеным абшары, Юры Шаўцоў адказаў наступнае...

Ю. Шаўцоў: Шчыра кажучы, я ня веру ў тое, што ён акажацца эфэктыўным, бо праблема заключаецца ня ў тым, што беларусы ня маюць альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, бо яны іх маюць. Беларусы вельмі добра арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў сьвеце, і што сьвет думае пра Беларусь. Праблема ў тым, што ідэалёгія, якую прапануе нашая апазыцыя, і якую падтрымлівае зараз Кангрэс ЗША, непапулярная ў беларускім грамадзтве. Таму колькі тут не ўкладаць грошай, гэта асаблівага сэнсу ня мае. Як на Кубе гэта аказалася абсалютна неэфэктыўным. У нас жа не стаіць пытаньне прынцыповай зьмены палітычнае сыстэмы. Гэта нейкая гульня людзей, якія сталі прафэсійнымі апазыцыянэрамі, у спробу рэалізацыі такіх зьменаў.

У сваю чаргу Ўладзімер Мацкевіч лічыць, што сродкі, прызнаныя Беларусі ў рамках акту аб дэмакратыі, былі выдаткаваныя нязгодна з прызначэньнем.

У. Мацкевіч: Пакуль што выдзеленыя на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі грошы – змарнаваныя. Яны пайшлі часткова не па мэтаваму прызначэньню. А нават тыя сродкі, якія патрацілі згодна з прызначэньнем, выдаткаваліся без уліку беларускае рэчаіснасьці. Таму, як бачым, стан дэмакратыі, правоў чалавека па ўсіх накірунках толькі пагаршаецца. Паводле мяне, калі гэта рабіць несыстэмна, някомплексна, то ніякія грошы самі па сабе нічога ня вырашаць. Возьмем для прыкладу радыёстанцыі для Беларусі. Яны пакуль ахопліваюць адну й тую ж аўдыторыю, якая й без таго даволі добра інфармаваная. Вынік пакуль мізэрны.


Тым ня менш, амэрыканскі кангрэс вырашыў прадоўжыць тэрмін дзеяньня Акту аб дэмакратыі на наступныя 2 гады. У рамках праграмы, урад ЗША прызначыць 55 млн дал. на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, з чаго 15 млн будзе прызначана на разьвіцьцё незалежнага тэле- й радыёвяшчаньня для Беларусі.

Эльвіра Богдан