• Усходняе вымярэньне эўрапейскай палітыкі суседзтва
  • 22.09.2006
На працягу двух дзён у Варшаве адбываецца міжнародная канфэрэнцыя “Усходняе вымярэньне эўрапейскай палітыкі суседзтва”. У сустрэчы бяруць удзел вядомыя эўрапейскія адмыслоўцы ў галіне гаспадаркі, дыпляматы зь Нямеччыны, Галяндыі, Швэцыі, Румыніі, Украіны, Малдовы, Летувы, Польшчы, Расеі й Беларусі. Учора ўдзельнікі канфэрэнцыі размаўлялі пра магчымасьці больш шчыльнай супрацы ў кантэксьце інтэграцыі Беларусі, Малдовы й Украіны. Вялікая ўвага была нададзеная беларускаму пытаньню.

Канфэрэнцыя “Усходняе вымярэньне эўрапейскай палітыкі суседства” адбываецца дзякуючы намаганьням Цэнтру міжнародных адносінаў, які дзейнічае ў Варшаве. Да ўдзелу ў сустрэчы запрошана каля сарака дыпляматаў і спэцыялістаў па пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі з 10 краінаў нашага кантынэнту.

Больш за дзьве гадзіны ўдзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўвалі сытуацыю, шукаючы шляхі больш глыбокай супрацы на ўсходнеэўрапейскай прасторы.

Відас Гэдвілас, летувіскі дэпутат, прадстаўнік Камітэту па сравах Эўразьвязу Сэйму Летувы, прадставіў пункт гледжаньня, што на дадзеным этапе эўраструктуры не дапамагаюць належным чынам маладым дэмакратыям у Эўропе. Ён заклікаў не ізаляваць Беларусі, паколькі беларусы – гэта эўрапейская нацыя са шматвяковай гісторыяй.

В. Гэдвілас: Мы павінны зь імі мець дачыненьні на ўсіх ухроўнях, пачынаючы ад асьветы, культуры, спорту. Яны павінны прыяжджаць да нас, а мы да іх, бо беларусы самі павінны адчуць сваю сытуцыю. Гэта доўгі працэс, але беларусы самі павінны да гэтага дайсьці. Калі б мы адчыніліся для Беларусі, то, прыяжджаючы да нас, яны б зразумелі, як далёка мы зайшлі, а яны адсталі, і што неабходна нешта мяняць. Таму мы мусім максымальна зьнізіць кошт візаў для беларускіх грамадзянаў, але адначасова не забываць, што вярхушка гэтага не заслугоўвае. Іх ня трэба пускаць далей за свае межы, каб яны задумаліся пра свае дзеяньні. Беларускі лідэр павінен сам зрабіць першы крок. Мы не зацікаўлены ў тым, каб нейкім агрэсіўным шляхам скінуць Лукашэнку. Такога не бывае. Усё павінна быць дэмакратычна, трэба размаўляць зь людзьмі.

Дырэктар Дэпартамэнту па справах Усходняй Эўропы й Каўказу МЗС Галяндыі Хэнк Воскамп закрануў пытаньне эўрапейскай дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Ён зазначыў, што Эўропа чакае канкрэтных і бачных крокаў ад беларускага кіраўніцтва.

Х. Воскамп: Я ўчора быў у Беларусі й сустракаўся з рознымі людзьмі - і з чыноўнікамі, і з апазыцыйнымі лідэрамі, з прадстаўнікамі недзяржаўных аб’яднаньняў. Цяпер я маю своеасаблівае бачаньне беларускай сытуацыі. Мы падтрамліваем і будзем далей падтрымліваць няўрадавыя аб’яднаньні. Мы маем праграму трансфармацыі грамадзянскай супольнасьці, шукаем шляхі больш эфэктыўнага ўплыву на Беларусь, каб гэтая краіна хутчэй дэмакратызавалася, і каб людзі мелі як мага больш грамадзянскіх свабодаў. Мы чакаем ад Беларусі павагі закону, правоў чалавека, правоў арганізацыяў, павагі прафсаюзаў. Толькі тады мы зможам палепшыць нашыя адносіны. Мяч на іх баку поля, і мы чакаем, што яны будуць канструктыўнымі ігракамі.

Дыпляматы сышліся на думцы, што ізалюючы Беларусь немагчыма дасягнуць спадзяваных вынікаў дэмакратызацыі грамадзянскага жыцьця. Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Швэцыі Урбан Алін заявіў, што Беларусь можа стаць добрым суседам Эўразьвязу ў выпадку, калі зробіць пераўтварэньні ў краіне.

У. Алін: Калі ў Эўразьвязе прымаюць рашэньне пра санкцыі ці ізаляцыю, то гэта дзейнічае вельмі жорстка. Такія дзеяньні не на карысьць звычайных людзей у гэтых краінах. Мы перакананыя, што як звычайныя людзі, так і ўлады хацелі б мець лепшыя адносіны з намі. І калі я кажу пра супрацу, то я маю на ўвазе як апазыцыю, так і мясцовыя ўлады. Мы можам і хочам дапамагаць лякальным уладам у паляпшэньні інфраструктуры. Мы хочам мадэрнізаваць гэтую краіну, зрабіць эканамічна моцнай. Мы жадаем пераказаць ёй эўрапейскія каштоўнасьці. А ўжо ад саміх беларусаў залежыць, якую ўладу яны абіраюць. Гэта ў нашым інтарэсе - быць прадстаўленымі ў Беларусі, так як і беларусы хочуць часьцей бачыць Эўропу й сустракаць больш эўрапейцаў.

Адзін зь беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі Аляксандар Лагвінец, які зьяўляецца дырэктарам Беларускага Шуманаўскага таварыства, лічыць, што эўрапейскія дыпляматы паказалі сваё жаданьне супрацоўнічаць з Беларусьсю, аднак беларускія ўлады пакуль не зрабілі адпаведных крокаў у гэтым накірунку.

А. Лагвінец: Ёсьць цудоўнае разуменьне таго, што Беларусь уяўляе сабой праблему, што яна сёньня ня можа скарыстаць з эўрапейскай палітыкі суседзтва, і што прычына якраз ляжыць у Беларусі. Шляхі вырашэньня зараз шукаюцца.

Эўрапейская палітыка суседзтва зьяўляецца праграмай новага падыходу Эўразьвязу да суседзкіх краінаў з мэтай стварэньня зоны бясьпекі й дабрабыту. Праграма прадугледжвае больш шчыльнае супрацоўніцтва паміж краінамі ў галіне палітыкі, эканомікі, культуры й бясьпекі. Беларусь разам з Украінай і Малдовай зьяўляюцца краінамі, уключанымі ў сфэру палітыкі добрасуседзтва.

Дзьмітры Гурневіч