• “Тэлескоп” ужо не “назірае”
  • 22.09.2006
18 верасня Міністэрства інфармацыі Беларусі закрыла недзяржаўную рэгіянальную газету “Тэлескоп”, якая выходзіла ў Лідзе. Падставай для ануляваньня пасьведчаньня аб рэгістрацыі газэты назвалі парушэньне пэрыядычнасьці выданьня больш за адзін год, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Газэта мела грамадзка-палітычны характар, пісала таксама пра правядзеньне свабоднага часу. У асноўным асьвятляла падзеі, што адбываліся на Лідчыне й Гарадзеншчыне. "Тэлескоп" паступаў да чытача празь сетку грамадзкіх распаўсюджвальнікаў, а ў Лідзе - празь кіёскі "Белсаюздруку". Як і ў большасьці недзяржаўных газэт, у апошнія гады ў “Тэлескопа” рэгулярна ўзьнікалі праблемы з магчымасьцю друкавацца ў мясцовай друкарні й распаўсюджвацца празь “Белпошту”.

На сёньняшні дзень ужо нішто не зьдзіўляе, што зачыняюць незалежную прэсу палітычнага профілю. Але што зачыняюць газэту, накіраваную на асьветніцкую й рэіянальную дзейнасьць? Навошта?

Галоўнаю праблемай зьяўляецца недахоп сыстэматычных сродкаў на ўтрыманьне газэты,- гаворыць галоўны рэдактар “Тэлескопа” Станіслаў Суднік.

С. Суднік: Трэба задаць пытаньне па-другому: чаму да гэтага часу беларускае грамадзтва ня ў стане ўтрымоўваць нават такія простыя газэты? У прынцыпе, газэту зачынілі таму, што яна амаль год не выходзіла. Калі б у нас былі грошы й пэрспэктывы выходзіць пасьля гадавога перапынку, нас бы не зачынілі. Нам проста трэба было пачаць выходзіць. А мы выпусьцілі толькі адзін нумар, а наступныя зноў няма за што. Сёньня грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі альбо не разумеюць значэньня прэсы, альбо таксама ня маюць сродкаў. Я ж зьвяртаўся і да таго ж Мілінкевіча, і да старшыні БНФ Вячоркі: "Хлопцы, вось ёсьць газэта, якая можа выходзіць. Акажыце дапамогу". Ніхто ніякай дапамогі не аказаў. Самім нам у Лідзе гэтых грошай не знайсьці. Выйсьці на самаакупляемасьць таксама праблематычна. У выніку здарылася так, як здарылася. Калі "Тэлескоп " аказаўся патрэбны толькі лідзкай арганізацыі - гэта акзалася замала. Нейкі іншы падыход павінен быць і ў нашых грамадзкіх аб`яднаньняў, а галоўным чынам - у палітычных партыяў. Бо "Народная Воля " - гэта станоўча замала. Узьнікае праблема грамадзтва, лідэры якога ці то не разумеюць, ці проста няздольныя арганізаваць працу з народам праз сродкі масавай інфармацыі.

Наколькі я памятаю, летась была падобная сытуацыя з гарадзенскай газэтай "Біржа інфармацыі". На сёньняшні дзень яна засталася хіба толькі ў Інтэрнэце. А як вы разважаеце сваё будучае?

С. Суднік: Калі ў мяне зьявяцца сродкі й зьявіцца магчымасьць выпускаць гэтую газэту - я зарэгіструю нанова. У дадзеным выпадку з гэтым няма ніякіх праблемаў. Магчыма, што яе не зарэгіструюць як грамадзка- палітычную, а як для вольнага часу. Я сачу за сытуацыяй і гутарыў у Міністэрстве - асаблівых праблемаў не павінна быць. Існуе іншая праблема: я выдаю газэту "Наша слова" і "Лідзкі летапісец". Трэцюю газету на грамадзкіх асновах я адзін проста не пацягну.

З таго, што я разумею, уся справа ў недахопе фінансавых сродкаў. Наколькі я ведаю, у Лідзе дастаткова буйных прадпрыемстваў. Спонсараў шукаць не спрабавалі?

С. Суднік: Разумееце, буйныя прадпрыемствы, яны ў нас усе дзяржаўныя, альбо паўдзяржаўныя. Ні адно зь іх ня мае права даць сродкі на падтрымку недзяржаўнай газэты. Тое, што мы шукаем спонсараў - гэта не пакрывае выдаткаў, калі адзін нумар выліваецца мінімум у 300 даляраў, не гаворачы пра зарплату для людзей. А памножыць гэтыя грошы на 52 нумары - гэта ўжо вялікія агрошы як на Ліду. Падняць нейкаму лідзкаму прадпрыемству гэта практычна нерэальна. Іншая справа, калі б была зацікаўленасьць з боку больш шырокіх пластоў насельніцтва. А на сёньняшні дзень яе не назіраецца.

Газэта «Тэлескоп» выдавалася са сьнежня 1997 году. У 2004 годзе, па дамове з уладальнікам выданьня, выдаўцом "Тэлескопа" стала Лідзкая гарадзкая арганізацыя "ТБМ імя Ф. Скарыны". Адноўлены "Тэлескоп" быў цалкам беларускамоўным выданьнем.

Караліна Русіновіч