• Warsaw Tour&Travel
  • 23.09.2006
21-23 верасьня ў Варшаве праходзіць XІV Міжнародная турыстычная ярмарка Warsaw Tour&Travel. Куды варта паехаць? Якія таямніцы ўтрымліваюць розныя куткі сьвету? Адказ на гэтыя пытаньні можна знайсьці на 476 стэндах з 52 краінаў.

На турыстычнай ярмарцы прысутная таксама Беларусь. Традыцыйна арганізацыяй нацыянальных выставаў РБ на міжнародных кірмашах займаецца Нацыянальнае агенцтва па турызму Міністэрства спорту й турызму Рэспублікі Беларусь. Сёлетняя ярмарка Warsaw Tour&Travel не зьўяляецца выключэньнем. На ёй прысутнічаюць найбуйнейшыя турфірмы зь Беларусі.

На кірмашы прадстаўлены Менск, Горадня й Берасьце – гарады, якія найбольш зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з польскімі турыстамі – кажа дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызму Юлія Хадзько.

Ю. Хадзько: На гэтай выставе мы зрабілі націск на транспамежны турызм. Найперш, гэта Белавеская пушча, паколькі яна належыць і беларусам, і палякам. Па-другое, гэта Аўгустоўскі канал, праца над якім закончылася сёлета. Мы ўжо можам запрапанаваць даволі-такі цікавыя маршруты польскім турыстам. Мы прапануем экскурсіі на роварах і байдарках. Стараемся для польскіх турыстаў ладзіць разнабаковыя мерапрыемствы. Мы таксама паклалі націск на сумесную беларуска-польскую гісторыю. Таму мы прапануем турыстычныя маршруты па месцах, зьвязаных з Адамам Міцкевічам, Тадэвушам Касьцюшкам ды іншымі асобамі.

Сёлета ў Беларусі створана сетка інфармацыйна-турыстычных цэнтраў. Галоўны аддзел знаходзіцца ў Менску, філіялы - у кожным абласным цэнтры. Але ня толькі там можна атрымаць поўную інфармацыю пра турызм у Беларусі. У гэтым можа дапамагчы наш сайт –www.belarustourism.by. Такія выставы як Warsaw Tour&Travel можна назваць першым крокам у азнаямленьні з турыстычнымі прапановамі Беларусі. У нас ёсьць вялікая колькасьць улётак, інфарматараў. Але, ведаеце, выстава сёньня ёсьць, а заўтра яе няма. Таму ўсе жадаючыя наведаць Беларусь могуць зьвяртацца ў Пасольстава РБ, якое заўсёды дапаможа ў гэтых пытаньнях.


Міхал Казёра з Аддзелу спорту й турызму Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту кажа, што Гарадзенская вобласьць найперш прыцягвае сваім геаграфічным месцазнаходжаньнем. Яна мае дзьве дзяржаўныя мяжы – з Польшчаю й Летувой. Але найперш трэба зьвярнуць увагу на гістарычна-культурніцкую спадчыну Гарадзеншчыны.

М. Казёра: Гістарычна - гэта самая багатая вобласьць Беларусі. Дастаткова сказаць, што 8 з 11 помнікаў знаходзяцца на яе тэрыторыі. Гэта вобласьць, у якой жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў. Гарадзеншчына зьяўляецца адным з найбольш папулярных месцаў у палякаў. Іх цікавіць сама Горадня са сваімі касьцёламі, ну й, безумоўна, Наваградак. Для грамадзянаў Польшчы ў нас распрацаваныя спэцыяльныя шляхі па сьлядах Адама Міцкевіча. З кожным годам горад разбудоўваецца, становіцца больш прываблівым для замежных турыстаў. Будуюцца новыя гатэлі, аквапаркі. Інфармацыйныя матэрыялы выдаюцца на замежных мовах, у прыватнасьці, на польскай і ангельскай. Такія мерапрыемствы як Warsaw Tour&Travel вельмі важныя, каб людзі ведалі, куды ў Беларусі можна паехаць, што паглядзець і ўпэўніцца, што ў нас абсалютна бясьпечна.

Дырэктар Берасцейскага аддзелу Нацыянальнага агенцтва па турызму Беларусі Натальля Міхальчук прадстаўляе Берасьце, паколькі гэты горад знаходзіцца на скрыжаваньні дарог, якія спалучаюць Захад і Ўсход.

Н. Міхальчук: Геаграфія Берасьця прычынілася да разьвіцьця найперш транзытнага турызму, а таксама этнаграфічнага й экалягічнага. У нас вельмі шмат жывапісных месцаў, напрыклад, Белае возера. Ёсьць санаторыі, дзе можна цудоўна адпачыць і паправіць здароўе. Акрамя таго, у нас распрацаваныя турыстычныя маршруты, зьвязаныя з такімі гістарычнымі постацямі як Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Ляшчыньскі, Луцэвіч, Тадэвуш Касьцюшка. Ёсьць архітэктурныя помнікі з 17-18 стагодзьдзяў.

Асноўныя турыстычныя цэнтры - гэта Берасьце, Баранавічы, Пінск, этнаграфічныя цэнтры – Безьдзеш, Моталь. Таму з упэўненасьцю можна сказаць, што замежным турыстам ёсьць на што паглядзець і дзе пабываць.

Мы ўтрымліваем кантакты з турыстычнымі фірмамі ў Польшчы. Адзінаю перашкодаю, якая абмяжоўвае колькасьць турыстаў у Беларусь – гэта мытныя праблемы, зь якімі мы стараемся змагацца. Гэта адзін з асноўных пунктаў, які на дадзены момант перашкаджае большаму патоку турыстаў менавіта ў наш рэгіён.


Міжнародная турыстычная ярмарка завяршаецца 23 верасьня. Яна праходзіць у варшаўскім Палацы культуры й навукі. Ганаровым патронам ярмаркі зьяўляецца міністар эканомікі Польшчы Пётр Возьняк. Беларускі стэнд дапамагло арганізаваць Пасольства РБ у Варшаве.

Алена Пытэль