• Страйк вучняў у Ваўкавыску
  • 25.09.2006
Вучні польскай школы ў Ваўкавыску ўзбунтаваліся супраць зьмены настаўнікаў, якія будуць выкладаць некаторыя прадметы. Настаўнікі з Польшчы, якія раней працавалі зь дзецьмі, не атрымалі ліцэнзіі на працу ў Беларусі й не прыехалі. Па словах Мечыслава Яськевіча, актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, пяць гадоў таму назад падобная сытуацыя была ў польскай школе ў Горадні, калі настаўніца з Польшчы не атрымала дазволу на працу. Бацькі пратэставалі, быў вялікі скандал. А цяпер у гарадзенскай школе няма ўжо аніводнага настаўніка з Польшчы.

Улады аргумэнтуюць адмову прымаць настаўнікаў з Польшчы тым, што беларускія ВНУ рыхтуюць польскіх філёлагаў, таму няма неабходнасьці запрашаць некага з Польшчы.
М.Яськевіч прысутнічаў у апошнюю пятніцу на сустрэчы бацькоў вучняў з уладамі, на якой не ўдалося знайсьці кампраміс, і ў знак пратэсту бацькі выйшлі на вуліцу.

М.Яськевіч: Прадстаўніца ўладаў завярала нас, што трэба ахоўваць свой рынак працы, бо ёсьць у Беларусі выпускнікі польскай філялёгіі. Але ж тут гаворка ідзе пра старэйшыя клясы, пра сярэднюю школу, а не пачатковую. У апошніх клясах настаўнікі павінны ідэальна валодаць польскаю моваю. Настаўніца польскай мовы, якую ня хочуць дапусьціць да працы, мае 20-гадовы стаж працы ў Польшчы. Немагчыма за некалькі гадоў навукі ў ВНУ вывучыць тое ж самае, што чалавек пазнае ад нараджэньня. А дзеці з польскай школы ў сваёй пераважнай большасьці плянуюць паступаць у польскія ВНУ, таму для іх узровень навучньня вельмі важны. І дырэктар польскай школы, і гарадзкія ўлады выступаюць супраць бацькоў. Прадстаўніца аддзелу адукацыі паўтарала толькі, што мы ня можам парушаць закон аб працаўладкаваньні, бо калі ёсьць свае настаўнікі, то нельга запрашаць некага з-за мяжы. Яна прыкрываецца адным правам, але адначасова парушае іншае права - права дзяцей атрымаць адукацыю на адпаведным узроўні. Калі б яшчэ былі прынятыя на месца польскіх настаўнікаў добра падрыхтаваныя новыя спэцыялісты зь Беларусі, тады б вучні можа й пагадзіліся, але замест настаўнікаў з Польшчы будзе працаваць, напрыклад, жанчына, якая раней працавала ў гэтай жа школе бібліятэкарам.
Бацькі на паседжаньні ў пятніцу наўпрост задалі пытаньне - ці гэта палітычная акцыя, ці прычына - матэрыяльныя цяжкасьці, ці, можа, проста нехта не пастараўся своечасова запрасіць настаўніц.

Польская школа ў Ваўкавыску была пабудаваная за сродкі, атрыманыя з Польшчы. Таму як для палякаў у Беларусі, так і для польскага боку вельмі важна, каб навучаньне ў гэтай школе вялося на адпаведным узроўні. Дарэчы, сёлета абсалютная большасьць выпускнікоў паступіла ў ВНУ, а гэта сьведчыць пра высокі ўзровень навучаньня, які ўдалося дасягнуць, між іншым, дзякуючы настаўнікам з Польшчы – адзначае М.Яськевіч.

М Яськевіч: Пры настаўніцах з Польшчы дзеці перамагалі на шматлікіх алімпіядах. Таму бацькі й вучні бунтуюцца, што ў 11 клясе, калі дзеці ўжо ідэальна валодаюць польскай мовай, іх будзе вучыць і польскай мове, і фізыцы, і біялёгіі настаўніца, якая дагэтуль была бібліятэкаркай.

Я думаю, што намер уладаў - давесьці да чарговага расколу ў асяродзьдзі палякаў. Немагчыма дасягнуць добрых вынікаў без супрацоўніцтва дырэкцыі й бацькоў. А цяпер бацькі ды вучні страцілі давер да дырэктара. Вядома, у чым справа - дырэкцыя выконвае загад зьверху.

Дарэчы, як стала вядома, неўзабаве М.Яськевіч ізноў трапіць пад суд. Справа ў тым, што суд вышэйшай інстацыі адмяніў апраўдальны прысуд, вынесены Яськевічу каля месяца таму назад. Нагадаем – Анджэй Пачобут ды Мечыслаў Яськевіч былі абвінавачаныя ў тым, што быццам бы перашкаджалі працаваць апэратару мясцовай тэлевізіі. Пачобута асудзілі, а Яськевіча апраўдалі. Як мяркуюць самі актывісты Саюзу палякаў, цяпер улады намераныя пасадзіць Яськевіча ў турму за тое, што ён актыўна падтрымлівае пратэст вучняў ваўкавыскай школы.

Надоечы з вучнямі сустрэліся дэпутаты польскага Сэнату – вышэйшай палаты парлямэнту – Людвік Залеўскі ды Дарыюш Гурэцкі. Яны паабяцалі, што ўздымуць гэтае пытаньне на бліжэйшым паседжаньні камісіі эміграцыі ды кантактаў з палякамі за мяжой.

Натальля Грышкевіч