• Ежы Гедройць: “культура – палітыка – 20 ст.”
  • Audio0 KB
  • 26.09.2006
Міжнародная навуковая канфэрэнцыя з нагоды сотай гадавіны з дня нараджэньня Ежы Гедройця распачала сваю працу ўчора ў Варшаве. У сустрэчы бяруць удзел навукоўцы зь Польшчы, Летувы, Беларусі, Украіны, Расеі, Ізраіля, Вугоршчыны й Францыі. Удзельнікі канфэрэнцыі спрабуюць падсумаваць творчую спадчыну вялікага эміграцыйнага дзеяча.

Ежы Гедройць: “культура – палітыка – 20 ст.” – менавіта так называецца канфэрэнцыя, якая распачалася ўчора ў Варшаўскім унівэрсытэце. Сустрэча адбываецца па ганаровым патранажам прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага.

Адной з галоўных частак мерапрыемства была тэма палітычнай канцэпцыі Ежы Гедройця Украіна – Літва – Беларусь, зь якой вядомы канцэптуаліст неаднаразова зьвяртаўся да інтэлектуалаў згаданых краінаў.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які, дарэчы, ведаў прыватна Гедройця, лічыць, што канцэпцыя УЛБ зьяўляецца галоўным геапалітычным прыярытэтам Беларусі ў будучыні.

С. Шушкевіч: Гэтая ідэя рэалізуецца. Што датычыць Летувы, то ўсё ясна, паколькі Летува мае вялікі досьвед незалежнасьці перад Другой Сусьветнай вайной. Беларусь была пазбаўленая такой магчымасьці. У свой час у Вярхоўным Савеце мы таксама казалі, што ў Беларусі наўрад ці ёсьць магчымасьць далучэньня ці да Эўразьвязу, ці да расейскага блёку. Беларусь павінна зрабіць мяжу паміж гэтымі сыстэмамі, каб не было тэктанічнага злому. Мы прапаноўвалі нэйтральны статус Беларусі. Але, паводле стандартаў, я б хацеў, каб Беларусь адпавядала нормам NATO й Эўразьвязу.

Прафэсар Шушкевіч таксама зазначыў, што Ежы Гедройць быў першай асобай у пасьляваеннай Эўропе, які гучна заявіў аб тым, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай.

Пра ўклад Гедройця ў гісторыю Ўсходняй Эўропы распавялі таксама прадстаўнікі Ўкраіны ды Летувы. Для кожнай з гэтых краінаў Гедройць зьўляецца сваім героем. Беларусы аднак з асаблівай павагай ставяцца да спадчыны апошняга грамадзяніна ВКЛ, як сам сябе называў Гедройць. Пра добрае разуменьне беларускіх праблемаў сьведчыць і той факт, што нарадзіўся Ежы Гедройць у Менску, дзе й правёў сваё дзяцінства.

В. Голубеў: Зараз, перачытваючы яго артыкулы, у якіх ён узгадваў Беларусь, відаць, што ён ніколі не забываўся, адкуль ён родам. Ён ніколі не забываўся пра Беларусь і адчуваў сябе яе грамадзянінам. Той Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай абодвух народаў.

У 1998 годзе, дзякуючы намаганьням філёзафа Ігара Бабкова, Ежы Гедройць выдаў у Парыжы беларускі нумар часопіса “Культура”. Гэтая падзея стала яшчэ адным з доказаў таго, што беларускае пытаньне не было абыякавым для Гедройця.

Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру праф. Лявон Баршчэўскі ў сваім выступе пералічыў некаторыя з посьпехаў Ежы Гедройця, датычныя Беларусі.

Л. Баршчэўскі: З самага пачатку грамадзкай дзейнасьці Гедройць успрымаў Беларусь як асобны суб’ект. Ён цудоўна ведаў, што Беларусь - гэта ня Польшча, так бы мовіць, у сучасным сэнсе. У адрозьненьне ад шматлікіх іншых польскіх інтэлектуалаў, ён праводзіў выразную мяжу. У беларускім нумары "Культуры" за 1998 год Гедройць зьмясьціў свае рэфлексіі адносна Беларусі, дзе зазначыў, што вольная Беларусь зьяўляецца вялікім інтарэсам для Польшчы.

Вядомы публіцыст і грамадзкі дзеяч Ежы Гедройць нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску. Вучыўся на юрыдычным ды гістарычным факультэтах Варшаўскага ўнівэрсытэту. Заснавальнік Літаратурнага інстытуту ў Рыме. У 1947 годзе, апынуўшыся ў Парыжы, Гедройць распачаў выдаваць часопіс “Культура”, які быў адным з галоўных асяродкаў ўсходнеэўрапейскай інтэлектуальнай думкі ў сьвеце. Памёр Ежы Гедройць у 2000 годзе.

Дзьмітры Гурневіч