• Прынятыя зьмены ў Выбарчы кодэкс
  • 04.10.2006
Ніжэйшая палата парлямэнту Беларусі прыняла 1 кастрычніка зьмены ў выбарчае заканадаўства, прапанаваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй. За зьмены прагаласавалі 103 дэпутаты й толькі 3 выказаліся супраць.

Сярод зьменаў у кодэксе трэба перш за ўсё зьвярнуць увагу на ўзмацненьне адказнасьці за парушэньне выбарчага заканадаўства. Акрамя гэтага, цяпер выбары ў мясцовыя ворганы будуць адбывацца ў адным туры. Папраўкі забараняюць фінансаваньне выбарчай кампаніі з-за мяжы, а таксама максымальна абмяжоўваюць сустрэчы з выбаршчыкамі. Зьмены датычаць таксама магчымасьці назіраць за выбарамі прадстаўнікам грамадзкіх альбо палітычных аб’яднаньняў. Цяпер назіральнікам можа быць толькі чалец арганізацыі, якая яго вылучае.

Старшыня Выбарчай камісіі называе новыя зьмены й дапаўненьні ўпарадкаваньнем заканадаўства, але юрысты маюць іншы пункт гледжаньня. Праваабаронца зь Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што новыя зьмены – гэта легалізацыя тых парушэньняў, якія былі заўважаныя падчас правядзеньня апошняй выбарчай кампаніі ў сакавіку 2006 году.

Г. Паганяйла : Я стаўлюся адмоўна да гэтых зьменаў, бо яны скіраваныя на абмежаваньне правоў як удзельнікаў выбарчага працэсу, так і грамадзянаў, якія бяруць удзел у агітацыйнай кампаніі альбо ў працэсе назіраньня за выбарамі. Адзіны станоўчы момант гэтых зьменаў – гэта тое, што ўлады прызналі незаконнасьць дзеяньняў Цэнтравыбаркаму. Сёньня яны гэтую незаконнасьць легалізавалі. Любыя зьмены ў заканадаўстве павінны адпавядаць прынцыпам дэмакратычнасьці, бо галоўная іх мэта – зрабіць выбарчы працэс як мага больш адкрытым, каб больш людзей брала ў іх удзел. А гэтыя зьмены былі ўнесеныя для таго, каб ускладніць сытуацыю альбо перашкодзіць актыўнасьці грамадзянаў.

На думку палітолягаў, улады адмыслова прымаюць новыя зьмены ў выбарчае заканадаўства, паколькі неўзабаве будуць абвешчаныя выбары ў мясцовыя ворганы. Новыя зьмены – гэта папраўка памылак, якія ўлады дапусьцілі падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Дзьмітры Гурневіч