• Беларусь + Расея = ?
  • 05.10.2006
Учора прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін сустрэўся зь лідэрамі фракцыяў Дзяржаўнай Думы Расеі. Падчас размовы Пуцін заявіў, што ў расейска – беларускіх адносінах склалася крытычная сытуацыя. Паводле словаў віцэ-сьпікера Дзярждумы Сяргея Бабурына, зь меркаваньнем прэзыдэнта пагадзіліся ўсе прысутныя.

Вось ужо другі дзень сродкі масавай інфармацыі Беларусі й Расеі спэкулююць на тэму пагаршэньня адносінаў паміж “саюзнымі дзяржавамі”. Акалічнасьці заявы Пуціна ня высьветленыя, паколькі публічна гэтых словаў ён не казаў, а да грамадзкай увагі паступілі словы Бабурына.

Беларускія палітолагі лічаць, што калі Пуцін і сапраўды так казаў, то ягоныя словы былі хутчэй рэакцыяй на рэзкія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас канфэрэнцыі з удзелам расейскіх журналістаў.

Выконваючы абавязкі старшыні КХП– БНФ Юрась Беленькі лічаць, што словы Пуціна зьяўляюцца чарговым тэатралізаваным дзеяьнем з жанру “газавая вайна”.

Ю. Беленькі: Ёсьць ужо досьвед адпаведных заяваў. Была ўжо “газавая вайна”, а пасьля яе ішла рэальная палітыка, а менавіта - поўная падтрымка рэжыму й прызнаньне сфальсыфікаваных выбарчых кампаніяў. Цалкам верагодна, што гэта робіцца для таго, каб прыкрыць маючае адбыцца павышэньне коштаў на газ.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч называе ўзаемныя абвінавачваньні Пуціна й Лукашэнкі «чарговай гульнёй».

С. Шушкевіч: Пачаў гэтую размову Лукашэнка. Ён сказаў, што калі ня будзе таннай нафты й газу, то тады ён разарве гэтыя адносіны. Я сур'ёзна гэтага не ўспрымаю й думаю, што гэта гульня, таму што Лукашэнку няма куды падзецца. А Пуцін цяпер заяўляе, хто вінаваты, бо адбылося гэта пасьля заявы Лукашэнкі.

Палітоляг і намесьнік галоўнага рэдактара «БелГазеты» Віктар Марціновіч зь недаверам ставіцца да пераказу словаў Пуціна віцэ-сьпікерам расейскага парлямэнту Бабурыным. На яго думку, у адказ на словы Лукашэнкі маглі б быць і больш зьмястоўныя заявы расейскага лідэра.

В. Марціновіч: Пасьля такіх жорсткіх заяваў Лукашэнкі ў адказ мы маглі чакаць словаў самога Пуціна. Аднак, на зьдзіўленьне, гэта агучыў Бабурын. Зараз мы маем дачыненьне з цытатамі з сайту strana.ru, які ў сваю чаргу здабыў іх ад Бабурына, а той спасылаецца на непублічнае выказваньне Пуціна.

Беларускія ўлады пакуль не камэнтуюць заяваў Пуціна, бо, на іх думку, непасрэдных заяваў не было. А прэс-служба расейскага прэзыдэнта не пацьвярджае, што падобныя заявы Пуціным увогуле маглі быць зробленыя.

Дзьмітры Гурневіч