• Павал Красоўскі ў СІЗА
  • Audio0 KB
  • 06.10.2006
Беларускія праваахоўныя ворганы падазраюць жодзінскага маладафронтаўца Паўла Красоўскага ў арганізацыі выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году. Пасьля ўчорашняга допыту ў абласным аддзеле па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў Віцебску Павал Красоўскі быў зьмешчаны ў СІЗА да агучваньня афіцыйнага абвінавачваньня.

Падставай для затрыманьня актывіста “Маладога Фронту” сталася нібыта яго падабенства з фотаробатам галоўнага падазронага ў арганізацыі леташніх выбухаў у Віцебску. Учорашні допыт Красоўскага працягваўся каля васьмі гадзінаў, пасьля чаго Паўлу была зачытаная пастанова, згодна зь якой ён мусіць быць затрыманы як падазроны за “замах на забойства двух і болей асобаў”.

Зьдзіўляе ў справе той факт, што падчас зьдзяйсьненьня выбухаў у Віцебску Павал Красоўскі знаходзіўся ў Варшаве, адпаведныя пячаткі ў ягоным пашпарце пацьвяржаюць гэты факт.

Распавядае адвакат Красоўскага Павал Сапелка.

П. Сапелка: Учорашні допыт у сьледчага адбываўся з 9.00 раніцы да 17.00 гадзіны. Яму было заяўлена, што ён зьяўляецца падазроным у крымінальнай справе. Ён быў затрыманы як падазроны ў замаху на забойства. Але ў той дзень, калі адбыўся выбух, Красоўскі выехаў цягніком у Варшаву, таму ён ня меў фізычнай магчымасьці зьдзейсьніць гэты выбух. З 15 па 25 верасьня ён знаходзіўся ў Польшчы.

Паводле пунктаў 1 і 5 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу, максымальным пакараньнем за падобнае злачынства зьяўляецца пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара. Аднак праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што супраць Красоўскага ня будзе прыменены такі від пакараньня, нават калі суд дакажа яго ўдзел у віцебскіх замахах.

В. Стэфановіч: Сьмяротнае пакараньне на сёньня зьяўляецца выключнай мерай. За апошнія гады колькасьць такіх выпадкаў значна зьменшылася. Красоўскага абвінавачваюць у суўдзеле падрыхтоўкі выбуху, а не як непасрэднага выканаўцу. Нават калі тэарэтычна дапусьціць, што яго віну дакажуць, то я мяркую, што сьмяротнае пакараньне ўсё ж Красоўскаму не пагражае. Але непакоіць той факт, што ўлады пачалі прыпісваюць тэракт прадстаўнікам моладзевых палітычных арганізацыяў.

Нагадаю, што на дадзены момант за кратамі акрамя Красоўскага знаходзіцца лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч, а ў Магілёве на гэтак званай “хіміі” знаходзіцца Артур Фінькевіч. Як кажуць самі маладафронтаўцы, крымінальныя справы супраць чальцоў арганізацыі былі распачатыя ў сувязі з маючым адбыцца неўзабаве Соймам “Маладога Фронту”.

Дзьмітры Гурневіч