• „Апазыцыянэру пагражае сьмяротнае пакараньне”
  • 07.10.2006
Штодзёнка „Dziennik” зьмясьціла артыкул пад назовам „Апазыцыянэру пагражае сьмяротнае пакараньне”. Беларуская пракуратура абвінаваціла дзеяча апазыцыйнай арганізацыі „Малады Фронт” Паўла Красоўскага ў арганізацыі выбухаў у Віцебску ў мінулым годзе. Сытуацыя выглядае драматычна: калі суд прызнае Красоўскага віноўным, то будзе яму пагражаць нават сьмяротнае пакараньне.

Малады апазыцыянэр быў затрыманы ў чацьвер. Міліцыянты адразу даставілі яго ў віцебскую пракуратуру, а пасьля допыту - арыштавалі. Юрыст Красоўскага Павал Сапелка кажа, што абвінавачаньні абсурдныя. У момант, калі прайшлі выбухі, Павал быў у Польшчы. Пра гэта сьведчыць штамп у ягоным пашпарце. Павал Сапелка кажа, што падчас шматгадзіннага допыту міліцыянты задалі Красоўскаму толькі тры пытаньні, зьвязаныя з выбухамі ў мінулым годзе. Значна болей іх цікавіла палітычная дзейнасьць маладога чалавека.

У верасьні 2005 году, а гэта быў час, калі ў Беларусі пачыналася выбарчая кампанія, у цэнтры Віцебску ля рэстарана Эрыдан выбухнула пушка ад піва, у якой знаходзіліся вострыя прадметы. Загінула адна асоба, больш за 40 былі параненыя. Некалькі дзён раней выбухі прагучалі ў іншых месцах гораду. Намесьнік старшыні КДБ Васіль Дземянцей зазначаў, што гэта можа быць вынік разборак паміж злачыннымі моладзевымі групоўкамі. Аляксандар Лукашэнка заклікаў народ да чуйнасьці. Некаторыя не выключалі, што гэта можа быць нагодаю да ўвядзеньня надзвычайнай сытуацыі, а ў выніку гэтага - перанясеньня даты выбараў. Менская пракуратура пачала сьледзтва ў гэтай справе й неўзабаве паведаміла, што злачынцы схопленыя.

Такім чынам, чаму да гэтай справы вярнуліся цяпер? Апазыцыйныя палітыкі ня маюць сумневаў: гаворка пра запужваньне моладзевых апазыцыйных арганізацыяў, якія на вуліцах беларускіх гарадоў ладзяць пратэсты супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Апазыцыя мяркуе, што, хутчэй за ўсё, гаворкі пра сьмяротнае пакараньне ня будзе, але працэс за тэрарыстычную дзейнасьць пасьпяхова запалохае маладых актывістаў. Сьледзтва таксама можа быць зьвязанае з выбарамі ў лякальныя ворганы ўлады. Аляксандар Лукашэнка спрабуе паказаць апазыцыю зь як мага горшага боку. Ён называе іх тэрарыстамі, якія хочуць унесьці разлад у грамадзкае жыцьцё краіны.

Пракуратура й КДБ у Беларусі маюць досьвед у вайне з апанэнтамі Лукашэнкі. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі старшыня беларускіх спэцыяльных службаў паінфармаваў, што апазыцыя намерваецца атруціць ваду ў цэлым Менску. Гэтае абсурднае абвінавачаньне, аднак яно было прычынаю арыштаў апазыцыйных дзеячаў, дадае штодзёнка „Dziennik”.