• Дыскрымінацыя жанчын на рынку працы
  • 07.10.2006
Амаль 70% польскіх жанчын лічаць, што іх дыскрымінуюць на рынку працы. Гэта вынікі дасьледаваньняў, праведзеных Унівэрсытэтам імя Адама Міцкевіча ў Познані.

Жанчыны - часта лепш адукаваныя, чым мужчыны, яны больш ахвотна вучацца цягам цэлага жыцьця, аднак іх сытуацыя на рынку працы выглядае ненайлепш. Яны менш зарабляюць, а ў выніку маюць меншыя пэнсіі.

Горшая сытуацыя жанчын вынікае найперш з традыцыйнага ўспрыняцьця жаночых і мужчынскіх роляў, падкрэсьлівае прафэсар Збышак Мэлёсік:

З. Мэлёсік: Ня можа быць так, што жанчына павінна займацца толькі хатняй гаспадаркай, атаесамлівацца з прыватнай сфэрай жыцьця, а мужчына - з грамадзкім жыцьцём. Гэта таксама вынік выхаваньня. Часта дзяўчынкам гавораць, што яны зьяўляюцца дапаўненьнем мужчынаў, альбо што яны прызначаныя выключна для выхоўваньня дзяцей і клопату аб сям'і.

Частку адказнасьці за дыскрымінацыю жанчын на рынку працы нясуць самыя жанчыны, якія не змагаюцца за свае правы, лічыць Галіна Патоцка з фундацыі "Я - жанчына".

Г. Патоцка: Жанчыны не патрапяць гаварыць пра дыскрымінацыю, яны ня ўмеюць яе правільна назваць. Ім не хапае юрыдычнай адукацыі, знаёмства права. Падсьвядома жанчыны чуюць, што іх дыскрымінуюць. Яны адчуваюць, што ня ўсё ў парадку, але да канца ня ведаюць, да каго зьвярнуцца з гэтай праблемаю, зь кім параіцца, на які закон абаперціся, каб справіцца зь цяжкасьцямі.

Мы вырашылі запытацца ў старшыні Рады арганізацыі „Працоўных жанчын” у Беларусі Ірыны Жыхар, ці дыскрымінацыя жанчын на рынку працы датычыць Беларусі.

І. Жыхар: Праблема дыскрымінацыі жанчын на рынку працы - міжнародная праблема, яна датычыць таксама Беларусі. Нашае заканадаўства дае магчымасьць жанчыне ўзяць адзін выходны дзень для апекі над дзіцём, ён павінен аплочвацца. Наймальнікі, зразумела, гэтым не захопленыя. Таксама складана працаўладкавацца выпускніцам навучальных установаў, бо яны выйдуць замуж, народзяць дзіця - гэта зноў дадатковы галаўны боль. Для наймальніка нявыгадна працаўладкоўваць жанчыну з малымі дзецьмі, бо дзеці часта хварэюць. Дыскрымінаваныя жанчыны пасьля 45-гадовага ўзросту. Яны прыбліжаюцца да пэнсіі, і працадаўца ня хоча інвэставаць у такія асобы.

Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ гэтак званая "шкляная столь". Гэта калі кіраўнік мужчына, а намесьніца жанчына. Мужчыны любяць, калі іх намесьнікі - гэта жанчыны, паколькі яны больш адказныя, справяцца з кожнаю працаю. Гэта відаць па лічбах статыстыкі. З 2003 году ў нашай дзяржаве не вядзецца статыстыка па палавых адзнаках сярод кіраўніцтва. Апошнія два гады мы ня можам сказаць, колькі жанчын і колькі мужчын займаюць кіруючыя пасады. Магчыма, гэта зроблена з мэтаю ўтаіць, наколькі жанчыны ня маюць уплыву ў розных галінах гаспадаркі, але ня толькі.


Ірына Жыхар кажа, што патрыярхат таксама ўплывае на сытуацыю дыскрымінацыі жанчын на рынку працы. Але старшыня Рады „Працоўных жанчын” падкрэсьлівае, што сытуацыя паступова мяняецца. Цяпер гэта жанчына вырашае, чым ёй займацца й як кіраваць сваім жыцьцём.

Алена Пытэль