• "Новае радыё" заціхла на месяц
  • 11.10.2006
Дзейнасьць прафсаюзнага „Новага Радыё” прыпыненая да 6 лістапада. ФМ-хваля 98.4, на якой 2 гады гучала радыёстанцыя заціхла па прычыне страйку, які аб’явілі 19 супрацоўнікаў радыё. Кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі называе праблему чыста тэхнічнай.

Сёньня на інфармацыйным сайце belaruspartisan.org зьявілася інтэрвію старшыні ФПБ Леаніда Козіка, які распавёў прычыны паўсталай канфліктнай сытуацыі.

Паводле словаў Козіка, пасьля праверкі радыё Канторольна-рэвізыйнай камісіяй былі зафіксаваныя парушэньні, зьвязаныя з арганізацыяй рэклямнай дзейнасьці. Козік зьвярнуўся да дырэктара „Новага радыё” Віктара Грышанава з патрабаваньнем патлумачыць сытуацыю, аднак той адмовіўся даваць любыя тлумачэньні. Пасьля гэтага старшыня ФПБ прыняў рашэньне звольніць дэрэктара радыёстанцыі.

Як патлумачыў Козік, ФПБ ня мае прэтэнзіяў да шэраговых працаўнікоў, паколькі, на яго думку, праблема паўстала ў колах кіраўніцтва „Новага радыё”. Аднак цікавым фактам зьяўляецца падпісаньне адкрытага ліста ў абарону Грышанава ажно 19 працаўнікамі радыёстанцыі. Самі журналісты лічаць, што канфлікт паўстаў па прычыне некампэтэнтнасьці й бескультур’я прэс-сакратара ФПБ Ірыны Каганец, якая стварала штучныя канфлікты й дэструктыўным чынам уплывала на працаўнікоў.

У самім „Новым радыё” нам патлумачылі, што прычына нявыхаду ў эфір чыста тэхнічная, і неўзабаве слухачы станцыі зноў пачуюць яе на хвалях 98.4 ФМ.

У ФПБ кажуць, што афіцыйнае тлумачэньне будзе прадстаўлена напрыканцы гэтага тыдня.

Прэс-аташэ: Афіцыйную пазыцыю мы прадставім да канца гэтага тыдня. А вяшчаць радыё пачне прыкладна празь месяц. Праблема мае чыста тэхнічны характар. Зараз мы працуем над тым, каб радыёстанцыя выходзіла па тэрыторыі ўсёй Рэспублікі Беларусь. Рыхтуецца праектна-сьметная дакумэнтацыя. Мы працуем па абсталяваньню й гэтак далей.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што журналісты радыёстанцыі першапачаткова спадзяваліся, што канфлікт вырашыцца пры дапамозе дыялёгу паміж уладамі фэдэрацыі ды самімі журналістамі, аднак іх голас ніхто не захацеў чуць.

A. Бастунец: Да БАЖу яны не зьвярталіся. Больш таго, калі былі такія прапановы з боку журналістаў нашай арганізацыі, то яны сказалі, што некампэтэнтныя, каб абмяркоўваць праблему. Яны, відаць, не зьбіраліся выносіць гэтае пытаньне на шырокае абмеркаваньне. Па той інфармацыі, якую я маю, большасьць журналістаў звольненыя й ідзе набор новых супрацоўнікаў.

Нагадаю, што канфліктная сытуацыя на „Новым радыё” паўстала ў пятніцу, калі адзін зь вядучых праграмы заявіў, што супрацоўнікі радыё распачынаюць страйк у сувязі зь беззаконьнем з боку прафсаюзных уладаў. Між іншым, журналіст папрасіў Аляксандра Лукашэнку разабрацца ў справе і вырашыць праблему.

Дзьмітры Гурневіч