• Новыя абвінавачаньні супраць П. Красоўскага
  • Audio0 KB
  • 11.10.2006
Актывіста “Маладога Фронту” Паўла Красоўскага, які зараз знаходзіцца ў віцебскім сьледчым ізалятры ў сувязі з абвінавачаньнем у леташніх выбухах у Віцебску, падазраюць у зьдзяйсьненьні яшчэ некалькіх злачынстваў. Нагадаю, што Красоўскі знаходзіцца больш за тыдзень у віцебскім СІЗА, і згодна з заканадаўствам, пры адсутнасьці афіцыйнага абвінавачваньня пракуратуры ён меў сёньня выйсьці на волю. Аднак адвакат даведаўся, што Паўла падазраюць у забойстве, спалучаным са згвалтаваньнем.

Сёньня зранку Павал меў чарговы допыт па справе выбухаў у Віцебску зь верасьня 2005 году. Нагадаю, што ў выніку выбуху загінула адна асоба, а каля 40 былі параненыя.

Як паведамляе адвакат Красоўскага Павал Сапелка, падчас допыту высьветлілася, што “маладафронтаўца” падазраюць яшчэ ў двух забойствах, якія мелі месца ў 1999 годзе. Дакладна гаворка йдзе пра артыкул 139 ч.2, пункты 7, 8,16: (“забойства, спалучанае са згвалтаваньнем ці гвалтоўнымі дзеяньнямі сэксуальнага характару з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго зьдзяйсьненьне зладжанае асобай, якая раней зьдзейсьніла забойства”).

Адвакат Паўла называе гэтыя падазрэньні абсурдам і заяўляе, што пракуратура ня мае ніякіх доказаў датычнасьці Красоўскага да гэтых крымінальных эпізодаў.

П. Сапелка: На жаль, пракуратура вырашыла выпрабаваць цярплівасьць і Красоўскага, і маю. Яна прадставіла такое абвінавачаньне, якое нават не патрабуе камэнтару. Яго падазраюць у зьдзяйсьненьні яшчэ некалькіх асабліва цяжкіх злачынстваў. Але я ня бачу нават мінімальных падставаў дзеля гэтых падазрэньняў. Сам Павал таксама цудоўна разумее ўвесь абсурд і трымаецца мужна. Тым больш для таго, каб прыцягнуць асобу да адказнасьці, сьледзтва павінна мець доказы злачынства. А такіх доказаў на сёньняшні момант у іх няма, і быць ня можа. Менавіта таму Красоўскага зараз трымаюць як падазраванага, бо гэта не патрабуе нейкіх акрэсьленых і канкрэтных доказаў віны.

Варта нагадаць, што з папярэдніх падазраваных у выбухах у Віцебску былі зьнятыя абвінавачаньні, аднак пазьней іх прыцягнулі да адказнасьці ў сувязі зь іншымі злачынствамі. Цалкам верагодна, што падобная сытуацыя склалася зараз і з Паўлам. Бо, каб затрымаць яго за кратамі, пракуратуры патрэбная юрыдычная зачэпка ў выглядзе новага абвінавачаньня. Новае падазрэньне дае магчымасьць затрымаць яго ў СІЗА на чарговыя 10 сутак да агучаньня афіцыйнага абвінавачаньня.

Супраць Паўла Красоўскага было ўзбуджана некалькі крымінальных справаў. Аднак з-за недахопу доказаў віны яны былі зачыненыя. Тым ня менш цяперашнія абвінавачаньні выглядаюць найбольш сур'ёзна, паколькі і за суўдзел у арганізацыі выбухаў, і за забойства максымальнай санкцыяй зьяўляецца пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротнае пакараньне.

Дзьмітры Гурневіч