• Закон супраць экстрэмізму
  • 13.10.2006
Надоечы Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла праект закону “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”. Дадзены прававы акт створаны з мэтаю “папярэджваньня й прадухіленьня дзеяньняў экстрэмісцкага характару на раньняй стадыі іх паяўленьня.” За прыняцьцё такога закону лябаваў КДБ, паколькі, на думку намесьніка сташыні КДБ Васіля Дземянцея, у Беларусі ёсьць прадпасылкі да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Праваабаронца Вера Страмкоўская мяркуе, што ў Беларусі неабходна тэрмінова прыняць закон, трактуючы аб пагрозе экстрэмізму. Але, па словах адваката, пакуль праект невядомы шырокай грамадзкасьці, не прайшла дыскусія па яго абмеркаваньні, таму існуе небясьпека парушэньня грамадзянскіх правоў сіламі правапарадку на падставе гэтага юрыдычнага акту.

В.Страмкоўская: Я лічу, што неабходна тэрмінова прымаць такі закон. Тое, што адбываецца ў сьвеце, сьведчыць аб тым, што пагроза экстрэмізму існуе. Трэба нам быць падрыхтаванымі, каб экстрэмізм і тэрарызм не далі ў Беларусі свае праяўленьні. Але праект закону, які абмяркоўваецца ў Нацыянальным сходзе, ня быў прадстаўлены дзеля агульнанацыянальнай дыскусіі. У законе існуе небясьпека перасячэньня той мяжы, за якой заканчваецца абарона правоў чалавеа, а пачынаецца парушэньне. Таму мы зьвярнуліся на адмыслова праведзенай канфэрэнцыі да зацікаўленых ворганаў, каб усё ж такі гэты праект быў надрукаваны ў сродках масавай інфармацыі, каб пазнаёмілася зь ім грамадзтва. Яшчэ мы прапануем пашырыць змаганьне з экстрэмізмам таксама на сям’ю, дзе насільлю часта падвяргаюцца жонкі й дзеці, а нават манітараваць сытуацыю ў дзіцячых садках і школе, бо там менавіта пачынаецца насільле.

Новы дакумэнт дае дэфініцыю паняцьця “экстрэмізм”. Гэта дзеяньне, накіраванае на падрыў нацянальнай бясьпекі дзяржавы, захоп улады, тэрарыстычная дзейнасьць, распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, арганізацыя масавых хваляваньняў, а таксама заклік да такіх дзеяньняў, іх фінансаваньне, у тым ліку прадстаўленьне вучэбнай, паліграфічнай і іншай матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Як бачым, паняцьце “экстрэмізму”, паводле новага законапраекту, даволі шырокае. Таму праваабаронца з Цэнтру “Вясна” Валянцін Стрэфановіч баіцца, што ўлады могуць выкарыстаць закон у якасьці інструмэнту барацьбы з апазыцыяй.

В. Стэфановіч: Пабачым, каго ўлады будуць лічыць экстрэмістамі, а якія арганізацыі – экстрэмісцкімі. Па агульнай эўрапейскай практыцы, гэта арганізацыі, якія прапагуюць гвалт, расавую й нацыянальную варожасьць. Альбо пасягаюць на дзяржаўны лад гвалтоўнымі мэтадамі барацьбы. Калі браць нашую сытуацыю, то ў дакладах КДБ ужо гучалі такія арганізацыі, як Малады Фронт і Зубр, якія ворганы лічаць небясьпечнымі для нашага грамадзтва. Так што ўзьнікае занепакаеньне, што закон можа быць выкарыстаны супраць арганізацый, якія змагаюцца зь існуючай уладай выключна мірнымі шляхамі.

Натальля Грышкевіч