• Мэдыкі ня хочуць назіраць за галадоўнікамі
  • 14.10.2006
9 дзень працягваецца галадоўка вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”. У цэлым па краіне галадае 180 асобаў, зь якіх 41 - у дваццаці гарадох Беларусі. У чацьвер адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту быў гаспіталізаваны, а тым часам мэдыкі адмаўляюцца сачыць за станам здароўя галадоўнікаў.

У сераду пратэстантаў з "Новага жыцьця" наведала група мэдыкаў з 2 менскай паліклінікі. Лекары паабяцалі, што будуць рабіць штодзённыя агляды, аднак ужо на другі дзень, падчас чаргова візыту, паінфармавалі ўдзельнікаў галадоўкі, што няма патрэбы рабіць падобныя агляды. Пратэстанты не прымаюць ежы ўжо 9 дзён. Сярод іх нямала асобаў
сталага веку, але добраахвотна яшчэ ніхто не адмовіўся ад удзелу ў акцыі пратэсту.

Распавядае прэс-сакратар царквы "Новае жыцьцё".

Прэс-сакратар: Агульная колькасьць галадаючых па стане на вечар мінулага дня складае 180 чалавек. Стала ў будынку царквы знаходзяцца 33 асобы, а 116 чалавек часова. Мінулай ноччу ў будынку царквы знаходзілася 87 асобаў. Па зьнешнім выглядзе відаць стомленасьць людзей, асабліва жанчын. Брыгада мэдыкаў да нас прыяжджала толькі двойчы. У чацьвер падчас візыту лекары 32 менскай паліклінікі нам паведамілі, што больш да нас не прыедуць.

Юрыст царквы Сяргей Луканін кажа, што акрамя аднаго выпадку гаспіталізацыі пакуль ня ўзьнікала сур'ёзных інцындэнтаў, зьвязаных з самаадчуваньнем галадоўнікаў. Аднак ён падкэрсьлівае, што самі ўдзельнікі галадоўкі не зьяўляюцца лекарамі й ня могуць рэальна ацаніць узровень небясьпекі для свайго здароўя.

С. Луканін: Дзякуй Богу, што Госпад нас падтрымлівае. Пакуль была адна крытычная сытуацыя: пазаўчора быў гаспіталізаваны адзін з нашых галадоўнікаў. У выніку адмовы ад ежы ў яго актывізавалася хранічнае захворваньне – сындром Жыльбэра. Агульную сытуацыю мы ацэньваем як задавальняючую, аднак мы не спэцыялісты, мы ня лекары. А галадае шмат састарэлых людзей, якія маюць хранічныя хваробы. Мы ня хочам, каб іх вызозілі "хуткай дапамогай". Мы ня хочам рызыкаваць здароўем, а тым больш жыцьцём вернікаў. Пакуль, дзякуй Богу, крытычных сытуацыяў не ўзьнікала, але патэнцыяльная пагроза застаецца.

Учора ў царкву прыбыло некалькі чыноўнікаў зь Менгарвыканкаму разам са здымачнай групай менскага тэлебачаньня СТВ. Аднак размаўляць з галадоўнікамі яны намеру ня мелі, а, паводле іх словаў, яны хацелі толькі паглядзець на сытуацыю. У царкву чыноўнікаў ніхто не пусьціў, бо, як зазначае Сяргей, пратэстантаў цікавяць канкрэтныя размовы з уладамі, якія могуць вырашыць іх праблему.

Сяргей таксама паведаміў пра цікавы факт, які меў месца ўчора ўвечары.

С. Луканін: Прыехаў аўтамабіль з надпісам «Рэанімацыя». З аўтамабіля выйшла пяцёра маладых мужчынаў, аднолькавага росту, моцнага целаскладу, яны былі аднолькава стрыжаныя. Яны хацелі прайсьці ў будынак нібыта дзеля агляду. Але каб правесьці агляд, непатрэбная ніякая рэанімацыя. Па-другое, мы нікога не выклікалі. Было бачна, што іх дзеяньнямі кіруе чыноўнік Менгарвыканкаму. Мы ўпэўненыя на 100%, што гэта былі супрацоўнікі спэцслужбаў, пераапранутыя спэцназаўцы.

Адмова лекараў ад мэдычнага агляду галадаючых пратэстантаў ня можа
не выглядаць дзіўнай. Спачатку яны задэкляравалі штодзённы агляд, а на
другі дзень палічылі, што гэта непатрэбнае. Відаць, менскія мэдыкі забыліся пра свае абавязкі, якія замацаваныя ў клятве Гіпакрата.

Дзьмітры Гурневіч