• Пратэстанты ўсё яшчэ галадаюць
  • Audio0 KB
  • 20.10.2006
Больш за два тыдні ў розных кутках Беларусі адбываецца галадоўка амаль 160 вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”. На гэтым тыдні з пастарам царквы сустракаўся галоўны ідэёляг Адміністрацыі прэзыдэнта РБ Алег Праляскоўскі. Някіх канкрэтных вынікаў размова не прынесла, але пратэстанты спадзяюцца, што ўсё ж іх праблема бліжэйшым часам будзе вырашаная. Праляскоўскі даў зразумець, што чарговы зварот у Вышэйшы гаспадарчы суд дасьць пазытыўны для пратэстантаў вынік.

Пратэстанты больш спадзяюцца на Бога, чым на ўладу, а ўсё ж парада Аляксандра Праляскоўскага пра чарговы зварот у суд была ўспрынятая. Нягледзячы на тое, што беларускія суды адмаўлялі пратэстантам каля 15 разоў у карысным для іх рашэньні, а ўсё ж пратэстантаў не пакідае надзея.

Гаворыць юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін.

С. Луканін: Цягам апошняга году мы больш за 10 разоў падавалі заявы ў самыя розныя суды, а магчыма й 15 разоў, з мэтаю адмяніць незаконнае рашэньне Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні нас зямлі й будынку. Абсалютна ўсе судовыя працэсы завяршаліся ня ў нашу карысьць. Падчас апошняй сустрэчы ў Адміністрацыі прэзыдэнта нашаму пастару параілі напісаць яшчэ адну заяву ў Вышэйшы гаспадарчы суд. Пастар Ганчарэнка прыгадаў, што мы неаднаразова зьвярталіся ў суд, але безвынікова. На гэта помочнік прэзыдэнта адказаў, што гэтым разам суд паставіцца да нашай праблемы па-іншаму. Вось што значыць незалежная судовая сыстэма па-беларуску. Дай Бог, каб гэта сапраўды так было. Мы палітыкай не займаемся. Наш пастар неаднарозава казаў, што прэзыдэнт, як і кожны іншы чалавек, патрабуе выратаваньня. Ён мусіць пазнаць Госпада. І калі так будзе, то гэта станецца найвялікшай перамогай. Гэта будзе сапраўдны цуд, калі наш прэзыдэнт прыме ў сваё сэрца Ісуса Хрыста.

Вернікі “Новага жыцьця” жадаюць таксама абвяржэньня несапраўднай інфармацыі пра іх царкву, якая прагучала на Сталічным тэлебачаньні. Луканін кажа, што калі тэлебачаньне не прадаставіць эфірнага часу для прадстаўнікоў царквы, то яны пададуць на СТБ у суд.

С. Луканін: Учора мы падалі гэтую заяву ў СТБ і папрасілі, каб яны прадставілі нам магчымасьць у тым жа аб’ёме, у якім яны рабілі гэтыя перадачы, выступіць нам. Гэта можа быць запіс, неабавязкова прамы эфір. Мы б хацелі патлумачыць усе тыя пункты, якія былі закранутыя ў іх рэпартажы. Бо літаральна кожнае слова, якое яны сказалі, было хлусьнёю.
Мы папрасілі даць нам адказ да панядзелку 25 кастрычніка. Калі гэтага ня будзе, то мы падамо заяву ў праваахоўныя ворганы з просьбай узбудзіць крымінальную справу па артыкуле 188 Крымінальнага Кодэксу РБ – “зьнявага”.

21 кастрычніка, а 18.0 на плошчы Бангалёр у Менску адбудзецца мітынг у падтрымку царквы “Новае жыцьцё”. Гарадзкія ўлады далі згоду на ўдзел у дэманстрацыі 700 асобам.

Дзьмітры Гурневіч