• Беларусь напярэдадні распаду СССР
  • Audio0 KB
  • 21.10.2006
Палітычныя працэсы напрыканцы ХХ стагодьдзя выклікалі шмат спадзяваньняў ва ўсім сьвеце адносна перамогі дэмакратыі. Распад Савецкага Саюзу выклікаў эмоцыі й эўфарыю значнай часткі насельніцтва ў краінах былога сацлягеру. Аднак наступнае дзесяцігодзьдзе пасьля распаду савецкай імпэрыі паказала, што спадзяваньні пра эру дэмаратыі, свабоду слова, рынкавыя адносіны не рэалізуюцца згодна з чаканьнямі насельніцтва. Аказалася, што будова справядлівага грамадзтва зьяўляецца працэсам значна больш складаным і доўгім, чым здавалася раней. Больш таго, на вялікай частцы постсавецкай прасторы дэмакратыя стала аб’ектам частай крытыкі, а нават непажаданым таварам. Сталася так у выніку беспасьпяховасьці грамадзка-эканамічных пераўтварэньняў. Краіны Каўказу ўвайшлі ў пэрыяд этнічных канфліктаў, азіяцкая частка былога СССР апынулася ў сур’ёзным эканамічным крызысе, а Ўкраіна й Малдова доўгія гады змагаліся з карупцыяй. Расея, усясьветны лідэр па радовішчах усемагчымых выкапняў і сыравіны, вось ужо 15 гадоў ня можа выйсьці з галечы. Найбольшая па тэрыторыі краіна ў сьвеце ня можа да гэтае пары пазбавіцца імпэрскіх амбіцыяў, за што да гэтага часу плаціць вайною ў Чачні. Летува, Латвія й Эстонія, нягледзячы на досыць прыстойныя вынікі эканамічнага пад’ёму, ніяк ня могуць спыніць непаразуменьні па нацыянальных прыкметах. Акрамя гэтага, і так малыя па колькасьці насельніцтва краіны за апошнія гады пакінулі сотні тысячаў грамадзянаў у пошуках лепшай працы. Рэспубліка Беларусь перажыла пэрыяд ад нацыянальнага ўздыму на пачатку 90-х гадоў да вяртаньня ў эру савецкасьці. Цяпер нават гаворыцца пра скатваньне беларускага рэжыму ў бок таталітарных працэдураў і практык часоў сталінізму.

У сярэдзіне 80-ых гадоў Беларусь, як і іншыя краіны Савецкага Саюзу, уступіла ў пэрыяд эканамічных ды грамадзка-палітычных пераўтварэньняў. Пасьля сьмерці ў 1985 годзе генэральнага сакратара ЦК КПСС Канстанціна Чарненкі новым кіраўніком партыі стаў Міхаіл Гарбачоў. Зь першых дзён свайго кіраваньня Гарбачоў пачаў прыймаць меры па мадэрнізацыі і ўдасканальваньні сацыялізму, паколькі рост міжнароднай напружанасьці ў сьвеце ў выніку гонкі ўзбраеньняў ды эканамічнага крызысу ў СССР змушаў да пошуку новага кшталту краіны. У студзені 1987 году, на чарговым пленуме ЦК КПСС, было аб’яўлена пра пачатак палітыкі перабудовы, галоўнымі лёзунгамі якой становяцца патрабаваньні галоснасьці, дэмакратыі й сацыялізму. Неўзабаве ўлада перастала глушыць замежныя радыёстанцыі. Толькі на тэрыторыі Беларусі было 5 заглушальных станцыяў і ўсе яны былі зачыненыя. Пачалі ўзьнікаць нефармальныя арганізацыі й выдавацца нелегальныя самвыдаты. Мэтаю новых пераўтварэньняў было ратаваньне краіны ад глыбокага эканамічнага крызысу, але перабудова прымусіла людзей асэнсаваць васьмідзесяцігадовае існаваньне краіны саветаў.

Варта прыгадаць, якім чынам разьвівалася на той час Беларусь у эканамічным і культурным пляне, каб зразумець, якія з гэтых чыньнікаў былі асноўнымі ў працэсе распаду Савецкага Саюзу.

Былы намесьнік старшыні Дзяржаграпраму БССР Іван Мікітчанка прыгадвае, што на той час Беларусь жыла найлепш з краінаў Савецкага Саюзу. На яго думку, эканамічны чыньнік не паўплываў на распад Савецкага Саюзу.

І. Мікітчанка: Эканоміка тут ні пры чым. У сакавіку 1991 году ў нас быў рэфэрэндум, на якім амаль 95% насельніцтва выказалася за Савецкі Саюз. У параўнаньні зь іншымі рэспублікамі мы жылі нашмат лепш. У нас была вельмі вялікая вытворачасьць прадуктаў харчаваньня. Напрыклад, у год на душу насельніцтва мы прадукавалі 116 кг мяса, а малака - больш за 700 кг. Шмат, праўда, забіралі ў саюзны фонд, але й нам хапала. Беларусь займала першае месца ў СССР па дабрабыце. Пасьля вайны за кошт усесаюзнага фонду тут стваралася вялікая вытворчасьць. Тут былі збудаваныя прамысловыя гіганты: аўтамабільныя, рыдыёалектронныя. Былі вялікія інвэстыцыі ў сельскую гаспадарку. Калі б мы з тым патэнцыялам зрабілі рэформы, то зараз было б інакш. Кіраўнікі таго часу раскралі Беларусь і цяперашнія ім дапамагалі. Кажуць адно, а робіцца другое.

Пачынаючы лібэралізацыю палітычнага рэжыму, кіраўніцтва Савецкага Саюзу не чакала, што галоснасьць бумэрангам трапіць у іх жа ў справе іх папярэдніх злачынстваў.

Перабудова значна спрычынілася да абуджэньня беларускай нацыянальнай культуры, якая ў 80-ыя гады мела адзін зь лепшых момантаў свайго разьвіцьця.

Былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня й радыё, паэт Генадзь Бураўкін параўноўвае час перабудовы з працэсам белурусізацыі пачатку ХХ ст. На яго думку, улады не рабілі перашкодаў у разьвіцьці нацыянальнай культуры па-за ідэалягічнымі аспэктамі.

Г. Бураўкін: Якраз напярэдадні распаду Савецкага Саюзу ў Беларусі было пэўнае абуджэньне, імкненьне да адраджэньня. Тады ня толькі сярод інтэлігэнцыі было памкненьне, каб мова наша заняла належнае месца, але каб і культура ды літаратура разьвіваліся, было жаданьне ўлады ў нечым паспрыяць гэтым матывам разьвіцьця нацыянальнай культуры. Гэта я магу сказаць як былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня й радыё. Не скажу, што гэта ледзь не пад апладысмэнты падтрымлівалася, але супрацьстаяньня не было. Такой агалцелай працы супраць нацыянальнай культуры як зараз тады не было. Якраз у тыя гады выходзілі выдатнейшыя энцыкляпэдычныя выданьні, зьвязаныя з культурай, гісторыяй, літаратурай. На маю думку, улада тады проста не магла супрацьстаяць таму нацыянальнаму абуджэньню, якое тады адбывалася. Як гэта не горка, але той час быў вельмі спрыяльным пэрыядам. Гэта была патрэба беларускай нацыі, а перабудова гэтаму паспрыяла.

Калі эканоміка й культура былі на ўздыме, то чаму адбыўся распад Савецкага Саюзу? Калі эканамічныя й культурныя чыньнікі ня мелі на гэты працэс аніякага ўплыву, то што стала прычынаю развалу адной з найбуйнейшых імпэрыяў у гісторыі чалавецтва?

Філёзаф Валянцін Акудовіч мяркуе, што месца камуністычнай ідэалёгіі заняла глябалізацыя й тыя наступствы, якія яна з сабою прынесла – мадэль новага тэхнакратычнага сьвету.

В. Акудовіч: Тут нельга сказаць, што быў адзін фактар, іх быў цэлы суплёт. У любым выпадку абсалютна ясна, што гэта адбылося невыпадкова, што гэта не чыясьці змова, як дэманізацыя сіл, Захаду, Усходу, ці КДБ. Я ведаю, што так мусіла быць, але ведаю цяпер. Надыходзіў час глябальнага сьвету, час глябалізацыі. Камунізм быў першай ідэалёгіяй, калі, канешне, ня браць рэлігійную, якая мела свайго Бога й да яго зьвярталася. Першая ідэалёгія, якая пажадала авалодаць сьветам і ўжо мела патэнцыял, была камуністычная ідэалёгія, якая з самага пачатку пачала гаварыць пра сусьветную рэвалюцыю. Але час усё радыкальна перамяніў. Ідэалёгіі заступілі тэхналёгіі. Яны высунулі наперад глябальны сьвет, які дазваляе краінам быць завязаным у адзін вузел. І калі гэты вузел пачаў тэхналягічна завязвацца, ён укруціў у сябе камуністычную ідэю, а пасьля скруціў шыйку Савецкаму Саюзу. Той мусіў распасьціся як цэлае, каб упісацца ў гэтую глябальную мадэль
тэхнакратычнага, інакш ужо арганізаванага сьвету.

Аднак ці толькі глябалізацыя стала тым вызначальным чыньнікам, які перакрэсьліў гісторыю СССР? Ці можна казаць пра зьнешнія ды ўнутраныя ўплывы на сытуацыю разбурэньня “камуністычнага раю”? Якую ролю ў паўстаньні незалежных краінаў на прасторы былога Савецкага Саюзу меў дысыдэнцкі рух і народныя фронты. Спробы высьветліць адказ на гэтыя ды іншыя пытаньні ў наступным выпуску перадачы “Блізкая гісторыя” ў нядзелю, 29 кастрычніка.

Дзьмітры Гурневіч