• Хваляваньні ў Будапэшце
  • Audio0 KB
  • 24.10.2006
Не сьціхае палітычны крызыс у Вугоршчыне. Падчас сьвяткаваньня 50-х угодкаў антыкамуністычнага паўстаньня вугорцы чарговы раз запатрабавалі адстаўкі прэм’ера Дзюрчані. Учора ў Будапэшце паліцыя прымяніла гумовыя кулі, паралітычны газ і вадамёты. У выніку раненьні атрымала некалькі дзясяткаў чалавек.

Мерапрыемствы з нагоды 50-годьдзя вугорскага паўстаньня праходзілі ў Будапэшце ў атмасфэры палітычнага канфлікту. Зранку ў сталіцы адбываліся афіцыйныя ўрачыстасьці з удзелам кіраўнікоў краінаў з усяго сьвету, а ўвечары антыўрадавыя маніфэстацыі. Дэманстранты чарговы раз патрабавалі, каб прэм’ер-міністар краіны сышоў у адстаўку. Удзельнікі акцыі пратэсту спрабавалі прыблізіцца да будынку парлямэнту, дзе адбываліся галоўныя ўрачыстасьці. Аднак адтуль іх выцясьніла паліцыя. Пасьля гэтага дэмастранты пачалі арганізоўваць спантанныя пратэсты ў розных частках гораду.

Нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры Імрэ Кэртэш заклікаў удзельнікаў дэманстрацыі да “ўзброенага паўстаньня”. Аднак прэм’ер-міністар Дзюрчані ў звароце да вугорцаў зазначыў, што на вуліцах Будапэшту зьбіраецца “агрэсіўная меньшасьць”.

Былы вугорскі амбасадар у Польшчы, удзельнік падзеяў 1956 году Акаш Энгельмаер лічыць, што сёньня яго землякі падзеленыя, як і 50 гадоў таму.

А. Энгельмаер: Ужо 35-36 дзён і днём, і ноччу адбываецца масавая дэманстрацыя, як у Кіеве. Гэтых людзей увесь час выціскаюць адтуль. Мае сябры з апазыцыі кажуць, што ім робіцца дрэнна, калі яны чуюць як прэм’ер, які зьневажаў народ, які сам прызнаўся, што чатыры гады падманваў людзей, і ён зараз прамаўляў ад імя народа да 56 лідэраў дзяржаваў і ўрадаў.

Аднак былы польскі амбасадар у Будапэшце Мацей Казьміньскі перакананы, што паміж падзеямі 1956 году й сёньняшнім днём ёсьць вялікая розьніца.

М.Казьміньскі: У дадзены момант сытуацыя не да канца ясная. Але яна напэўна радыкальна адрозьніваецца ад сытуацыі ў 1956 годзе. Хаця б таму, што зараз там няма амбасадара Андропава, які пазьней быў генсекам у Маскве, няма ваеннай акупацыі й савецккай прысутнасьці, якая ў 1956 годзе вырашыла пра падзеі вугорскай рэвалюцыі.

Дарэчы, учора дэманстранты вывелі на вуліцы Будапэшту два музэйныя танкі Т-34, якія ў 1956 годзе ўспрымаліся вугорцамі як сымбаль зьнішчэньня іх чаканьняў і свабоды. Учора гэтыя танкі былі накіраваныя ў бок паліцыі.

Вулічныя пратэсты ў сталіцы Вугоршчыны выклікаў аўдыёзапіс словаў прэм'ера Дзюрчані. На стужцы прэм'ер-міністар сказаў, што эканоміка краіны знаходзіцца ў жахлівым стане, і што ўрад цягам некалькіх год нічога не рабіў, каб пераадолець крызыс. Вугоршчына не бачыла падобных дэманстрацыяў з моманту перамогі над камунізмам у 1989 годзе.

Дзьмітры Гурневіч