• „Грамадзкая й культурная інтэграцыя эмігрантаў”
  • 26.10.2006
Нізкі адсотак натуральнага прыросту й даволі высокая эміграцыя - гэта новыя задачы, якія павінна вырашыць Эўропа. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі, якая мела месца ў Інстытуце паліталёгіі Унівэрсытэту імя кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. Галоўная тэма, якая закраналася падчас канфэрэнцыі, гэта "грамадзкая й культурная інтэграцыя эмігрантаў ды новыя задачы эміграцыйнай палітыкі."

Паводле меркаваньняў прафэсара Эвы Фронтчак зь Інстытуту статыстыкі дэмаграфіі пры Галоўнай эканамічнай школе, Эўропа павінна зьмяніць некаторыя элемэнты сацыяльнай палітыкі, у выніку чаго эўрапейцы пачнуць больш ахвотна засноўваць і павялічваць свае
сем`і. Павінна існаваць сыстэма грамадзкіх і дзяржаўных установаў, прыстасаваных да функцыянаваньня сям`і, а таксама свабодны выбар на рынку працы - мяркуе прафэсар Эва Фронтчак.

Э. Фронтчак: Новая эўрарэгуляцыя, называная новым капіталізмам, нясе за сабой вельмі розныя небясьпекі. Асоба павінна змагацца з тым , каб знайсьці сабе месца на рынку працы, а гэта нясе за сабою вялікі стрэс. У сувязі з гэтым трэба стварыць адпаведную сыстэму ўстановаў, якія б займаліся ня толькі нейкаю сацыяльнаю дапамогай, але й дарадчыцкай дзейнасьцю. Дапамагалі б маладым людзям рабіць адпаведныя крокі, зьвязаныя з працаўладкаваньнем у сучасных умовах.

Іншая тэма, якая закраналася падчас дыскусіі, гэта культурная разнароднасьць як элемэнт супольнай эміграцыйнай палітыкі. Прафэсар Януш Баліцкі зь Інстытуту паліталёгіі UKSW зьвяртае ўвагу, што некарысныя дэмаграфічныя тэндэнцыі паяўляюцца менавіта таму, што Эўропа запоўненая эмігрантамі, якія прыяжджаюць з розных кантынэнтаў, і іх культура значна адрозьніваецца ад эўрапейскай культуры. Пра добрую інтэграцыю будзе можна казаць тады, калі людзі пачнуць узаемна шанаваць сябе, свае культуры й рэлігіі.

Я. Баліцкі: Адзін з выкладчыкаў зь Вялікабрытаніі зазначыў, што гэта даволі складанае пытаньне, таму што рэлігія не павінна перашкаджаць, а наадварот - рэлігія зьвяртае ўвагу на абавязак пашаны іншай асобы й яе перакананьняў. Але ў кожнай рэлігіі знойдуцца фундамэнталісты і, у прынцыпе, рэлігійны фундамэнталізм перашкаджае ў інтэграцыі.

Паводле меркваньняў прафэсара Януша Баліцкага, эўрапейская культура перастане быць пад пагрозай менавіта тады, калі надалей будуць цаніцца й шанавацца хрысьціянскія каштоўнасьці, якія зьяўляюцца адметнаю рысай гэтага кантынэнту на працягу 2 тысяч
гадоў. Такім чынам будзе адбывацца ўзаемнае ўзбагачэньне - кажа прафэсар Януш Баліцкі.

Я. Баліцкі: Мне здаецца, што асноўнаю праблемаю інтэграцыі сярод эмігрантаў гэта тое, што сама Эўропа згубіла свае карані. Асобы, якія маюць свае рэлігійныя перакананьні й пачуцьцё сваёй культурнай тоеснасьці ў Эўропе , а таксама ў ісламскім сьвеце, даволі
проста знаходзяць супольны грунт для дыялёгу і ўзаемна шануюцца. Прыклады можна назіраць у Польшчы: цягам стагодзьдзяў тут жывуць татары, якія надалей застаюцца татарамі, маюць сваю рэлігію, але адчуваюць сябе палякамі й працуюць, як кожны паляк, на карысьць польскага гармадзтва.

Падчас канфэрэнцыі прафэсар Эльжбета Гозьдзяк з „Джорджтаўн Юнівэрсіты” ў Вашынгтоне дзялілася амэрыканскім досьведам эміграцыйнае палітыкі, якая абапіраецца ня некалькіх асноўных заданьнях. Адно зь іх - гэта эканамічнае развіцьцё дзяржавы й
пастаянная патрэба ў новай працоўнай сіле. Гэта спрыяе таму, што больш за 10 мільёнаў нелегальных эмігрантаў не зьяўляюцца для Амэрыкі праблемай, а наадварот - вельмі прыдатныя для амэрыканскай эканомікі. У Эўропе эміграцыйная палітыка выглядае крыху інакш. Таму, што кожная краіна мае свае патрэбы, але й свае вымаганьні адносна эмігрантаў.

Трэба дадаць, што арганізатарамі міжнароднай канфэрэнцы "Грамадзкая й культурная інтэграцыя эмігрантаў" былі Інстытут паліталёгіі UKSW і Фундацыя Конрада Адэнаўэра.

Караліна Русіновіч