• А. Борыс – сьведка па крымінальнай справе
  • Audio0 KB
  • 31.10.2006
Свой працяг сёньня знайшла справа затрыманьня на летувіска-беларускай мяжы аўтамабіля, на якім вярталася зь Вільні старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. Як стала вядома, невядомым парашком, які мытнікі знайшлі ў люстэрку аўтамабіля, аказаўся амфэтамін. Узбуджаная крымінальная справа па факце кантрабанды.

У выніку экспэртызы невядомага парашку спэцыялісты ўстанавілі, што невядомай субстанцыяй аказаўся амфэтамін – найбольш распаўсюджаны нелегальны псыхатропны сродак.

Як паведаміў зранку рэдактару палянійнага беларускага выданьня “Magazyn Polski” Анджэю Пачобуту старшыня гарадзенскай рэгіянальнай мытні Юры Сянько, Анжаліка Борыс мае статус сьведкі па крымінальнай справе па факце кантрабанды.

А. Борыс: Сёньня рэдактар выданьня "Magazyn Polski" Анджэй Пачобут патэлефанаваў да начальніка мытні Сянько, які сказаў, што гэта амфэтамін, і што я маю статус сьведкі. Аднак у інтэрвію для Польскай агенцыі друку сам Сянько гэтую інфармацыю ўжо не пацьвярджае. Мне здаецца, што яны да канца няўпэўненыя, што маюць з гэтым усім рабіць, якое прыймаць рашэньне. Гаворыць адно, а праз пару хвілін на званок агенцыі друку пачынае крычаць і не пацьвярджае гэтых зьвестак.

Як паведаміла нашаму радыё менская карэспандэнтка Польскай агенцыі друку Бажэна Кузавіньска, начальнік гарадзенскай мытні падчас яе тэлефанаваньня не пацьвердзіў інфармацыі пра амфэтамін і крымінальную справу. Аднак трэба заўважыць, што за 30 хвілін да гэтага Сянько пацьвердзіў гэту інфармацыю ў размове з Пачобутам.

Ю. Сянько: Ніякай справы Анжалікі Борыс няма. У аўтамабілі быў знойдзены амфэтамін, але ўладальнік аўтамабіля - не Анжаліка Борыс. Была распачатая крымінальная справа па факце кантрабанды наркотыкаў. А Анжаліка Борыс праходзіць як сьведка па гэтай справе. Таму ня трэба называць гэта справай Анжалікі Борыс, бо машына была не яе. Паколькі наркотык быў знойдзены не ў кішэні канкрэтнага чалавека, то справа ўзбуджаецца па факце, а далей сьледзтва высьвятліць, ці меў канкрэтны чалавек дачыненьне да гэтай справы. Як асоба, якая была ў аўтамабілі, яна павінна была падаць адпаведныя зьвесткі мытнаму воргану.

Анджэй Пачобут лічыць, што розныя па сваім характары заявы Сянько можна растлумачыць да канца няяснай інфармацыяй пра далейшае разьвіцьцё справы.

А. Пачобут: Сянько - гэта даволі высокага ўзроўню чыноўнік і ён бы такой дробнай правакацыяй не займаўся. Відавочна, што пакуль няма прынятага рашэньня, што далей з гэтай справай рабіць. Калі затрымліваюць кагосьці падазронага ў кантрабандзе наркотыкаў, то адразу павіны быць праведзеныя вобшукі, а такіх ані ў кіроўцы, а ні ў спадарыні Борыс не было.

Чалец Саюзу палякаў Беларусі з Горадні Інэса Тодрык кажа, што справа з самага пачатку выглядала дзіўнай, доказам на што ёсьць факт неадпаведнага захоўваньня мытнікаў.

І. Тодрык: Быў забраны аўтамабіль. Яны проста забралі ключы й на гэтым кропка. Можа стацца так, што калі мы яго будзем забіраць, то яны зноў там нешта знойдуць, толькі ўжо ў салёне. Гэта татальная параноя. Нас увесь час трымаюць у напрузе. Але людзі не спалохаліся й далей працуюць. Яны хочуць нас прынізіць, зрабіць са спадарыні Борыс наркаманку. Заўважце, у яе ўзялі толькі тэст на мачу, але ж гэта так проста падмяніць. Відаць, таму аналіз крыві ня быў праведзены. З крывёю гэта зрабіць цяжэй, бо кожны мае іншую групу, і трэба было б высьветліць, хто якую мае.

Нагадаю, што ўладальнікам аўтамабіля, на якім вярталася зь Вільні старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, зьяўляецца Анджэй Лісоўскі, актывіст Саюзу. Сьледзтва ў гэтай справе мае высьветліць, ці меў кіроўца й іншыя асобы - пасажыры аўтатранспарту, дачыненьне да факту кантрабанды.

Дзьмітры Гурневіч