• Урад клапоціцца аб якасьці СМІ
  • Audio0 KB
  • 06.11.2006
1,5 мільярдаў рублёў зь дзяржаўнага бюджэту патраціць сёлета Міністэрства інфармацыі Беларусі на павышэньне якасьці афіцыйнае прэсы. Міністэрства ўжо закупіла абсталяваньне для рэдакцыяў дзяржаўных друкаваных СМІ на суму 772 мільёны рублёў, гэта каля 360 тысяч даляраў. Набыта 127 кампутараў, 54 прынтары, 28 сканэраў, ды іншае абсталяваньне.

Вось толькі самае найлепшая сучасная тэхніка не паправіць зьмястоўнай якасьці прэсы, - мяркуе журналіст Мікола Маркевіч.

М.Маркевіч: Нягледзячы на тое, што гэтыя СМІ сталі вельмі каляровымі, зіхацяць усімі колераміі вясёлкі й яшчэ таненькі лоск ды блеск на іх навядуць, аднак жа ня зьменіцца самае галоўнае - сутнасьць гэтых СМІ. А сутнасьць гэтых СМІ чорна-белая, можна сказаць, аднапалярная. Па сваёй сутнасьці гэта ня сродкі масавай інфармацыі, а сродкі масавай прапаганды, у выніку чаго грамадзтва не атрымлівае інфармацыі, толькі прапаганду. Вось на гэтым і палягае інвэстыцыя ў якасьць СМІ.

Паводле галоўнага рэдактара газэты „Нашая Ніва” Андрэя Дынько, тое, што назіраецца ў афіцыйнай прэсе - гэта своеасаблівая хвароба, якую трэба лячыць.

А.Дынько :Большчасьць СМІ мае адну нявылечаную праблему, яна палягае на тым, што рэдактары гэтых СМІ за галоўную задачу абралі сабе маніпуляцыю сьвядомасьцю людзей. Ужо само гэта робіць іх ад пачатку заганнымі. І такім чынам самыя сябе сказваюць на самаабмежаваньне. І незалежна ад таго, якія сродкі яны атрымаюць, застануцца такімі, якімі ёсьць цяпер: баязьлівымі, няпэўнымі сябе, зарыентаванымі не на факт, а на камэнтар.

Андрэй Дынко зьвяртае ўвагу на тое, што альтэрнатывай дзяржаўным СМІ могуць быць сучасныя радыёстанцыі.

А.Дынько: На сёньняшні дзень у Беларусі даволі шмат людзей чакае на разьвіцьцё радыёвяшчаньня. Людзі вельмі чакаюць на вяшчаньне на ФМ і сярэдніх хвалях, якое будзе добра чуваць і лёгка слухаць. Бо ўсё больш людзі адчуваюць інфармацыйны голад.

А тым часам афіцыйныя ворганы плянуюць палепшыць якасьць рэгіянальных дзяржвыданьняў. На гэта плянуецца выдаткаваць яшчэ 778 мільёнаў рублёў.

Караліна Русіновіч