• Кампанія „Расплюшчы вочы”
  • Audio0 KB
  • 09.11.2006
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі абвесьцілі пра пачатак інфармацыйнай кампаніі “Расплюшчы вочы”. Кампанія прымеркаваная да выбараў у мясцовыя саветы, якія апазыцыя мае намер выкарыстаць у рэклямных мэтах, каб данесьці да беларусаў аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне.

Кампанія “Расплюшчы вочы” стартавала гэтымі днямі ў Менску й іншых буйных гарадох. У рамках згаданай ініцыятывы ў грамадзкіх месцах адбываецца распаўсюд налепак, якія інфармуюць пра цяперашні стан краіны. Арганізатары кажуць, што акрамя інфармацыі на сацыяльна-эканамічныя тэмы, распаўсюджваюцца налепкі, на якіх зьмяшчаецца кароткая інфармацыя пра гісторыю Беларусі. Паводле словаў каардынатара праекту Франака Вячоркі, на дадзены момант па ўсёй Беларусі ўжо распаўсюджана больш за 25 тыс. налепак.

Ф. Вячорка: Сэнс і мэта кампаніі - гэта данесьці да людзей аб’ектыўную й незалежную інфармацыю пра сытуацыю ў нашай краіне. Кампанія мае два бакі: данесьці нэгатыўную інфармацыю пра сёньняшнюю нашу палітычную рэчаіснасьць, і пазытыўную: пра гісторыю Беларусі й нашы асаблівасьці. На дадзены момант былі выдадзеныя 32 віды налепак нэгатыўнай кампаніі. Там зьмяшчаюцца палітычныя цытаты, зьвесткі пра Беларусь у розных рэйтынгах, пра падаткі, пра рэйтынг свабоды чалавека. Празь некалькі тыдняў плянуецца выдаць гэтулькі сама відаў налепак станоўчай кампаніі. Там будзе напісана, калі была ўтворана першая беларуская дзяржава, калі была перакладзеная на беларускую мову Біблія, чаму ВКЛ была найбуйнейшай дзяржавай у Эўропе. Задача кампаніі - паказаць кантраст паміж тым, што мы маглі мець і тым, што маем сёньня разам з Лукашэнкам, разам са злачынным рэжымам.

Разам з налепкавай кампаніяй мае распачацца выданьне аналягічных брашураў і буклетаў. Паралельна інфармацыйная кампанія распачнецца і ў Інтэрнэце. Займацца распаўсюдам агітацыйных матэрыялаў будуць валянтэры палітычнай кампаніі “За свабоду”.

Дзьмітры Гурневіч