• Рэаліі беларускіх прадпрымальнікаў
  • Audio0 KB
  • 11.11.2006


Госьцем Радыё Палёня зьяўляецца менскі прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, сябра Рады прадпрымальнікаў рынку Ждановічы.

Спадар Аляксандар! Распавядзіце, калі ласка, пра вашую дзейнасьць. Чым Вы займаецеся на рынку Ждановічы, якія паслугі й тавары прапануеце?

А. Макаеў: Я займаюся розьнічным гандлем сантэхнічнага абсталяваньня з 1994 году. Пасьля мінулагодніх пратэстаў па адмене падатку на дададзеную вартасьць паўстала ініцыятыва ставарыць групу па перамовах з уладай. Зь нядаўняга часу я ўваходжу ў склад перамоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі.

Калі вы ўпершыню адчулі першыя нэгатыўныя зрухі ў вашай дзейнасьці, якія былі вынікам канкрэтных законапраектаў Аляксандра Лукашэнкі?

А. Макаеў: Несвабода распачалася літаральна праз два гады пасьля абраньня Лукашэнкі ў 1996 годзе. Гэта цяпер існуюць саюзы прадпрымальнікаў, тады іх не існавала. У маім разуменьні, вельмі важна, каб існавалі такія суполкі, якія б аб’ядноўвалі б прыватных прадпрымальнікаў, пры тым незалежна ад палітычных поглядаў. Галоўнай павінна быць эканамічная плятформа. Зараз такую функцыю выконвае Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь. Гэтая структура аб'ядноўвае чальцоў розных рынкаў, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. Дзейнасьць гэтага аб'яднаньня накіраваная на абарону прадпрымальнікаў, а таксама на распрацоўку заканадаўства, якое паляпшала б іх дзейнасьць.

Ці прадпрымальнікі разумеюць усю сур'ёзнасьць і складанасьць свайго становішча, і ці ў сувязі з гэтым салідарызуюцца?

А. Макаеў: Падаткавая нагрузка пасьля ўвядзеньня фіксаванага падатку для дробных прадпрымальнікаў вырасла у два разы. І ўсе цудоўна разумеюць, што гэта значыць. Чым больш улада зьмяншае прастору для нашага дзеяньня, тым больш мы салідарызуемся. Час ад часу ўлады дэкляруюць паляпшэньне, але яно так і не адбываецца. Справаў шмат - спрашчэньне рэгістрацыі, аблягчэньне атрыманьня крэдытаў, зьмены ў заканадаўстве, датычныя вытворчасьці. Праблемаў вельмі шмат. Прадпрымальнікі фактычна зраўняліся зь юрыдычнымі асобамі па розных справаздачах. Акрамя таго, штрафы вельмі высокія. Законы ў нас вельмі жорсткія, але ж іх жорсткасьць не кампэнсуецца неабавязковасьцю іх выкананьня. Таму ажно 99% прадпрымальнікаў падыходзяць да адміністратыўнай адказнасьці, а шмат хто й крымінальнай. Эканамічныя свабоды немагчымыя без палітычнай рэформы. Гэта выраз большасьці прадпрымальнікаў і зараз, калі пачынаеш зь імі размаўляць. Яны за абарону эканамічных правоў, бо ў палітыку баяцца йсьці. Аднак у нашай дзяржаве нават крытыка прэзыдэнта ўжо зьяўляецца палітыкай. Дробныя прадпрымальнікі вельмі баяцца нейкім чынам займацца палітыкай. І я іх цудоўна разумею. Але асобным людзям, якія бачаць, што адбываецца ў краіне, гэты страх усё роўна не перашкаджае ўдзельнічаць у палітычным жыцьці.

Ці ўлады нейкім чынам рэагуюць на вашыя прапановы й патрабаваньні?

А. Макаеў: Я бачу рэагаваньне ўлады ў дэклярацыях. І прэм'ер Сідорскі, і сам Лукашэнка казалі, што спрасьцяць прадпрымальнікам умовы вядзеньня бізнэсу. Раней была рыторыка такая, што мы - гэта "вшывые блохи". Зараз відаць пазытыўныя моманты, але на словах. Па сваёй натуры прадпрымальнік будзе выконваць кожны закон, ці дрэнным, ці добрым ён ня быў. Законапаслухмянасьць - гэта сьвятое правіла вядзеньня бізнэсу. Мы падпарадкоўваемся законам, якія не пярэчаць Канстытуцыі. У прадпрымальнікаў зараз вельмі пэсымістычны настрой адносна будучых дзеяньняў улады ў дачыненьні да бізнэсу. Але трэба разумець, што ў малых гарадох, дзе няма ніякай вытворчасьці, менавіта нашы падаткі йдуць на заробкі настаўнікам, лекарам. Улады нібыта й дэманструюць жаданьне да дыялёгу, можа ён ня вельмі афэктыўны, але ён ёсьць.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч

На здымку: прадпрымальнікі Аляксандар Макаеў і Ігар Леднік.